З нагоды 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Рада БНР правяла ў сталіцы Злучаных Штатаў Вашынгтоне цырымонію ўзнагароджаньня мэдалямі амэрыканскіх дыпляматаў, якія працавалі ў Беларусі, і беларускіх дзеячоў, піша БелаПАН.
Апошні раз беларускі ўрад у эміграцыі даваў узнагароды «сябрам Беларусі» больш за 70 гадоў таму, цяпер такую практыку вырашылі аднавіць. Прыём зладзіла Беларуска-Амэрыканскае аб’яднаньне (БАЗА) у штабе амэрыканскіх праваабаронцаў Human Rights First.
Мэдалямі ўганаравалі:
- былых амбасадараў ЗША ў Беларусі Дэйвіда Сўорца, Кенэта Ялавіца, Дэніела Спэкхарда, Майкла Козака і Джорджа Крола;
- кангрэсмэнаў Крыстафэра Сьміта і Джона Шымкуса;
- былога палітычнага дарадцу АБСЭ Орэста Дэйчакіўскага;
- старшыню Аб'яднанага Балтыйска-Амэрыканскага нацыянальнага камітэту Карла Алтаў;
- дасьледніка і экспэрта ў пытаньнях Беларусі Курта Вулгайзэра;
- праваабаронцу і дзяржаўнага дзеяча Дэйвіда Крэймэра;
- дыплямата і фатографа Джона Кунстадтэра;
- палітычную актывістку і заснавальніцу фонду «Мы памятаем» Ірыну Красоўскую;
- грамадзкую дзяячку і экс-старшыню Вашынгтонскага аддзяленьня БАЗА Алесю Кіпель;
- перакладніка Васіля Сёмуху (узнагароджаны пасьмяротна, за яго мэдаль атрымала дачка Алеся Сёмуха).
Орэст Дэйчакіўскі ня змог прысутнічаць, бо вядзе назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. Ён перадаў пісьмовае вітаньне: «Я рады, што меў магчымасьць зрабіць унёсак у барацьбу за дэмакратычную, незалежную Беларусь. Гэта барацьба, якую варта весьці».
Ірына Красоўская прысьвяціла сваю ўзнагароду Анатолю Красоўскаму, Віктару Ганчару, Юрыю Захаранку і Зьмітру Завадзкаму — «тым, хто аддаў жыцьцё, баронячы незалежнасьць Беларусі».
Прынятае рашэньне ўзнагародзіць мэдалямі ў гонар БНР-100 таксама Сьвятлану Алексіевіч, Зянона Пазьняка, Лявона Вольскага, Стэфана Эрыксана, Паўла Белавуса і іншых.