Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады палічылі ўсталяваньне «дошкі БНР» у Менску немэтазгодным


Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР.
Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР.

Менгарвыканкам адмовіўся ўсталяваць раней узгодненую мэмарыяльную дошку на доме, дзе 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адказ на свой зварот ад намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Арцёма Цурана перадаў у рэдакцыю Свабоды старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў.

Усталёўваць шыльду ўлады палічылі немэтазгодным «на дадзены момант».

Чаму наконт «дошкі БНР» пішуць звароты?

  1. У верасьні выканкам напісаў, што павесіць дошку перашкаджае «шэраг зваротаў ад грамадзян».
  2. Пасьля гэтага пэтыцыю за ўсталяваньне дошкі падпісалі больш за 3000 чалавек.
  3. Журналіст Севярын Квяткоўскі папрасіў удакладніць, хто менавіта напісаў звароты супраць усталяваньня і колькі іх было. Выканкам адказаў, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.
  4. Блогер Максім Ляшко двойчы прасіў Менгарвыканкам адказаць, колькі зваротаў было за ўсталяваньне дошкі, а колькі супраць. Выканкам адказаў пра больш як 3000 подпісаў «наконт памятнай дошкі», колькі за, а колькі супраць — не ўдакладняецца. Падобны адказ атрымаў арганізатар Дня Волі і бізнэсовец Павал Белавус.

Што важна ведаць пра «дошку БНР»

У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дом, дзе была абвешчана Трэцяя Ўстаўная грамата БНР.
Дом, дзе была абвешчана Трэцяя Ўстаўная грамата БНР.

  • Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
  • Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
  • Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
  • 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
  • Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG