Мэмарыяльную дошку, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе, усталявалі ў піўным бары BeerShow, які месьціццца на Валадарскага 7 у Менску.
Гэта суседні будынак з домам 9 па вуліцы Валадарскага, у якім 25 сакавіка 1918 году была прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата, у якой абвяшчалася незалежнасьць БНР.
Менскія гарадзкія ўлады далі папярэднюю вусную згоду на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на Валадарскага 9 яшчэ на пачатку сакавіка, але канчатковай згоды няма дагэтуль. За кошт ахвяраваньняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку з бронзы.
Мастацкая рада Менгарвыканкаму сёлета ў красавіку зацьвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасьцям, афіцыйнага рашэньня аб усталяваньні не атрымана.
Што важна ведаць пра «дошку БНР»
У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
- Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
- Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
- 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
- Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».