У Віцебскай вобласьці затрымалі 59-гадовага жыхара Шаркаўшчыны, якога падазраюць у пэдафіліі. Устанавілі чатырох пацярпелых, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі ў афіцыйным Тэлеграм-канале.
На мужчыну завялі крымінальную справу за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама малалетняга (ч.3 арт.167 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.
Як распавялі Tut.by мясцовыя жыхары, гаворка ідзе пра затрыманага яшчэ 25 сакавіка дырэктара адной з сельскіх школ у раёне. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дырэктара «ўзялі» за дамаганьні да хлопчыка-пяцікласьніка.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, якую ў 2018 годзе публікавала Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, за апошнія 5 год колькасьць выкрытых злачынстваў, зьвязаных з пэдафіліяй, у Беларусі павялічылася ў 15 разоў.
80% такіх злачынстваў учыняюць не незнаёмцы, а родзічы або знаёмыя дзяцей, паводле статыстыкі МУС. У міліцэйскіх зводках фігуруюць сваякі ахвяраў (бацька, айчым, дзед), а таксама трэнэры, настаўнікі і нават лекары-пэдыятры.
У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць разьдзел «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці або палавой свабоды». І артыкулы 166–170 прадугледжваюць пакараньні за сэксуальныя дзеяньні ў адносінах да малалетніх — да 15 гадоў зьняволеньня. Аднак паводле беларускага заканадаўства крымінальны перасьлед пэдафіла пачынаецца толькі пасьля сэксуальнага гвалту над дзіцем.
У 2018 годзе Міністэрства ўнутраных спраў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі прапаноўвалі ўнесьці папраўкі ў заканадаўства — увесьці крымінальную адказнасьць за ўсталяваньне псыхалягічнага кантакту з падлеткамі з мэтай сэксуальных адносін (грумінг) і за захоўваньне бяз мэты распаўсюду дзіцячай парнаграфіі. Пакуль прапановы не праходзяць.
Пэдафілія — гэта хвароба
Паводле Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў (МКХ-10) пэдафілія — гэта хвароба, «разлад сэксуальнай схільнасьці» (код F65.4). Дыягназ «пэдафілія» ў асноўным ставяць злачынцам падчас сьледзтва, праводзячы складаныя псыхоляга-псыхіятрычныя экспэртызы. Але гэты дыягназ не вызваляе ад пакараньня і ня можа служыць «зьмякчальнай акалічнасьцю» пры вынясеньні прысуду.
Нямецкія навукоўцы праводзілі дасьледаваньні мозгу пэдафілаў. Аказалася, што часткі мозгу, якія актывізуюцца ў нармальнага мужчыны, калі ён бачыць аголеную жанчыну, у пэдафіла актывізуюцца, калі ён бачыць дзіця.
Вылечыць пэдафілію практычна немагчыма. З дапамогай сэансаў псыхатэрапіі можна толькі навучыць чалавека кантраляваць свае сэксуальныя фантазіі і не чыніць гвалту над дзецьмі.