У Цюрыху ва ўзросьце 77 гадоў памёр швайцарскі актор Бруна Ганц, найбольш вядомы па ролях анёла Даміэля ў дылёгіі «Неба над Бэрлінам / Так далёка, так блізка!» (рэжысёр Вім Вэндэрс) і Адольфа Гітлера ў «Бункеру» (рэжысёр Олівэр Хіршбігель). Пра гэта са спасылкай на мэнэджэра актора паведаміла газэта Die Welt.
Ганц нарадзіўся ў Цюрыху 22 сакавіка 1941 году. Першыя ролі ў кіно ён сыграў у пачатку 60-х гадоў, а за ўсю сваю кар’еру зьняўся больш чым у трыццаці кінастужках.
Фільм «Бункер» пра апошнія дні нацысцкага лідэра, ролю якога выканаў Бруна Ганц, ня толькі атрымаў некалькі прэстыжных узнагародаў і намінацыі на «Оскар», але і спарадзіў сэрыю пародый на Гітлера ў інтэрнэце.
За сваю карʼеру Бруна Ганц заваяваў некалькі дзясяткаў кінапрэмій. Ён апошнім атрымаў прывілею насіць кальцо Аўгуста Вільгельма Іфланда, якое перадаецца ад аднаго выдатнага нямецкамоўнага актора да іншага. Ганц валодаў ім з 1996 году.
Сваю апошнюю кінаролю Бруна Ганц сыграў у фільме Ларса фон Трыера «Дом, які пабудаваў Джэк».