Летась беларускі экспарт каменнага вугалю ва Ўкраіну вырас за год у 980 разоў, а антрацыту — у 340 разоў. У той жа час украінскія ўлады пераконваюць, што гэта, хутчэй, быў рээкспарт з Казахстану ці Расеі, а не з акупаванай часткі Данбасу.
Адначасова менавіта празь Беларусь з 2017 году (якраз тады ўпершыню ва Ўкраіну быў адпраўлены «беларускі вугаль») былі арганізаваныя пастаўкі антрацытавага вугалю ў краіны Эўразьвязу.
Свабода сустрэлася з рэдактарам польскага выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхалам Патоцкім, які разам са сваёй калегай Каралінай Баца-Пагажэльскай займаецца расьсьледаваньнем аб пастаўках у Польшчу вугалю зь непадкантрольных Украіне тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей.
Паводле афіцыйнай украінскай статыстыкі, у 2018 годзе пастаўкі каменнага вугалю з Польшчы ва Ўкраіну склалі 74,829 тысячы тон на 10,5 мільёна даляраў, а антрацыту — 14 тон на 6,8 тысячы даляраў.
Эўрапейская энэргетыка не спажывае антрацыт
Паводле польскіх журналістаў, з сакавіка 2017 па сьнежань 2018 году ў Польшчу было ўвезена больш як 300 тысяч тон антрацыту, і практычна ўвесь гэты аб’ём — празь беларуска-польскую мяжу.
«Мы пачалі вывучаць тэму паставак антрацыту з Данбасу ў Польшчу і ў іншыя краіны Эўразьвязу, бо лічым, што калі мы сапраўды падтрымліваем тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, то немагчыма падтрымліваць, а не забараняць, гандаль зь людзьмі, зьвязанымі з сэпаратыстамі з ЛДНР — бо гэта прамое фінансаваньне прарасейскага сэпаратызму на Данбасе. Але паколькі наша ўлада таксама няшмат робіць, каб гэта заблякаваць, мы пра гэта пішам і нагадваем, што ёсьць такая сытуацыя. Беларусь у нашых расьсьледаваньнях была толькі транзытнай краінай — чыгункай гэты вугаль з Расеі ўвозіўся ў Польшчу. Гэтым займаліся расейскія кампаніі», — кажа Міхал Патоцкі.
Паводле яго, аналягічныя пастаўкі вугалю з Данбасу маглі ажыцьцяўляцца таксама праз Румынію і Бэльгію. Згодна з расейскай статыстыкай, Румынія ўвезла ў гэты ж пэрыяд больш як 1 мільён тонаў вугалю.
«Але гэтыя краіны — не канчатковыя спажыўцы антрацыту. Гэта транзытныя краіны», — перакананы рэдактар польскага выданьня.
«Эўрапейская энэргетыка ня мае патрэбы ў антрацыце. Гэты від вугалю ў Эўразьвязе ў невялікіх аб’ёмах можа выкарыстоўваць, хутчэй, мэталюргія, хімічная прамысловасьць, і асабліва прыватныя кампаніі. У Польшчы энэргетыка наагул не спажывае антрацыт, і ў Эўразьвязе гэты від вугалю ніколі не выкарыстоўваўся як крыніца энэргіі. Мяркуючы па тым, што мы ведаем, людзям, якія гэтым займаюцца, цікава выйсьці на блізкаўсходнія рынкі, таму што там антрацыт спажываецца больш», — дадаў Міхал Патоцкі.
Схемы — вынік супадзеньня інтарэсаў бізнэсу і ўладаў «ЛДНР»
Пасьля актыўных баявых дзеяньняў на Данбасе, у студзені 2015 году, у Данецку быў створаны Рэспубліканскі цэнтар «Гандлёвы дом „Вугаль Данбасу“». З таго часу ўся адгрузка вугалю з рэгіёнаў адбываецца на падставе пісьмовага дазволу гэтай арганізацыі.
Па сутнасьці, для самаабвешчаных уладаў гандаль вугалем быў найбольш прыбытковай і ці не адзінай надзейнай крыніцай фінансаваньня дзейнасьці самаабвешчанай народнай рэспублікі. Вугаль з Данбасу пастаўляўся ў расейскі Растоў празь некантраляваны Кіевам участак украінска-расейскай мяжы. Расейскія кампаніі перапрадавалі гэты вугаль беларускім кампаніям, а тыя, каб «замесьці сьляды» ягонага паходжаньня, — эўрапейскім ці ўкраінскім кампаніям.
«Калі б гэты вугаль ня быў таньнейшы, ніхто б яго не купляў і не было б такіх схем, бо рызыка вялікая — найперш іміджавая, але і юрыдычная таксама. На пачатку дзеяньня такіх схем вугаль быў у тры разы таньнейшы, чым легальны антрацыт. Цяпер, праўда, ужо не такая розьніца, як раней, але ўсё роўна цэны ніжэйшыя, а прыбыткі вялікія», — кажа Міхал Патоцкі.
Вугаль увозіўся як расейскі
Праваахоўныя органы Ўкраіны ўпершыню зацікавіліся незаконнымі пастаўкамі антрацыту зь непадкантрольных тэрыторый у траўні 2015 году. Упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнавіцкай вобласьці зафіксавала факт перавозу антрацытавага вугалю на адну з чыгуначных станцый у гэтым рэгіёне са станцыі Тарэз Данецкай вобласьці.
Спачатку ў справе фігуравалі дзьве ўкраінскія кампаніі. Праз два гады матэрыялы былі дапоўненыя новымі фактамі, і справу перадалі ў галоўнае ўпраўленьне СБУ ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Вось тут упершыню і зьявіліся дзьве беларускія кампаніі — берасьцейскае ТАА «Вестэк» і гомельскае ТАА «Бізнэс-Альянс».
Схема выглядала наступным чынам. У ліпені 2017 году данецкі гандлёвы дом «Вугаль Данбасу» прадаў сваю прадукцыю расейскай кампаніі «Нафтапрадукт», зарэгістраванай у расейскім Растове. Праз два тыдні пасьля падпісаньня гэтага кантракту ў Берасьці рэгіструецца кампанія «Вестэк» (такую самую назву, дарэчы, мае яшчэ адна растоўская кампанія, якая аказвае транспартна-экспэдыцыйныя паслугі).
У кастрычніку вугаль дастаўляецца з Растова ў Берасьце, там перапрадаецца і перагружаецца наступнаму пасярэдніку — гомельскай кампаніі «Бізнэс-альянс», а далей у сьнежні — эстонскай кампаніі Known Trade Consalt OÜ. Прычым увесь гэты час тавар фізычна знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Эстонская кампанія нарэшце перапрадае вугаль кіеўскаму прадпрыемству «Авалон Трэйд», і толькі пасьля гэтага груз адпраўляецца з Гомля ва Ўкраіну.
На чыгуначнай станцыі пад Крапіўніцкім вугаль арыштавалі — ягоная марка, заяўленая ў суправаджальнай дакумэнтацыі, не адпавядала рэчаіснасьці, а сэртыфікаты аб краіне паходжаньня былі падробленыя. Вугаль увозіўся як расейскі. Прынамсі, менавіта так апісваецца схема ў адным з судовых рашэньняў, апублікаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны.
Больш за паўгода канчатковы пакупнік данецкага вугалю — кіеўская прыватная кампанія «Авалон Трэйд» — марна змагаўся ў судах, каб зьняць з тавару арышт. У траўні 2018 году Вярхоўны суд Украіны пацьвердзіў законнасьць гэтай санкцыі.
Але нават гэты выпадак не спыніў беларускіх пастаўшчыкоў. У 2018 годзе «вугальны паток» зь Беларусі вырас амаль у тысячу разоў. У кампаніях, праўда, пераконваюць, што незаконных зьдзелак не ажыцьцяўляюць і вугалем з Данбасу не гандлююць.
«Я ня вельмі быў зьдзіўлены, што такія схемы магчымыя. Бо Беларусь не ўпершыню выглядае як кантрабандыст, які дапамагае абыходзіць эмбарга і складанасьці ў міжнародным гандлі. Напрыклад, тыя ж факты паставак „беларускіх крэвэтак“ і польскіх яблыкаў, якія перапрадаваліся ў Расею, каб абыйсьці расейскія санкцыі ў дачыненьні да эўрапейскіх прадпрыемстваў. Гэта яшчэ адзін доказ таго, як дзяржава дазваляе такія схемы рэалізаваць», — кажа польскі журналіст Міхал Патоцкі.