Улады Пакістану раніцай 27 лютага абвясьцілі, што зьбілі над сваёй тэрыторыяй у Кашміры два самалёты ВПС Індыі. Як мінімум адзін пілёт захоплены, паведамляе «Настоящее время».
Перад гэтым індыйскія вайскоўцы пацьвердзілі, што самалёт ВПС Індыі пацярпеў крушэньне ў Кашміры, рэгіёне, які зьяўляецца спрэчнай тэрыторыяй паміж дзьвюма дзяржавамі.
Напярэдадні 26 лютага Індыя нанесла ўдар па пакістанскай частцы Кашміра: 12 самалётаў ВПС Індыі «Міраж 2000С» нібыта скінулі на лягер баевікоў груповак «Джаіш-е-Мухамад» (Jem, «Армія Мухамеда»), «Хізбул Муджахідын» (Hizbul Mujahideen) і Let некалькі бомбаў вагой каля тоны кожная і цалкам яго зруйнавалі.
«Гэта быў неабходны крок для абароны краіны. Прэм’ер-міністар Нарэндра Моды даў узброеным сілам свабоду дзеяньняў», — заявіў пасьля ўдару індыйскі міністар разьвіцьця чалавечых рэсурсаў Пракаш Джавадэкар.
Пазьней міністар замежных спраў Індыі Віджай Гокхале заявіў, што баевікі плянавалі правесьці новыя напады на тэрыторыі Індыі і што ўдар быў прэвэнтыўным. Гокхале таксама сказаў, што ў выніку ўдару была зьнішчаная вялікая колькасьць баевікоў, уключаючы камандзіраў.
Але прадстаўнікі Пакістану заявілі, што хоць вайсковы самалёт Індыі сапраўды нанёс авіяўдар па тэрыторыі Пакістану, ніякага лягера баявікоў або забітых у тым раёне не было.
«Ніякіх чалавечых страт або нанесенай шкоды», — заявіў прэс-сакратар ВПС Пакістану генэрал-маёр Азіф Гафуры.
Пасьля гэтага ВПС Пакістану і Індыі былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасьць, а палітолягі пачалі асьцерагацца абвастрэньня канфлікту.
Кашмір — прадмет спрэчкі паміж Індыяй і Пакістанам з 1947 году, калі Брытанская Індыя, атрымаўшы незалежнасьць, падзялілася на дзьве дзяржавы паводле рэлігійнай прыкметы. На гэты момант у Кашміры няма дзяржаўнай мяжы: яго тэрыторыю падзяляе так званая Лінія кантролю, паблізу якой і быў нанесены авіяўдар.