Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў застанецца «шэрым прэзыдэнтам», — экспэрт


Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

Адстаўка патрыярха постсавецкай палітыкі — сусьветная сэнсацыя. Чаму ён сышоў? Што будзе пасьля яго? Як Назарбаеў падрыхтаваўся да свайго сыходу? Пра гэта Свабода пагутарыла з экспэртам у справах Цэнтральнай Азіі Брусам Панірам.

— Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў Казахстанам амаль 30 гадоў сышоў у адстаўку. Часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта стаў сьпікер сэнату Касым-Жамарт Такаеў.

Касым-Жомрат Такаеў
Касым-Жомрат Такаеў

Першае пытаньне — чаму? У Туркмэністане, ва Ўзбэкістане дыктатары паміралі на сваёй пасадзе. А Назарбаеў сышоў сам.
78 гадоў — гэта не маладосьць, але і не глыбокая старасьць. Нядаўна ён разагнаў урад. Так што сілы мае. Можа хворы быў? Але Чавэс, скажам, хварэў на рак, аднак не сышоў, пакуль не памёр. А Назарбаеў сышоў. Чаму?

— Назарбаеў глядзеў на прыклад Узбэкістану. Пасьля сьмерці Карымава яго правая рука Шэўкат Мірзіёеў прыйшоў да ўлады. І ён шмат зьмяніў і стаў перасьледаваць сям’ю Карымава. Назарбаеў хоча, каб быў кантраляваны пераход.

У Казахстане запісаныя велізарныя паўнамоцтвы першага прэзыдэнта краіны, якія за ім застаюцца пасьля сыходу з пасады, пасьля таго, як ужо зьявіцца другі прэзыдэнт. Ён будзе мець магчымасьць працягваць кіраваць.

Ён няшмат згубіць. Ён будзе своеасаблівы «шэры прэзыдэнт»

— Гэта ў нечым падобна на іранскую мадэль. Там ёсьць прэзыдэнт, але ёсьць і аятала — духоўны лідэр нацыі.

— Хутчэй гэта паводле мадэлі Сынгапуру. Лі Куан Ю сышоў ад улады, але ён і пасьля адстаўкі меў пераважны ўплыў на палітычныя працэсы ў краіне.

Назарбаеў расставіў сваіх людзей на ключавая пасады. І яны засталіся пасьля зьмены ўраду ў мінулым месяцы. Гэта ключавыя асобы — Касым-Жамарт Такаеў, Карым Масімаў. І гэта пераважна «сілавікі». Я мяркую, што яны застануцца на гэтых пасадах, калі не вышэй.

Карым Масімаў
Карым Масімаў

Ён заўсёды думаў пра тое, кім ён застанецца ў гісторыі. Ён добраахвотна сышоў ад улады і даў станоўчы прыклад рэгіёну і сьвету. Яго не зрынулі, ён не памёр на прэзыдэнцкай пасадзе. На старонках гісторыі пра яго будуць добра пісаць — ён 30 гадоў быў ва ўладзе, але напрыканцы ён сышоў добраахвотна.

— У нечым гэта падобна на сыход Ельцына.

— У нечым падобна. Але Ельцын амаль цалкам сышоў. Так ня будзе з Назарбаевым.

Калі летась Назарбаеў памяняў Канстытуцыю і замацаваў у ёй уладныя паўнамоцтвы першага прэзыдэнта краіны, многія ўжо меркавалі, што ён рыхтуецца да сыходу. Гэтак і аказалася.

— У аўтарытарных сыстэмах вельмі часта пасьля сыходу ўладара пачынаецца хаос, вайна ўсіх супраць усіх. Так было ў СССР пасьля сьмерці Сталіна, у КНР пасьля сьмерці Мао.

Ці ня можа нешта падобнае пачацца зараз у Казахстане? Вы патлумачылі, што Назарбаеў застаецца «старшым», «разводящим». Але ёсьць кляны, людзі, якія прагнуць улады. Яны не пачнуць бойку?

— На ключавых месцах — самыя адданыя людзі Назарбаева, яны былі побач зь ім дзесяцігодзьдзямі. Яны вельмі зацікаўленыя ў захаваньні сыстэмы.

— Але наколькі я памятае, магутныя сілавікі былога рэжыму першымі гублялі свае пасады пры зьмене ўлады і ў Туркмэністане, і ва Ўзбэкістане.

— Ну Карым Масімаў — ён сапраўды былы кдбэшнік, але ён і былы прэм'ер. Так што ён ня толькі сілавік. Пакуль Назарабаеў будзе жыць, я ня бачу праблемаў. Калі ён памрэ — хто ведае.

— Ці можа сыход Назарбаева, хай сабе і няпоўны, спарадзіць нейкія грамадзкія пратэсты, забурэньні? Пару гадоў таму там былі даволі масавыя пратэсты супраць новага закону аб зямлі. І месяц таму пратэсты былі адным з чыньнікаў адстаўкі ўраду.

— Можа не зараз. Ніхто ня ведае, якой будзе гэтая новая канструкцыя ўлады і што будзе праз пару гадоў.

Назарбаеў — сябра Расеі, Пуціна. Ён можа спадзявацца, што Расея дапаможа, калі сытуацыя стане выходзіць з-пад кантролю.
Расея вельмі зацікаўленая ў тым, каб пераход улады ў Казахстане быў беспраблемным.

— А Расеі на кагосьці ставіць у казахстанскім істэблішмэнце, у яе ёсьць фаварыт?

— Я ўпэўнены, што ёсьць, але я ня ведаю, хто гэта.

— Цяперашні выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, сьпікер сэнату Такаеў — гэта буйная, моцная фігура. Ці гэта чыста тэхнічны пэрсанаж, а сапраўдныя гульцы — іншыя?

— Мяркую, што сапраўдныя гульцы, спаборнікі за прэзыдэнцкую пасаду — іншыя. Такаеў таксама немалады. Ня думаю, што ён будзе прэтэндаваць на прэзыдэнцтва. Масімаў — таксама напэўна не.
Заўсёды хадзілі ўпартыя чуткі, што ён напалову этнічны ўйгур. Там гэта мае значэньне. Супраць такой кандыдатуры будзе катэгарычна супраць Кітай.

Мне здаецца, што добрыя шанцы мае былы мэр Астаны Умірзак Шукееў. Ён малады, абсалютна ляяльны Назарбаеву, вельмі папулярны ў краіне.
Дачка Назарбаева Дарыга — таксама, мяркую, не. Я б аддаў перавагу Шукееву.

— У вас ёсьць фаварыт. А ў Амэрыкі?

— Цяжка сказаць, колькі ў Амэрыцы ведаюць пра Казахстан.

— Ну вось летась Назарбаеў езьдзіў у ЗША, сустракаўся з Дональдам Трампам. Ня ўсе дыктатары атрымліваюць такі гонар.

— Напэўна, у Вашынгтоне аддалі б перавагу чалавеку, які будзе балянсаваць адносіны з Расеяй, Кітаем і Амэрыкай

— А ў кітайцаў ёсьць свае стаўкі? Вы сказалі, каго яны ня хочуць і не дазволяць яму ўзначаліць Казахстан. А хто іх фаварыт?

— Так, Місімаў для Кітаю непрымальны. Кітай хоча, каб Казахстан заставаўся такім, які ён ёсьць цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG