Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«98% беларусаў супраць аб’яднаньня з Расеяй». Лукашэнка выступае, мы цытуем і камэнтуем. ЖЫВЫ БЛОГ

А 10.30 1-га сакавіка пачалася другая «Вялікая размова з прэзыдэнтам» Аляксандра Лукашэнкі. Трансьляцыю праводзяць дзяржаўнае ТВ і радыё. Свабода дае цытаты ікамэнтары экспэртаў.

16:27 1.3.2019

Лукашэнка рыхтуецца да перадачы ўлады

З адказу нашаму калегу Валянціну Жданко можна выдзеліць некалькі галоўных тэзісаў.

  1. На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць«. То бок Лукашэнка заяўляе, што ня будзе прэзыдэнтам да канца жыцьця. Тут няма чаго камэнтаваць. Застаецца толькі паверыць.
  2. Лукашэнка заяўляе, што сваім сынам перадаваць уладу ён таксама не зьбіраецца.
  3. Ужо рыхтуюцца зьмены ў Канстытуцыю. І гэта справа «не пяці гадоў», а значна больш кароткага тэрміну. Відавочна, цяперашні кіраўнік Беларусі вельмі пільна рыхтуецца да варыянту транзыту, пераходу ўлады.
16:25 1.3.2019

Рыхтуецца прыняцьце новай Канстытуцыі

Адзіная вартая ўвагі палітычная навіна, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі, гэта інфармацыя пра тое, што рыхтуецца прыняцьце новай Канстытуцыі. Пакуль, праўда, незразумела, у якім кірунку яна павінна мяняцца. Камэнтары Лукашэнкі вельмі цьмяныя. Ці то нешта хавае, ці то пакуль сам не разумее, чаго хоча.

16:11 1.3.2019

Сваё пытаньне Аляксандру Лукашэнку задаў карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Валянцін Жданко нагадаў, што сёлета 25 гадоў, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады — амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах за гэты час адбылася зьмена прэзыдэнтаў. Які са шляхоў «транзыту ўлады» імпануе яму — нязьменнасьць улады, зьмена Канстытуцыі, перадача пасады спадкаемцу?

«Абяцаю, што на той сьвет з прэзыдэнцкага крэсла мяне не панясуць, — сказаў Лукашэнка. — І дзеля сваіх дзяцей ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць у спадчыну — асабліва што тычыцца малодшага сына. Не хачу гаварыць, што я пакутую — ніхто і не паверыць. Я наеўся прэзыдэнцтва, і загубіць краіну дзеля асабістых амбіцый — на такое ніколі не пайду. Не зьбіраюся працягваць палітычнае жыцьцё за кошт іншых. Усё будзе нармальна, згодна з нашымі законамі. Але я не змагу ня вылучыць кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, каб не абвінавацілі мяне ў баязьлівасьці, што зьбег».

Ён таксама заявіў, што не зьбіраецца перадаваць уладу ў спадчыну, а ад удзелу ў выбарах не адмовіцца:

«Я вылучу сваю кандыдатуру, можаце мяне не абіраць».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады. Паводле яго, якраз над гэтым цяпер працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Вярхоўнага суду, але нейкіх вынікаў ён яшчэ не атрымаў. Але ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. Але пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма. «Разам будзем думаць, які закон закон пакінуць нашым дзецям», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Валянціна Жданко.

15:44 1.3.2019

Нарэшце пра хакей

Прадстаўнік газэты «Прессбол» закрануў у размове з Лукашэнкам тэму хакею. Ён спытаў, што стаіць за незразумелай «супэрсэрыяй» паміж «Дынама» (Менск) і зборнай клюбаў экстралігі пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра «Юнацтва» Міхаіла Захарава.

«Нягледзячы на вялізную ўвагу, атрымліваем адваротны вынік: зборная вылецела з эліты, маладзёжка — таксама, „Дынама“ ў КХЛ бачылі, як згуляла, — адказаў Лукашэнка. — Таму я і прыдумаў сэрыю паміж „Дынама“ і зборнай клюбаў экстралігі: хто выйграе, той і будзе на наступны сэзон выступаць у КХЛ. А як інакш? Матываваныя хлопцы з унутранага чэмпіянату „вазілі“ тых дынамаўцаў, як толькі хацелі. Для мяне важна, што ёсьць патэнцыял. Прынамсі, шмат у каго з маладых хакеістаў зьявіўся шанец замест некаторых пагуляць на высокім узроўні. Нам да 2021 году, да хатняга чэмпіянату сьвету, кроў з носу трэба выйсьці ў эліту».

15:28 1.3.2019

Пра беларускую мову як «фішку апазыцыі»

Алег Трусаў, якога на пасадзе старшыні Таварыства беларускай мовы замяніла Алена Анісім, узьняў моўнае пытаньне і праблему больш шырокага выкарыстаньня роднай мовы.

«Узарваць элемэнтарна проста — але потым доўгія гады давядзецца расхлёбваць, — адказаў Лукашэнка, параўнаўшы сытуацыю з эканомікай. — Мая мова — беларуская, але і расейская таксама. Гэта таксама наша мова, навошта адмаўляцца? Так гістарычна здарылася. У свой час была „фішка“ апазыцыі, калі Голубеў, Трусаў пачалі размаўляць па-беларуску. Але ж на кухні яўна на расейскую пераходзяць? Мова — прыкмета кожнага народа, трэба падтрымліваць, але ня трэба нічога фарсіраваць».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG