Сэнат ЗША, яік знаходзіцца пад кантролем урадавай Рэспубліканскай партыі, прагаласаваў за тое, каб скасаваць уведзенае прэзыдэнтам Дональдам Трампам надзвычайнае становішча на мяжы з Мэксыкай.
Як паведамляе Associated Press, за гэта прагаласавалі 59 сэнатараў супраць — 41. Гэта значыць, што 12 сэнатараў-рэспубліканцаў выступілі супраць абвешчанага Трампам надзвычайнага становішча.
Прэзыдэнт ЗША паабяцаў, што накладзе вэта на гэтае рашэньне, і наўрад ці ў Кангрэсе знойдзецца дастаткова галасоў, каб яго пераадолець. Але гэта першы выпадак, калі абедзьве палаты Кангрэсу скарысталіся сваімі паўнамоцтвамі, каб скасаваць прэзыдэнцкую дырэктыву такога кшталту.
27 лютага Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю, якая адмяняе ўказ прэзыдэнта Трампа аб увядзеньні надзвычайнага становішча на мяжы з Мэксыкай.
Гэты ўказ быў падпісаны прэзыдэнтам Трампам 15 лютага з мэтай атрымаць магчымасьць траціць сродкі на збудаваньне пагранічнага бар’ера на мяжы з Мэксыкай — насуперак адмове Кангрэсу фінансаваць гэтае будаўніцтва.
Многія заканадаўцы, уключаючы некаторых рэспубліканцаў, палічылі, што прэзыдэнт у такой сытуацыі злоўжывае сваім правам абвяшчаць рэжым надзвычайнага становішча, падрываючы важную прэрагатыву Кангрэсу, які, паводле канстытуцыі краіны, кантралюе дзяржаўныя выдаткі.
13 рэспубліканцаў — чальцоў Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі разам з дэмакратамі за рэзалюцыю, палічыўшы, што прэзыдэнт сваім указам перавышае паўнамоцтвы, якія канстытуцыя адводзіць выканаўчай уладзе. Вынік галасаваньня: 245 — «за» і 182 — «супраць».
Закон аб надзвычайных паўнамоцтвах кіраўніка дзяржавы быў прыняты ў 1976 годзе. З тых часоў ён шмат разоў быў задзейнічаны, але ні разу раней ніводная з палат Кангрэсу не блякавала пажаданьняў прэзыдэнта. Цяпер дэмакраты заяўляюць, што крызісная сытуацыя на паўднёвай мяжы — гэта плён фантазіі прэзыдэнта Трампа.