Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шантаж. Прытулак. Сьмерць


Калі мне было 14 гадоў, разам зь сяброўкамі мы наведвалі Берасьцейскі сацыяльны прытулак — месца, дзе дзеці жылі першыя месяцы пасьля таго, як іх забіралі ад бацькоў. Мне вельмі запомнілася гісторыя адной дзяўчынкі: яна ўжо другі раз была ў прытулку, і трапіла туды праз тое, што бацька цалкам зьнік зь яе жыцьця, а маці мела алькагольную залежнасьць і часам проста забывала дачку на вуліцы. Дзяўчынку забралі ў прытулак, каб выратаваць ёй жыцьцё.

Але бывае інакш: дзяцей адбіраюць і ў тых сытуацыях, калі бацькі клапоцяцца пра іх, але празь беднасьць ня могуць дазволіць сабе хутка абсталяваць мэбляй выдадзеную ім кватэру ці празь вялікую загружанасьць не трымаюць дом у чысьціні. У найлепшым выпадку дзеці і бацькі атрымліваюць псыхалягічную траўму, у найгоршым — нехта з іх не спраўляецца з болем і забівае сябе.

Пятага лютага скончыла жыцьцё самагубствам маці траіх дзяцей Вольга, сёмага — маці чацьвярых Тацьцяна. Дзяцей Вольгі пагражалі забраць у прытулак, а дзяцей Тацьцяны ўсё ж забралі. У абедзьвюх гісторыях дзяржаўныя органы бачылі сваёй роляй не дапамагчы сям’і, а пракантраляваць яе, і гэта прывяло да трагедыі.

Выхаваньне дзяцей — гэта заўжды псыхалягічная нагрузка, а ў сытуацыі, калі дзяцей пагражаюць адабраць, перажываньні могуць стаць невыноснымі. Відавочна, што ў складанай жыцьцёвай сытуацыі людзям патрэбна дапамога, а не пагрозы і шантаж. Усе дзеяньні сацыяльных службаў мусяць ісьці на карысьць дзецям у блізкай і далёкай пэрспэктыве, а пераезд у прытулак амаль ніколі не бывае карысным.

Маці ў пятлі, дзеці ў прытулку і лякарні, бацька мусіць плаціць дзяржаве за ўтрыманьне дзяцей удвая больш, чым зарабляе сам.

Ганна, аднавяскоўка адной з загінулых жанчын, кажа, што забіраць дзяцей зь сям’і — гэта звычайная практыка, і што ў гэтым выпадку малых забралі, каб узбударажыць бацькоў. Наступствы — маці ў пятлі, дзеці ў прытулку і лякарні, бацька мусіць плаціць дзяржаве за ўтрыманьне дзяцей удвая больш, чым зарабляе сам. Узбударажылі, нічога не скажаш.

Але нават калі адкінуць маральны бок дзяржаўных альгарытмаў працы з сем’ямі, якія аказваюцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, застаецца пытаньне — няўжо прасьцей і таньней выбудоўваць інфраструктуру дзіцячых дамоў, чым адрасна дапамагаць тым сем’ям, якія зь нейкіх прычынаў не спраўляюцца самастойна? Няўжо такі моцны страх, што людзі пачнуць «нараджаць і вешаць на дзяржаву»? І чаму гэты страх гіпатэтычных выдаткаў у будучым пераважвае клопат пра дзяцей, якія ўжо нарадзіліся?

Гэтая прынцыповасьць дзяржаўных служачых і іх непераадольнае жаданьне правучыць тых, каго яны на самой справе мусяць падтрымліваць, прыводзіць не да адзінкавых трагедый, а стварае пачварную сыстэму, у якой сацыяльныя службы асацыююцца з рэпрэсіямі і ўседазволенасьцю.

Галоўнае — пакараць бацькоў і зрабіць іх зручнымі і паслухмянымі (каб не псавалі статыстыку), а любыя наступствы такіх пакараньняў можна проста лічыць пабочным эфэктам. Дзеці тут проста інструмэнт кантролю і аб’ект маніпуляцый.

Цяпер дзеці Тацьцяны змогуць вярнуцца да бацькі толькі калі той знойдзе працу ў райцэнтры і абставіць новую кватэру. Такое можна зрабіць толькі з дапамогай неабыякавых людзей — заробак мужчыны складае каля 350-400 рублёў у месяц, а сума выплат за ўтрыманьне дзяцей у прытулку — каля 800 рублёў.

Я ўпэўнена, што такія людзі знойдуцца і што хутка дзеці змогуць вярнуцца да таты. А вось у тым, што людзі, якія давялі Тацяну да адчаю, адкажуць за свае дзеяньні ці хоць бы зьменяць мэтады, аніякай упэўненасьці няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG