Рассельгаснагляд хоча «разгледзець транзыт садавіны з іншых краін празь Беларусь у Расею». Праблема ў тым, што праз тэрыторыю Беларусі туды трапляюць «санкцыйныя» прадукты з Эўропы. Свабода паглядзела, якую садавіну і дзе мы набываем і што прадаём у Расею.
Што адбылося
Рассельгаснагляд выступіў з чарговай прэтэнзіяй да Беларусі: маўляў, возяць празь Беларусь у Расею «санкцыйную» садавіну. У 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу.
«У сувязі са шматлікімі выпадкамі выяўленьня „санкцыйнай“ прадукцыі пры паступленьні ў Расейскую Фэдэрацыю з Рэспублікі Беларусі ў суправаджэньні фітасанітарных сэртыфікатаў, аформленых ГУ „Галоўная дзяржаўная інспэкцыя па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін“, і непрыняцьцем беларускім бокам дзейсных захадаў дзеля недапушчэньня трапляньня на тэрыторыю Расеі такога тавару, Рассельгаснагляд вымушаны разгледзець пытаньне аб прамых пастаўках падкарантыннай прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду.
Фактычна гэта азначае магчымую забарону паставак садавіны зь Беларусі ў Расею.
Глядзім, якую садавіну Беларусь набывала ў іншых краінах і пасьля прадавала ў Расею (статыстыка Белстату за 2017 год).
Беларускія ківі, інжыр і апэльсіны
Беларускай крэвэткай ці кавуном ужо ня зьдзівіш (апошнія наагул растуць на падвор’і Аляксандра Лукашэнкі), а вось ківі ды апэльсіны на паліцы беларускіх крамаў звычайна трапляюць з Эквадору ці Гвінэі. Але іхны шлях на гэтым не заканчваецца.
У 2017 годзе Беларусь завезла на сваю тэрыторыю 16,8 тысячы тон ківі, большасьць з Гвінэі і Грэцыі. У гэтым жа годзе Беларусь прадала ў Расею 11,6 тысячы тон ківі і зарабіла на гэтым 1,8 мільёна даляраў. Атрымліваецца, прадала 69% усіх ківі, якія імпартавала.
Два гады таму Беларусь завезла 2,7 тысячы тон інжыру, у асноўным з Турцыі. І ў гэтым жа годзе прадала ў Расею 2,6 тысячы тон за 1,8 мільёна даляраў. Гэта 96% ад усяго закупленага інжыру.
У 2017 годзе Беларусь закупіла 27,9 тысячы тон апэльсінаў і ў гэтым жа годзе адгрузіла ў Расею 5 тон гэтай садавіны, 17,9% ад закупленага. Набывала Беларусь апэльсіны пераважна ў Турэччыне і Эгіпце.
На пэрсіках зарабляем 13,7 мільёна даляраў, на хурме — 2,9 мільёна
107 тысяч тон пэрсікаў і нэктарынаў Беларусь у 2017 годзе завезла пераважна з Турэччыны, Грэцыі і Гішпаніі. Тады ж адгрузіла ў Расею 83,5 тысячы тон. Гэта 78%. На гэтым зарабілі 13,7 мільёна даляраў.
Беларусь у 2017 годзе прадавала хурму толькі ў Расею. З завезеных 32 тысяч тон (19 тысяч тон з краін ЭЗ) у Расею паехала 11,9 тысячы тон ці 37% ад завезенага агулам на 2,9 мільёна даляраў.
Апроч іншага, у 2017 годзе Беларусь прадавала ў Расею лімоны і мандарыны. З 19,7 тысячы тон мандарынаў (з Гішпаніі, Італіі, Грэцыі, Емэну) 3,7 тысячы тон экспартавалі ў Расею. Гэта 18% ад імпартаваных мандарынаў.
Лімонаў у 2017 набылі 11 тысячы тон, зь іх 3,1 тысячы тон адправілі ў Расею. Гэта 28%.