Школы атрымалі распараджэньні з раённых аддзелаў адукацыі наконт працы з вучнямі пасьля трагедыі ў Стоўпцах. Школьным сацыяльным пэдагогам загадалі арганізаваць маніторынг сацыяльных сетак «на прадмет выяўленьня дэструктыўных, суіцыдальных праяў на старонках навучэнцаў».
Копію дакумэнту перадалі чытачы Свабоды.
Апроч маніторынгу сетак «ВКонтакте», «Одноклассники» ды іншых, сацыяльныя пэдагогі мусяць правесьці ва ўстановах адукацыі «дыягностыку на стрэс-устойлівасьць, скласьці банк зьвестак навучэнцаў, якія адносяцца да групы суіцыдальнай рызыкі, маюць патрэбу ў псыхоляга-пэдагагічнай дапамозе».
Распараджэньне — чарговы захад, які робіць сыстэма адукацыі пасьля трагедыі ў Стоўпцах. Раней па школах разаслалі інструкцыю, як сярод вучняў па вонкавым выглядзе выяўляць «экстрэмістаў».
Сацыяльна-пэдагагічным службам загадалі «ствараць пазытыўны імідж» такімі мэтадамі, як «забесьпячэньне дзейнасьці груп у Viber... прызначыўшы адміністратарамі дасьведчаных пэдагогаў-псыхолягаў»; прапаноўваць паслугі онлайн-кансультаваньня для вучняў і бацькоў; прыгожа аформіць кабінэты.