Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьмярдзючы» завод у Сьветлагорску маюць запусьціць увосень


Завод беленай сульфатнай цэлюлёзы ў Сьветлагорску
Завод беленай сульфатнай цэлюлёзы ў Сьветлагорску

Завод беленай цэлюлёзы, пабудаваны ў Сьветлагорску кітайцамі, плянуюць запусьціць у жніўні-верасьні. Цяпер там ідуць пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары абураныя смуродам і шкоднымі выкідамі з заводу.

6 сакавіка ініцыятыўная група грамадзян сустрэлася са старшынём канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыем Назаравым. Пра вынікі сустрэчы напісала прэсавая служба канцэрну.

«Наведнікаў цікавілі такія пытаньні, як ачышчэньне ліўневых сьцёкавых вод, спальваньне сьмярдзючых газаў, якія ўтвараюцца пры вытворчасьці цэлюлёзы, тэхналёгіі варкі цэлюлёзы, пытаньні замераў хімічных злучэньняў, шуму, тэрмінаў пусканаладачных работ і шэраг іншых», — інфармуе прэсавая служба.

Канцэрн запэўнівае, што на ўсе пытаньні былі дадзеныя тлумачэньні.

Што адказаў Юры Назараў?

  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы ажыцьцяўляецца па найноўшай тэхналёгіі, якая выкарыстоўваецца на аналягічных вытворчасьцях ва ўсім сьвеце.
  • Будаўніцтва заводу вялося паводле праектнай дакумэнтацыі, якая прайшла экспэртызу.
  • Умовы і месца скіданьня ачышчаных сьцёкавых вод у раку Бярэзіну прайшлі ўзгадненьні з усімі неабходнымі міністэрствамі і арганізацыямі.
  • Нарматывы выконваюцца.
  • Збоі ў працы часткі абсталяваньня, якія ўзьніклі ў працэсе пусканаладачных работ, ліквідаваныя (што тычыцца смуроду).
  • Мэтодыкі вымярэньня хімічных злучэньняў у атмасфэрным паветры, прамысловых выкідах і ў паветры рабочай зоны будуць гатовыя да сярэдзіны сакавіка.
  • Агульная працягласьць пусканаладачных работ на заводзе сульфатнай беленай цэлюлёзы на гэты момант не перавышае 10 месяцаў. (Вядома, што пусканаладачныя працы пачаліся ў сьнежні 2017 году.)
  • На завод людзей цяпер ня пусьцяць — няма падстаў для паўторнага наведваньня (пускалі 14 верасьня 2018 году).
  • Сытуацыя вакол заводу нагнятаецца асобнымі людзьмі і СМІ.
  • Інфармацыя аб забруджваньні навакольнага асяродзьдзя не пацьвярджаецца фактамі і не адпавядае рэчаіснасьці. У якасьці прыкладу кіраўнік канцэрну кажа пра інфармацыю аб звароце Мінпрыроды Ўкраіны да Мінпрыроды Беларусі з патрабаваньнем растлумачыць сытуацыю вакол забруджваньня Сьветлагорскім ЦКК ракі Бярэзіны. «Такога звароту не было», — піша прэсавая служба.
  • Пры выхадзе заводу на праектную магутнасьць у суткі на ім будзе вырабляцца прадукцыі амаль на 1 мільён даляраў. Аналягаў такой вытворчасьці ў Беларусі няма.
  • Людзі будуць забясьпечаныя працоўнымі месцамі.
Завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота
Завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота

Рэакцыя ўдзельнікаў сустрэчы: «Каб ня ціск грамадзкасьці — нічога б не было»

На сустрэчы з Назаравым прысутнічаў актывіст ініцыятыўнай групы Анатоль Зьмітровіч. Актывісты задалі старшыні канцэрну 15 пісьмовых пытаньняў і 10 вусных. Зьмітровіч лічыць, што пэўныя пазытыўныя зрухі ў працы кітайскага заводу былі дасягнутыя толькі празь ціск неабыякавых грамадзян.

«Але і сёньня зранку ў Якімавай Слабадзе стаяў смурод. Сёньня на сустрэчы абяцалі, што, магчыма, на содарэгенэрацыйным катле будзе ўсталявана дадатковая гарэлка — для спальваньня гэтых смуродных газаў. У іх дагэтуль няма мэтодыкі, каб „злавіць“ смуродныя газы, вызначыць іх канцэнтрацыю. Мы задавалі пытаньне — чаму пры будаўніцтве Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат „ня ведаў“, што будуць выкіды мэтылмэркаптанаў? Толькі пасьля масавага абурэньня людзей кіраўніцтва заводу прызнала, што завод выкідае шкодны газ», — кажа Зьмітровіч.

Зьмітровіч бачыць праблему ў тым, што завод ніяк не запрацуе на поўную магутнасьць. Бо за студзень на прадпрыемстве выпусьцілі больш за 4 тысячы тон цэлюлёзы, за люты — больш за 8,5 тысячы тон, што складае 25% ад заплянаванай магутнасьці.

«Яны ня могуць выйсьці на праектную магутнасьць — вось у чым праблема. Каб выйшлі — тады б смуродныя газы спальваліся б у аўтаматычным рэжыме», — лічыць актывіст ініцыятыўнай групы.

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG