Софі Оксанэн — адна з найбольш вядомых і ўплывовых сучасных фінскіх пісьменьніц. Больш чым на пяцьдзясят моваў сьвету перакладзены яе раман «Ачышчэньне», які распавядае гісторыю дзьвюх жанчын, змушаных сутыкнуцца са сваім цёмным мінулым, дзе былі здрада і супраціў, згвалтаваньні і сэксуальнае рабства. Асноўныя падзеі адбываюцца на фоне савецкай акупацыі Эстоніі. У 2018 годзе швэдзкія бібліятэкары намінавалі пісьменьніцу на прэмію Новай Акадэміі разам з такімі асобамі як ляўрэатка Букераўскай прэміі Вольга Такарчук і Паці Сміт.
Гэтае эсэ — першая публікацыя пісьменьніцы па-беларуску. Яно было агучанае 5 красавіка 2019 г. у Менску на другім фэстывалі «Прадмова», госьцяй якога была аўтарка.
Дзяўчынка едзе ў Савецкі Саюз
Калі мне было шэсьць гадоў, я навучылася пісаць, і адразу ж, як засвоіла гэтае ўменьне, я настаяла на тым, каб весьці дзёньнік. Гэта падавалася вельмі важным зь нейкай невядомай прычыны, і прыкладна ў той самы час я вырашыла зрабіцца пісьменьніцай. Дзеля практыкі я пісала ў дзёньнік штодня. Падавалася, што пісьмо было адзіным спосабам задакумэнтаваць і схапіць час. Быццам — калі занатоўваеш — усё рабілася больш рэальным, крыху больш трывалым.
Аднак я не пісала пра Эстонію, савецкую Эстонію таго часу, нягледзячы на тое, што мая сям’я была фінска-эстонскай. Я не пісала ні пра маіх сваякоў, якія жылі ў Савецкім Саюзе, ні пра нашых сяброў. Тая частка майго жыцьця ніколі не адбівалася ў маіх дзёньніках, незалежна ад таго, наколькі падрабязна я пісала пра нашае штодзённае жыцьцё ў Фінляндыі, дзе я жыла з маці і бацькам. Я не пісала пра нашыя паездкі ў Эстонію, каб пабачыцца з бабуляй. Я не пісала пра цяжкасьці, якія мы мелі зь візамі і афіцыйнымі запрашэньнямі. Я не пісала пра подкуп чыноўнікаў.
Калі мы езьдзілі ў Савецкі Саюз, я тым ня менш заўсёды брала дзёньнік з сабой, і ён быў пры мне ня толькі тады, калі мы выпраўляліся пабачыцца з нашымі роднымі з боку маёй маці ў Эстоніі. Мой фінскі бацька працаваў па ўсім Савецкім Саюзе цягам дзесяцігодзьдзяў, і да яго мы езьдзілі таксама.
У той час падавалася цалкам нармальным не пісаць пра гэта, але я ўсё адно хацела, каб дзёньнік быў са мной і ў Савецкім Саюзе. Цяпер асабліва цікава думаць пра гэта. Мы мусілі цягнуць на сабе ўвесь наш багаж спачатку да чыгуначнага вакзалу, а затым на цягнік і на паром, і з парома, а затым зноў на цягнік без аніякай дапамогі, таму мы імкнуліся браць мінімум асабістых рэчаў. Любая рэч у багажы бралася з пэўнай мэтай: гэта тое, што патрэбна бабулі, гэта ідзе нейкаму чыноўніку, і гэта, і гэта, а вось гэта тое, што нам трэба прадаць на чорным рынку, каб атрымаць рублі − у нас не было абсалютна нічога лішняга, але я брала свой дзёньнік з сабой. Магчыма, гэта было напамінам пра мой фінскі бок − ці, магчыма, я несьвядома рыхтавалася да магчымасьці не вярнуцца ў Фінляндыю.
Я пайшла ў школу ў Фінляндыі, і калі нас прасілі напісаць пра тое, як мы прабавілі лета, я заўсёды прыдумляла кароткую гісторыю, і гэтыя гісторыі, магчыма, ужо былі маімі першымі мастацкімі творамі, але яны ня мелі нічога агульнага з нашымі наведваньнямі савецкай Эстоніі. Калі нам трэба было намаляваць генэалягічнае дрэва ў школе, неяк само сабой разумелася, што я не ўключала ў дрэва сваіх дэпартаваных сваякоў.
Я не рэфлексавала над тым, што, апісваючы савецкае жыцьцё ў дзёньніку, магу нанесьці шкоду нашым сваякам, і я ня думала пра верагоднасьць таго, што гэта магло б ускладніць нашыя паездкі ў Савецкі Саюз або нават зрабіць іх немагчымымі. Я ня думала пра гэта, назіраючы, як савецкія мытнікі адкрываюць наш багаж і праглядаюць нашыя рэчы паштучна, прагортваючы ўсе друкаваныя матэрыялы.
Ніхто не казаў мне не пісаць пра Савецкі Саюз. Не было такой неабходнасьці. Я разумела правілы бяз слоў, таму што, ну, вы заўсёды самі ўсё разумееце. Дзеці даведваліся пра правілы, проста назіраючы за навакольным сьветам.
Сакрэтная мова лістоў
Прамоўленае публічна адбудоўвала ваша разуменьне таго, што лічылася важным. Што мела значэньне. Што цікава аўдыторыі. Пра што варта пісаць. Пра што варта памятаць. Але ў той час успамінамі пра тых, хто пацярпеў ад савецкага тэрору, дзяліліся толькі ў надзейнай кампаніі. Гэта рабілася не пад запіс.
Памяць аднак — гэта частка нашай ідэнтычнасьці. Яна вызначае нас, і савецкая сыстэма прымусіла нас стварыць падвойную ідэнтычнасьць. Для мяне вусная традыцыі была праўдзівай, а пісьмовая, як дзёньнікі або лісты, проста абалонкай. Я сапраўды пакінула большую частку свайго жыцьця па-за ім, нават не разважаючы пра гэта. У рэшце рэшт, людзі прымалі самацэнзуру бязь лішніх пытаньняў.
У аддаленых эстонскіх супольнасьцях у выгнаньні было інакш: бежанцы, якія ўцяклі ад акупацыі на Захад, мелі эстонскія газэты, школы і выдавецтвы. Але ў Фінляндыі не было такіх рэчаў. Краіна была занадта блізка да СССР, і, баючыся экстрадыцыі, эстонскія бежанцы аддавалі перавагу пераезду ў Канаду, Швэцыю, Злучаныя Штаты і Вялікабрытанію. Эстонская культурная ідэнтычнасьць працягвала існаваць у выгнаньні, але не ў маёй роднай краіне. Для Фінляндыі ў гады фінляндызацыі існавала толькі Савецкая Эстонія. Фінляндыя адназначна была паўночнаэўрапейскай дэмакратычнай дзяржавай, але разам з тым цярпела ад надзвычайнага ціску з боку СССР. Савецкі Саюз выкарыстоўваў свой уплыў, каб умешвацца ў справы сваёй слабейшай суседкі, і гэта тое, што мы называем «фінляндызацыяй».
Сяброўства з эстонцамі або іншымі былымі савецкімі грамадзянамі ў Фінляндыі было таксама палкай з двума канцамі. Такіх асоб было няшмат, але крыху было. Яны зразумелі б наш досьвед, але многія з іх былі інфарматарамі. КДБ меў асаблівую цікавасьць для эстонцаў за мяжой.
Ведаючы гэта, мы навучыліся пісаць свае лісты сакрэтнай мовай. Мы таксама распрацавалі сыстэму кантролю за тым, ці даходзілі нашы лісты: штораз, напісаўшы ліст камусьці, хто жыў у Савецкім Саюзе, мы запісвалі дату, калі адправілі ліст. Сустрэўшыся асабіста з адрасатамі ліста, мы параўноўвалі наш сьпіс дат са сьпісам дат, які яны рабілі, атрымліваючы лісты. Так мы разумелі, колькі лістоў зьнікла, і якія з іх, і калі, і як доўга яны ішлі.
Усе лісты ў Савецкі Саюз пісаліся так, што трэба было чытаць паміж радкоў, або мы падкрэсьлівалі сказы, якія прызначаліся для чытаньня з супрацьлеглым значэньнем.
«Архіпэляг ГУЛАГ» як землятрус
Пасьля выхаваньня ў такім духу, калі я ўбачыла слова «лягер» у пісьмовым выглядзе, я быццам землятрус перажыла. Я добра памятаю той момант. А да таго часу я наогул не разумела, што пра савецкія ГУЛАГі магчыма пісаць. І варта пісаць. І неабходна пісаць. І толькі тады я зразумела, што літаратура пра ГУЛАГ ужо існавала. Проста яна не была чымсьці агульнадаступным, але, тым ня менш, яна сапраўды існавала. Былі людзі, якія палічылі гэтыя гісторыі дастаткова важнымі, каб запісаць іх.
І былі людзі, якія насамрэч хацелі прачытаць іх. І многія зь іх за межамі Савецкага Саюзу былі шакаваныя. І назіраць гэтыя рэакцыі, чуць пра іх было гэтак жа важна, як і чытаць гэтыя гісторыі. Для мяне гэтыя лягеры былі звычайнай часткай нашай гісторыі. Яны нас не шакавалі, бо момант каб нас можна было нечым шакаваць, даўно прамінуў, і прыгнёт успрымаўся як норма.
Назіраючы, як людзі за межамі савецкай сыстэмы рэагавалі на гісторыі пра ГУЛАГ, я зразумела, што гэта не павінна было быць нормай. Я пачувалася, быццам ўсё маё жыцьцё глядзела на тэлевізійны экран зь перашкодамі, і раптам выява на экране праясьнілася, і я магла добра ўсё разглядзець. Такі эфэкт зрабіў на мяне «Архіпэляг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына. Ён пісаў пра лягеры без эўфэмізмаў, і гэта зьмяняла ўсё.
Вядома, я чула пра лягеры і, вядома, я размаўляла пра іх раней, але я выкарыстоўвала мову, дзе праўдзівыя значэньні былі схаваныя паміж радкоў. Як толькі я навучылася гаварыць, я засвоіла такія выразы, як «ён пайшоў у лес, ён вярнуўся, ён не вярнуўся, яго забралі ў Сібір, ці проста − яго забралі». Так мы гаварылі пра лягеры і «лясных братоў», удзельнікаў руху супраціву.
Патрэбная новая мова
Я даведалася, што не было ніякага сэнсу ў выкарыстаньні эўфэмізмаў за межамі Эстоніі, паколькі гэтыя выразы для людзей за межамі сыстэмы нічога ня значылі.
Я зразумела, што літаратура − спосаб зрабіць наш досьвед зразумелым для іншых, і калі мы ня зробім гэтага, савецкая прапаганда, якая адмаўляе ўсе злачынствы, учыненыя савецкай сыстэмай, пераважыць, будзе мець апошняе слова.
Але найперш трэба засвоіць мову, якая гаварыць пра ўсё наўпрост.
Я была выхаваная ў сьвеце, дзе публічныя гісторыі не ўключалі ў сябе гісторыі, якія адпавядалі б майму досьведу. Савецкая прапаганда не прапаноўвала гісторый, якія б адпавядалі майму жыцьцю, але ў Фінляндыі таксама было ня лепш. Я глядзела фільмы пра Галакост, чытала кнігі пра генацыд у іншых краінах. Пазьней, навучаньне ў жаночых дасьледаваньнях і пост-каляніяльных дасьледаваньнях прапанавала мне бясконцыя рэсурсы пра прыгнёт, але яны ніколі не ўключалі Усходні каляніялізм і тое, што ён зрабіў з маім народам.
Пра першы раман
Толькі калі я пачала працаваць над маім першым раманам «Каровы Сталіна», я пачала пісаць пра нядаўняе мінулае так, як гэта было, і не прапаноўваць чытаць паміж радкамі. Тады мне было дваццаць чатыры, і я вучылася ў тэатральнай акадэміі ў Хэльсынкі. Мая прафэсарка, Пірка Сайсія, была адна з нешматлікіх у Фінляндыі, хто адкрыта крытыкаваў леварадыкальны рух, так званы «taistolaisuus», які быў вельмі ўплывовы на культурнай сцэне. Падчас росквіту гэтага руху для любога актора або рэжысэра было вельмі цяжка не ўцягнуцца ў любоўны раман з Савецкім Саюзам. Калі распаўся Савецкі Саюз, мала хто зь іх крытыкаваў рух адкрыта, але яна рабіла гэта, і, магчыма, менавіта і з гэтай прычыны яна была вельмі добрай выкладчыцай для мяне.
Менавіта яна сказала мне, што мне варта напісаць пра савецкую Эстонію. Яна сказала, што гэтыя гісторыі былі важныя, што яны маюць значэньне. І калі я пачала працаваць над гэтым матэрыялам, я зьдзівілася. Было лягчэй, чым я сабе ўяўляла. Нават не заўважаючы гэтага, я ўзяла ўдзел у праекце па дэкалянізацыі − я навучылася выкарыстоўваць дакладныя выразы пра савецкую рэчаіснасьць, я пазбавілася эўфэмізмаў.
Вучыцца працаваць з крыніцамі
У пачатку 2000-х гадоў час быў прыдатны. Раней я даведвалася пра гісторыю Эстоніі, слухаючы, а не чытаючы, як я вучыла гісторыю Фінляндыі ў школе, аднак цяпер я пагрузілася ў навукова-дасьледчую працу на доўгія гады. Ужо было даволі інфармацыі ў архівах і крыніц, да якіх я магла зьвярнуцца. Заходняя культура і дасьледаваньні, заснаваныя на прынцыпе, што факты заўсёды мусяць быць падмацаваныя крыніцамі і вуснае сьведчаньне ніколі не настолькі надзейнае, як пісьмовыя доказы.
Тыя, хто быў сьведкам камуністычных злачынстваў, ведаюць, што гэта не заўсёды магчыма, але для заходняй культуры вуснай традыцыі ніколі не дастаткова. Альбанская паэтка Албана Шала сказала, што «для таго, хто жыў за дыктатурай, патрэбны час, каб навучыцца шукаць інфармацыю». Ва ўмовах дыктатуры рабіць гэта небясьпечна.
Атрыманьне ўсёй гэтай інфармацыі дало неверагодную свабоду: неба не звалілася на мяне. Замест гэтага я зразумела сыстэму лепш чым ніколі, але яшчэ больш важным быў той факт, што новае дасьледаваньне, у адрозьненьне ад таго, што ў СССР называлася дасьледаваньнем, было чымсьці, у чым вы ўрэшце маглі быць пэўныя. Бо ў савецкай сыстэме гістарычнае дасьледаваньне папросту было хлусьнёй.
Нечаканая знаходка і сямейная трагедыя
У Эстоніі публікацыя сьпісаў дэпартаваных у выглядзе кнігі пачалася яшчэ ў 1990-х гадах, і ў 2008 годзе быў заснаваны Эстонскі інстытут гістарычнай памяці для расьсьледаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў пэрыяд акупацыі.
У сьпісах дэпартаваных я таксама знайшла імя дзядулевага брата, якога я ніколі ня бачыла. Я ведала пра яго, але заўсёды думала, што дзед проста ня ладзіў зь ім зь нейкіх невядомых асабістых прычын, і менавіта таму мы ніколі не сустракаліся зь ім. Але гэта было ня так. Яго імя было ў сьпісе. Ён быў дэпартаваны і вярнуўся ў Эстонію, але ніколі больш ня ўбачыўся з маім дзедам, ня кажучы ўжо пра астатніх членаў сям’і. Вось вам прыклад, наколькі складанай можа быць нават адкрытасьць у сям’і. Я заўсёды думала, што ў нашай сям’і мы даволі свабодна гаварылі пра акупацыю і яе наступствы, але, вядома, толькі «паміж чатырма вачыма», як мы кажам, у Эстоніі. Я ведала, што мой дзед быў лясным братам, удзельнікам руху супраціву, і я ведала, што ягонага брата дэпартавалі. Я ведала пра бабуліных братоў, якія загінулі як лясныя браты, а адзін зь іх звар’яцеў, калі стаў сьведкам таго, як ягоны сябар утапіўся ў балоце, уцякаючы ад энкавэдыстаў. Таму я думала, што я ўсё ведаю.
Але хутчэй за ўсё я ніколі не даведаюся, чаму менавіта гэтага дэпартаванага брата сям’я адрынула. Магчыма, думалі, што ўжо маюць дастаткова «ворагаў народу» ў сям’і − жыцьцё было няпростым для тых, хто выжыў і здолеў вярнуцца зь лягераў. На іх ляжала стыгма.
Памяць – публічная справа
Калі мой першы раман «Сталінскія каровы» выйшаў у 2003 годзе, я сустракала людзей, нават журналістаў, якія пыталіся, ці не «антысавецкі» быў той раман. Праз гады пасьля падзеньня «жалезнай заслоны» тое слова ўсё яшчэ было ва ўжытку. Тым ня менш, ушанаваньне памяці тых, хто пацярпеў ад рук савецкага рэжыму, ужо не было чымсьці, што вам трэба было практыкаваць прыватным парадкам. Гэта зрабілася публічнай справай.
Летась Эстонія адсьвяткавала стагодзьдзе незалежнасьці. Адной з найважнейшых падзеяў году стала адкрыцьцё мэмарыялу ахвяраў камунізму, першага такога маштабу ў краіне. Гэтае месца ў Таліне вельмі ўражвае, яно складаецца з дзьвюх частак: адна называецца Падарожжа, гэта калідор памяці з імёнамі загінулых на сьценах. Той калідор уяўляе сабой сымбаль варожасьці таталітарнага рэжыму да людзей.
Другая частка − Свой сад, парк зь яблынямі і пчоламі. Ён перадае бясьпеку свайго саду. Людзей гвалтам забіралі з дому, і яны былі вымушаныя прайсьці шляхам пакут па калідоры. Толькі некаторыя зь іх змаглі выжыць і вярнуцца да Свайго саду.
Эстонія страціла кожнага пятага чалавека праз тэрор Савецкага Саюзу. Большасьць зь іх сьпіць у безыменных магілах. Гэты мэмарыял зьяўляецца месцам вечнай памяці пра іх. Мой сябар, эстонскі пісьменьнік Ільмар Таска, які нарадзіўся ў сям’і дэпартаваных у Сібір, прысутнічаў на адкрыцьці, і ён сказаў, што гэта значыць для яго: упершыню ён займеў месца, куды ён мог пайсьці, каб аддаць даніну памяці сваім дзядулям, якія загінулі падчас акупацыі, і чые целы ніколі не былі знойдзеныя. І ўпершыню ён займеў месца, куды можа прывесьці сыноў, каб яны памяталі прадзедаў, і расказаць ім гісторыю сваёй сям’і, паказаць ім прозьвішчы родных на сьцяне.
Зусім нядаўна, 26 сакавіка, людзі ўсклалі кветкі на гэтым месцы і запалілі сьвечкі пры Мэмарыяле, і ўвесь горад быў упрыгожаны агеньчыкамі. У гэты дзень эстонцы ўспамінаюць Сакавіцкую дэпартацыю, якая здарылася семдзесят гадоў таму. Гэтая другая масавая дэпартацыя была апэрацыяй Сталіна, скіраванай на тое, каб пакласьці канец руху супраціву ў Эстоніі. Большасьць дэпартаваных складалі жанчыны і дзеці. Бязь іх дапамогі рух супраціву, асяродак якога быў у лясах, ня мог быць вельмі актыўным.
Таксама гэта быў спосаб завяршыць калектывізацыю, якой у Эстоніі моцна супраціўляліся.
Дэпартацыі − найважнейшая гісторыя нацыянальнай ідэнтычнасьці ў Эстоніі, і яе значэньне роўнае Галадамору ва Ўкраіне, Галакосту габрэйскага народу і Зімовай вайне ў Фінляндыі.
Літаратура − таксама месца памяці. Месца, каб аддаваць даніну памяці. І гэта месца, якое праходзіць з аднаго дзесяцігодзьдзя ў другое, ад аднаго пакаленьня да другога, з адной краіны ў другую. Гэта машына часу, якая злучае мінулае і будучыню.
Пазбаўленне ад савецкага наратыву
Пасьля аднаўленьня незалежнасьці пачаўся працэс дэкалянізацыі, што таксама азначала канец калянізацыі праз мову. Новая мова ўводзілася ў Эстоніі, мова незалежнай краіны, і пэўныя выразы, якія былі забароненыя на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў вярнуліся да ўжытку.
Той факт, што гэтыя вусныя ўспаміны атрымалі пісьмовую форму, быў гэтак жа важны, як пісьмовая форма нацыянальнага эпасу «Калевіпоэг». Успаміны пра дэпартацыю і біяграфіі дэпартаваных склалі асобны жанр. Мова стварае рэчаіснасьць, яна стварае ідэнтычнасьць, і бяз мовы, зь якой мы можам ідэнтыфікаваць сябе, мы ня можам ствараць рэчаіснасьць, зь якой мы можам ідэнтыфікаваць сябе.
Для Эстоніі гэта было ясна. Пазбаўленьне ад савецкага наратыву было ня вельмі цяжкай задачай, таму што кожны эстонец здольны распазнаваць савецкую мову, выразы, якія маркіруюць гэтую канкрэтную рэчаіснасьць. Палітыкаў, якія паслугоўваюцца савецкай рыторыкай, можна было лёгка распазнаць. І яны не былі надта папулярныя.
Але для Фінляндыі гэта было інакш, і я цяпер кажу пра Фінляндыю ў посткамуністычным кантэксьце. У дадатак да зьнешняй палітыкі практыка фінляндызацыі таксама ўплывала на нацыянальную абарону, эканоміку, адукацыю, мэдыі, выдавецкую дзейнасьць і нават на тое, якія замежныя мастакі наведвалі Фінляндыю або якія фільмы мы маглі глядзець.
«Рэжым найбольшага спрыяньня ў гандлі» паміж Фінляндыяй і СССР быў адметны, фіны мелі буйнамаштабны гандлёвы абмен і шматлікія будаўнічыя праекты па ўсім Савецкім Саюзе. Гэта была палітыка бізуна і перніка. Калі мы крочылі нага ў нагу, мы атрымлівалі эканамічную ўзнагароду.
Мірнае пагадненьне, якім скончылася Вайна-працяг (так у фінскай гістарыяграфіі называецца савецка-фінская вайна 1941-1944 гадоў), дало пачатак камуністычнаму панаваньню ў Фінляндыі. У мастацтве камуністычныя оды гучалі гучна і празрыста. Сумленнае дасьледаваньне катастрафічнай эканомікі Савецкага Саюзу і яго грамадзтва надзвычай не рэкамэндавалася, калі вы цанілі сваю кар’еру. Тыя, хто, нягледзячы ні на што хацеў гэтым займацца, пераехалі за мяжу.
Фінскія падручнікі
Ва ўсіх маіх фінскіх падручніках гаварылася, што Эстонія добраахвотна далучылася да Савецкай «сям’і». Вядома, гэта было ня так, але фінскія школы былі змушаныя датрымлівацца прынцыпаў савецкай гістарыяграфіі. Варункамі, празь якія гэта адбылося, было пагадненьне, якое Фінляндыя падпісала ў 1948 годзе, пад назвай «Пагадненьне аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе», якое дазволіла Савецкаму Саюзу жорстка прыціснуць Фінляндыю. Фінская нацыянальная адукацыйная рада, празь якую праходзілі нашы падручнікі, шчыльна датрымлівалася патрабаваньняў пагадненьня, і савецкія ўлады былі толькі радыя прапанаваць дадатковыя ўказаньні, датычныя ня толькі ўласна Савецкага Саюзу, а камунізму наогул. Напрыклад, Кітай і яго палітыка былі прадстаўленыя ў вельмі станоўчым сьвятле.
Усё гэта ўплывала і на эпітэты, якія выкарыстоўваліся ў падручніках геаграфіі. Мы ня бачылі ніякіх адмоўных эпітэтаў у дачыненьні да СССР, і нават нэўтральных. Усе адмоўныя прыметнікі былі зарэзэрваваныя для Злучаных Штатаў. Тады як мы чыталі пра сацыяльныя праблемы ў Штатах, пра якія расказвалася падрабязна, ані аблачынкі не набягала на вобраз Савецкага Саюзу, усё было маштабна, грандыёзна і велічна.
Тым ня менш, былі адхіленьні ад камуністычнай партыйнай лініі: пакт Молатава-Рыбэнтропа 1939 году паміж Гітлерам і Сталіным і існаваньне дадатковага сакрэтнага пратаколу не былі выкрасьленыя з нашых кніг па гісторыі, хоць Савецкі Саюз патрабаваў гэтага. І мы моцна трымаліся нашых асноўных нацыянальных гісторый, такіх як гераізм фінскіх войскаў, якія змагаліся супраць Савецкага Саюзу падчас Зімовай вайны 1939-40 гадоў. Вядома, напад Саветаў на Фінляндыю заўсёды апісваўся ў залежным стане, каб не сьцьвярджаць наўпрост, хто вінаваты. Савецкая прапаганда сьцьвярджала, што гэта Фінляндыя пачала вайну − такую вэрсію мы ніяк не маглі прыняць. Нашы вэтэраны вайны, мой фінскі дзед сярод іх, ведалі праўду.
Страчаная Карэлія ў літаратуры
Аўтары, якія былі ўцекачамі з Карэліі, часткі Фінляндыі, якую нас змусілі аддаць Савецкаму Саюзу, пісалі кнігі. Іх дзеці пісалі іх, і цяпер новае пакаленьне зноў піша на тую самую тэму.
Гэта вечная тэма ў нашым наратыве. Мастацкая літаратура забясьпечыла прастору для абмеркаваньня гэтых тэм, якія былі занадта складаныя для іншай грамадзкай дыскусіі. Мы страцілі Карэлію, але яна ня зьнікла, таму што працягвала жыць у літаратуры.
Карэлія заўсёды была значнай вобласьцю ў мастацтве Фінляндыі яшчэ тады, як нараджаўся нацыянальны эпас Фінляндыі «Калевала». Карэльскія тэмы ўжо даўно добра вядомыя ў музыцы, а таксама візуальным мастацтве і мастацтве слова. Літаратура карэльскіх эвакуаваных была дададзеная да гэтай традыцыі. Паўмільёна фінскіх грамадзянаў уцяклі з Карэліі ў Фінляндыю. Асабліва пісьменьніцы з досьведам эвакуацыі будавалі моцную літаратурную Карэлію ў літаратуры Фінляндыі.
Колы ўплывовых крытыкаў не ўхвалялі такіх тэмаў у найгоршыя гады фінляндызацыі, паколькі трымаліся вельмі левых поглядаў, але чытачы любілі іх. Кнігі такіх аўтараў, як Лайла Хірвісаары, якая пісала гістарычныя раманы пра эвакуацыю, прадаліся больш як у чатырох мільёнах асобнікаў у Фінляндыі. Усё наша насельніцтва крыху больш за пяць мільёнаў, што дае ўяўленьне пра іх папулярнасьць.
Літаратура − люстэрка для досьведу
Калі вонкавая рэчаіснасьць і афіцыйная нацыянальная пазыцыя не адпавядаюць ўласнаму досьведу або пачуцьцю справядлівасьці чалавека, вынік заўсёды − няўпэўненасьць, недавер да сапраўднасьці ўласнага досьведу рэчаіснасьці і справядлівасьці. Гэта аслабляе пачуцьцё ўласнай годнасьці, аслабляе асобу, аслабляе грамадзтва. Чалавек мае патрэбу ў люстэрку для свайго досьведу, і для гэтага вам патрэбная нацыянальная літаратура, якую вы можаце чытаць на роднай мове.
«Архіпэляг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына ня быў апублікаваны цалкам у Фінляндыі. Выдавец, які публікаваў яго раманы да таго, атрымаў папярэджаньне — не выпускаць пэўную дакумэнтальную працу. Яе разглядалі як пагрозу для нашых адносінаў з Саюзам, але гэта было таксама і эканамічным пытаньнем. Фінскія выдаўцы мелі друкарні, і яны спадзяваліся атрымаць камісіі ад друку ў Савецкім Саюзе, вядомага сваімі вялікімі накладамі, таму пагадзіліся.
Але перакладчыца Салжаніцына Эса Адрыян пераклала кніжку, прывезла пераклад у Швэцыю, і швэдзкае выдавецтва апублікавала пераклад у Швэцыі.
Варта таксама адзначыць, што і іншыя замежныя кнігі пра савецкі тэрор былі праігнараваныя фінскім друкам. Можна было пісаць на фінскай мове пра страчаную Карэлію, але ня кнігі, якія маглі б даць вам усю карціну. Між тым, мы толькі што атрымалі першую кнігу пра Галадамор ва Ўкраіне, генацыд, які Савецкі Саюз так моцна спрабаваў схаваць і адмаўляў.
Кніг пра ГУЛАГ вельмі мала з улікам таго, што многія фіны пакутавалі там таксама і таму, што гэта частка нашай гісторыі.
Нашэньне гэткай аброці, як фінляндызацыя, дзесяцігодзьдзе за дзесяцігодзьдзем уплывае на мову і мысьленьне людзей. Мы да гэтага часу не ведаем, якія рашэньні, прынятыя на працягу гэтага пэрыяду, былі заснаваныя на рэальных пагрозах або самацэнзуры і памылках.Некаторыя апісваюць гэта як мэнтальную або псыхалягічную акупацыю, ці проста прамываньне мазгоў.
Гісторыі з чалавечымі абліччамі
Пасьля распаду Савецкага Саюзу Фінляндыя не стварыла новай мовы і тэрміналёгіі для таго, каб гаварыць пра Расею ў публічнай прасторы, у адрозьненьне ад Эстоніі. Людзі не настолькі абазнаныя, якім чынам мова і фармулёўкі стваралі савецкую рэчаіснасьць і якім чынам мова таксама стварыла фінляндызацыю і ўзгадавала яе.
Але незалежнасьць азначае больш, чым мець свой уласны сьцяг. Гэта, безумоўна, уключае ў сябе таксама захаваньне маральных каштоўнасьцяў і свабоды слова, і гэта былі менавіта тыя рэчы, якія пацярпелі ад фінляндызацыі. Нягледзячы на гэта − ці праз гэта − раманы пра нашую гісторыю ў сувязі з Расеяй нават сёньня надзвычай папулярныя сярод чытачоў. Раманы, тэматычна зьвязаныя з Расеяй, карыстаюцца такім шалёным попытам, што я ня бачу канца гэтай традыцыі.
У Фінляндыі і Эстоніі мы змагаліся за сваё права пісаць нашу гісторыю. Мы змагаліся за нашу мову. Мы змагаліся за нашу ідэнтычнасьць. Нічога з гэтага нам не давалі. Нам давялося заняць гэтую прастору, і нам давялося знайсьці свой спосаб кіраваць нашым наратывам. У абедзьвюх краінах літаратура прапануе месца, каб рабіць гэта.
Існуе нешта, чаго сухія лічбы, даты і статыстыка ня маюць: яны ня маюць чалавечага аблічча.
Няма лепшага спосабу, каб зразумець адно аднога, краіну, чым гісторыя з галоўным героем. Існуе разрыў паміж краінамі Ўсходняй і Заходняй Эўропы, і ён ня толькі эканамічны ці палітычны. Існуе разрыў у разуменьні. Гэты разрыў літаратура можа запоўніць. Гісторыямі з чалавечымі абліччамі.
Цягам гадоў я сустракала чытачоў ва ўсім сьвеце, якія нічога ня ведалі пра Эстонію, але калі прачыталі мой твор, пачалі распавядаць свае ўласныя гісторыі. Гэта вельмі часта здараецца ў краінах са складаным нядаўнім мінулым. Іспанія, Партугалія, усе краіны Лацінскай Амэрыкі і Мэксыкі, да прыкладу, ці Польшча − яны ведаюць шмат пра прыгнёт, і ўсе яны маюць сямейныя гісторыі, блізкія да маёй. Сустрэча з такімі чытачамі − унікальны досьвед, вельмі кранальны, і ён аб’ядноўвае. Мы былі не самотныя ў нашых пакутах. І мы не самотныя ў паўставаньні з іх.
Пераклад з ангельскай Алены Казловай