Сьледам за забаўляльна-спартовай праграмай «Зімовы прызыў» да 23 лютага Менскі заапарк абвясьціў жартаўлівы конкурс да Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка.
Заапарк заклікае «па-добраму пажартаваць» з жанчын, «дакладней зрабіць незвычайны камплімэнт і сюрпрыз». Удзельнікам конкурсу прапануюць:
- Падпісацца на старонку Менскага заапарку ў сацыяльных сетках Укантакце або Інстаграм.
- Зрабіць фота жонкі, сяброўкі, сваячкі або проста знаёмай і выкласьці ў гэтыя сеткі з хэштэгам #zookrasa.
- Напісаць у камэнтарах, да якога гадаванца Менскага заапарку яна падобная і чаму.
Вынікі маюць падвесьці 11 сакавіка. Пераможцам абяцаюць запрашальны білет на 2 асобы ў заапарк.
Радыё Свабода паспрабавала атрымаць дадатковы камэнтар наконт конкурсу, але тэлефонныя нумары заапарку пакуль не адказваюць.