Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шалкевіч знайшоў сваякоў у Расеі, высланых зь Беларусі 120 гадоў таму за веру


Ларыса Назарэнка і Віктар Шалкевіч (у цэнтры)
Ларыса Назарэнка і Віктар Шалкевіч (у цэнтры)

Бард, актор, шоўмэн Віктар Шалкевіч нечакана пабагацеў на сваяцкія сувязі. Перад нядаўнім 60-гадовым юбілеем яго адшукала маскоўская прадпрымальніца Ларыса Назарэнка.

Яе продкі паходзяць з Поразава на Горадзеншчыне, роднай вёскі Шалкевіча, і былі ў сваяцтве зь ягонымі прадзедамі. 16 лютага Ларыса Назарэнка была ў ліку ганаровых гасьцей на юбілейным канцэрце папулярнага выканаўцы ў менскім Палацы прафсаюзаў. А ўвесну яны зьбіраюцца разам наведаць гістарычную радзіму.

Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч

Паводле Віктара Шалкевіча, у ХІХ стагодзьдзі шэраг поразаўскіх сем’яў у літаральным сэнсе пацярпелі за веру, калі расейская акупацыйная ўлада пачала гвалтам пераводзіць беларускіх уніятаў і каталікоў у праваслаўе. Хто не падпарадкоўваўся пад угаворамі і бізунамі, быў высланы ў Сыбір.

Ларыса Назарэнка не такая катэгарычная ў высновах, але пасьля вывучэньня зьвесткаў пра сваіх продкаў у архівах савецкіх спэцслужбаў гэтаксама прыходзіць да высновы: пераезд зь Беларусі ў Сыбір ня быў добраахвотны.

Шалкевічы і Пінюты ў сыбірскай тайзе

Узор беларускай вясковай архітэктуры ў Сыбіры
Узор беларускай вясковай архітэктуры ў Сыбіры

Ларыса Назаранка нарадзілася ў 1965 годзе ў расейскім Новасібірску, ад 1991 году жыве і працуе ў Маскве. Яе родзічы паходзяць з тайговага паселішча Нованікалаеўка (пазьней было перайменаванае ў Барысаглебскае), што за 300 кілямэтраў ад Новасібірску. Гэтую вёску ў канцы ХІХ стагодзьдзя заклалі сем’і з Горадзеншчыны. Амаль усе прозьвішчы тут бяруць пачатак з поразаўскага радаводу — Шалкевічы і Пінюты.

Ларыса Назаранка кажа, што зацікаўленьне гісторыяй свайго роду прыйшло да яе не адразу. Разам з родным братам яе дзед Казімір Пінюта ў 1938 годзе быў расстраляны нібыта за «шпіёнскую дзейнасьць». Сіратой засталася 9-месячная Ніна, маці Ларысы. Калі на пачатку 1990-х савецкі рэжым сканаў, сям’я паспрабавала знайсьці праўду ў архівах.

«Нам даслалі паперу: Пінюта Казімір Антонавіч расстраляны паводле 58-га артыкулу (тады масава вынішчалі „шпіёнаў“ сярод этнічных палякаў, румынаў, немцаў ды іншых). Быў рэабілітаваны праз адсутнасьць складу злачынства, — расказвае Свабодзе Ларыса Пятроўна. — Вядома, хацелася ведаць больш, але на ўсе запыты прыходзіў аднолькавы адказ: зьвесткі не захаваліся. Толькі ў 2016 годзе мне ўдалося трапіць у архівы ФСБ у Новасыбірск, дзе знайшліся дакумэнты 1922 году. Па тых нумарах я зноў зьвярнулася ў грамадзянскі архіў і неўзабаве здабыла інфармацыю пра сям’ю».

Забарона на выезд з Сыбіру

Беларуская вёска ў Прыбайкальлі: хата, закладзеная беларускім дойлідам
Беларуская вёска ў Прыбайкальлі: хата, закладзеная беларускім дойлідам

​У архіўных матэрыялах ёсьць інфармацыя пра тое, што 14 траўня 1899 году Магдалена Янаўна Шалкевіч і яе муж Пінюта Антон Ёсіфавіч разам зь дзецьмі былі высланыя зь мястэчка Поразава. У «мігранцкім абозе» было і некалькі іншых сем’яў, практычна ўсе паміж сабой сваякі.

У дакумэнтах запісаны падрабязны маршрут, колькасьць людзей і іх узрост. Увесь шлях заняў некалькі месяцаў, па дарозе памерла гадавалая дачка Шалкевічаў-Пінютаў.

Першапачатковым адрасам быў вызначаны Томск, дзе знаходзіўся перавалачны пункт, адтуль іх арганізавана выправілі ў глуш, дзе вакол была толькі тайга. Самавольна пакідаць новае месца жыхарства забаранялася. Але ў пачатку 1920-х зьявілася надзея пабачыць радзіму.

«Калі ў 1921 годзе была падпісаная Рыская мірная дамова, па якой да Польшчы адышлі Горадня разам з Поразавам, сасланым даслалі дакумэнты аб аднаўленьні польскага грамадзянства. Натуральна, сем’і вырашылі вяртацца. Падалі заявы ў органы камуністычнай улады, каб атрымаць дазвол на выезд. Я потым знайшла ў архіве тыя дакумэнты, на ўсіх паперах праштампавана: адмовіць, адмовіць, адмовіць... Проста не далі выехаць з Сыбіру. Ня толькі нашай сям’і — усім. А летам 1937-га зьявіўся сумна вядомы ўказ Сталіна пра палякаў, пачаліся расстрэлы».

З чым беларусы ехалі ў Сыбір. Рэчы перасяленцаў у краязнаўчым музэі беларускай вескі Тургенеўка ў Сыбіры
З чым беларусы ехалі ў Сыбір. Рэчы перасяленцаў у краязнаўчым музэі беларускай вескі Тургенеўка ў Сыбіры

11 жніўня 1937 году выйшаў ухвалены Іосіфам Сталіным апэратыўны загад НКВД СССР № 00485 «Аб ліквідацыі польскіх дывэрсійна-шпіёнскіх групаў і арганізацый польскай ваеннай арганізацыі».

У першую чаргу мелі быць арыштаванымі і пакаранымі асобы са структур НКУС, Чырвонай арміі, вайсковых заводаў і абаронных цэхаў, а таксама на чыгуначным, водным і паветраным транспарце, у электрасілавой гаспадарцы, на газавых і нафтаперагонных комплексах. Затым «усе астатнія», занятыя ў прамысловасьці, саўгасах, калгасах ды іншых установах.

Як прымушалі пераходзіць у праваслаўе

Ларыса Назаранка не бярэцца сьцьвярджаць, што яе продкі пацярпелі менавіта за каталіцкую ці ўніяцкую веру. Але ў гэтым абсалютна не сумняваецца яе беларускі сваяк Віктар Шалкевіч. Пра тое, як «жалезнымі шомпаламі» расейскія ўлады пераводзілі ў праваслаўе на «паўночна-заходніх» землях, у Лёндане пісала газэта расейскай рэвалюцыйнай міграцыі «Колокол» Аляксандра Герцэна. Менавіта ў такім кантэксьце назва мястэчка Поразава трапіла на старонкі «Колокола».

Добраахвотна зь Беларусі паехалі ў Сыбір крыху пазьней, ужо пасьля абвяшчэньня аграрнай рэформы прэм’ера расейскага ўраду Пятра Сталыпіна ў пачатку ХХ стагодзьдзя.

«У Поразаве спрадвеку былі зьмяшаныя каталіцка-ўніяцкія сем’і. Ніхто не пераймаўся: хадзілі да царквы, да касьцёла, усё было гарманічна. А калі зьявіліся расейцы, першай справай узяліся за духавенства. Сьвятары супраціўляліся, іх білі, саджалі на хлеб і ваду, высылалі на перавыхаваньне ў праваслаўныя кляштары. Дайшла чарга да парафіянаў. Таксама цяжка ішло, бо прысылалі такіх гадкіх папоў, што страх Божы. П’юць, кураць, гуляюць. Парафіянам было агідна, на споведзь, прычасьце ішлі не да іх, а да касьцёла (уніяцкай царквы ўжо не было). Адсюль уся буча і пачалася».

Вяртаньне праз стагодзьдзе ў Поразава

Касьцёл у гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве
Касьцёл у гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве

​Ацэньваючы ступень крэўнасьці зь Віктарам Шалкевічам, Ларыса Назаранка адсылае да часоў вымушанай міграцыі — іх прабабкі і прадзеды былі сваякамі адразу па дзьвюх лініях, Шалкевічаў і Пінютаў.

«Калі я даведалася, адкуль яны менавіта, што гэта за месца такое Поразава, пачала шукаць канцы ў сацыяльных сетках, — расказвае суразмоўца. — Спачатку знайшла хлопца з прозьвішчам Пінюта, а ён ужо накіраваў на Шалкевіча. Натрапіла на артыкул, дзе Віктар якраз згадваў пра сваіх сваякоў: і прозьвішчы, і мястэчка сьведчылі, што супадзеньняў занадта шмат, наўрад ці гэта выпадковасьць. Я напісала, і ён адразу адказаў. Дамовіліся сустрэцца; праўда, у мяне ўсё не атрымлівалася. А тут якраз падышоў канцэрт да яго 60-годзьдзя, пад імпрэзу пляны нарэшце рэалізавалі».

Цяпер у найбліжэйшых плянах Ларысы Назаранкі і Віктара Шалкевіча — сумесны выезд у Поразава, дзе за 120 апошніх гадоў ніхто з вымушаных перасяленцаў так і не пабываў.

«Адна справа — штосьці ведаць па сямейных аповедах, і зусім іншае — мець адпаведнае сьведчаньне. Але ў архівах проста ня хочуць шукаць: лягчэй напісаць, што нічога не захавалася. Гэта была самая вялікая праблема. Вядома, калі бярэш у рукі старыя дакумэнты, усьведамляеш гэтыя цяжкія лёсы, сьлёзы на вачах наварочваюцца. Тое, што выяжджалі не добраахвотна, відавочна. Нават зыходзячы з таго, што ў такую сыбірскую глуш з маразамі сам па сабе не паедзеш. Сама ў дзяцінстве даймала маму: там так дрэнна і холадна, дзе бабуля жыве», — гаворыць Ларыса Назаранка.

Сюжэт, варты працягу ў кіно

Сямейныя сакрэты Ларыса Назарэнка спрабавала высьветліць і раней, але кажа, што раскрывацца не хацелі нават сваякі, настолькі былі прыгнечаныя несправядлівасьцю лёсу.

«Цікавілася: „Чаму бабуля так дзіўна размаўляе — нешта шэкае, чэкае?“ Мама адказвае: „Ды таму, што непісьменная“. А паколькі „шэкаў-пшэкаў“ увесь пасёлак сасланых, думала, што гэта такая „вясковая мова“. Іншымі словамі, шмат што ўтойвалася нават у сям’і. Ужо не кажу пра тое, чаму не вярнуліся. Ніхто на гэтую тэму са мной нават не гаварыў. Толькі калі ў архівах пабачыла, што папраўдзе хацелі ад'ехаць, але камуністы не дазволілі, нахлынулі такія эмоцыі, што першай справай узялася і зрабіла карту паляка. Хоць такім чынам рэалізавала дзедаўскую мару вярнуцца да каранёў».

Віктар Шалкевіч да новай сустрэчы з крэўнай ставіцца адказна: ён перакананы, што поразаўскі сюжэт варты кінэматаграфічнага ўвасабленьня.

«Вядома, я б хацеў пра гэта зьняць як мінімум дакумэнтальны фільм, — прызнаецца Шалкевіч. — Усё дзеля гэтага мабілізаваў бы, бо Ларыса фактычна першая зь ліку высланых і іх спадкаемцаў, хто за 120 гадоў ступіць на поразаўскую зямлю. Старонка змаганьня з уніятамі ў Беларусі папросту выкрасьленая, забытая. Гета, Галакост — так, трагедыя. Але зь уніяцкіх вернікаў зьдзекаваліся ня меней, чым з габрэяў — ні за што, проста за веру. Таму і павозім яе ўсюды, і імшу адслужым. Калі гэта было, што людзі аж з Сыбіру праз 100 гадоў успомнілі, хто яны і адкуль...»

Ад каралеўскага мястэчка да сельсавета

Поразава (старая назва — Поразаў) — гарадзкі пасёлак у Сьвіслацкім раёне на рацэ Росі. Упершыню згадваецца ў XV стагодзьдзі як каралеўскае мястэчка Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

У 1506 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Поразаву Магдэбурскае права, у 1616-м паселішча займела ўласны герб — у блакітным полі постаць Панны Марыі зь дзіцяткам Ісусам на руках.

Звон на касьцёле ў гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве
Звон на касьцёле ў гонар сьвятога Арханёла Міхаіла ў Поразаве

У самым канцы XVIII стагодзьдзя па выніках трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Поразава апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся працэс русыфікацыі і пераводу вернікаў у праваслаўе.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Поразава абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ненадоўга: ужо 1 студзеня 1919-га ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР. А згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году адышло да міжваеннай Польскай Рэспублікі ў складзе Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Поразава зноў вярнулі ў склад БССР, падчас Другой сусьветнай вайны, да ліпеня 1944 году ўключна, яно знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Цяпер гэта цэнтар сельсавета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG