Гісторык, дасьледнік масавых расстрэлаў у Курапатах Ігар Кузьняцоў перакананы: зрабіўшы замах на народны мэмарыял, дзяржава робіць вялізную памылку.
«Адной з умоваў, якую мы ставілі і дамагліся, была такая: дзяржаўная мэмарыялізацыя магчымая толькі пры ўмове захаваньня ўсяго, што створана як народны мэмарыял. Гэта значыць, раней пастаўленыя крыжы, памятныя знакі павінны застацца некранутымі. І калі летась у „Советской Белоруссии“ падводзіліся ўмовы конкурсу, гэта зноў прагучала: толькі на такіх умовах можна дасягнуць нейкага кампрамісу».
Ігар Кузьняцоў нагадвае, што летась 15 лістапада Дзяржаўная камісія мэмарыялізацыі, у якую ён таксама ўваходзіў, ухваліла памятны знак. Агучаная ўмова захоўвалася, падчас мантажу не закранулі ніводнага крыжа.
Аднак пасьля «Вялікай размовы» 1 сакавіка, калі Аляксандар Лукашэнка панаракаў, што ня там стаяць «белыя крыжы», хісткі кампраміс быў парушаны.
«Як толькі пачнуць прыбіраць крыжы — і гэта ўжо здарылася — пачнецца новы віток супрацьстаяньня. Калі амаль праз 30 гадоў паставілі помнік, я ўжо падумаў, што нарэшце пастаўленая кропка. Але на так званай „Вялікай размове“ Лукашэнка зноў пачаў задаваць пытаньні: а вы ўпэўненыя, што ў Курапатах расстрэльваў толькі НКВД? Гэта неадкладна справакавала наступныя акты вандалізму: на дзяржаўным знаку накрэсьлілі зоркі Давіда, двойчы разбурыі „лаўку Клінтана“, зьявіліся надпісы кшталту „зондэргета“ і г.д. Гэта ўсё вынікі той размовы, бо ў нас як партыя скажа, так і будзе».
Гісторык засмучаны, што фактычна змарнаваныя гады перамоваў, якія вяліся паміж грамадзкімі арганізацыямі і ўладамі.
«Цягам 20 гадоў народны мэмарыял ствараўся рукамі неабыякавых людзей — у той час, калі дзяржава пальцам аб палец ня ўдарыла. Я вельмі засмучаны, што так адбылося: здавалася, хопіць розуму не чапаць тое, што ўжо ёсьць. Тым больш гэта ніяк не перашкаджае — нават з улікам таго, што задумалі ставіць агароджу, панабівалі калкоў. Нават калі яна маецца праходзіць па крыжах, іх няцяжка на 2-3 мэтры зрушыць углыбіню. Але ні ў якім разе не прыбіраць. Я катэгарычна супраць і лічу гэта вялізнай памылкай, якая прывядзе да далейшай эскаляцыі напружанасьці. Усё, што было зроблена, зводзіцца да нуля».