Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве расказалі, пры якіх умовах падтрымаюць далучэньне Беларусі да WTO


Штаб-кватэра Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) у Жэнэве. Ілюстрацыйнае фота
Штаб-кватэра Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) у Жэнэве. Ілюстрацыйнае фота

У інтэрвію Свабодзе дарадніца міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Раксалана Підласа паведаміла, што Ўкраіна зацікаўленая ў хутчэйшым далучэньні Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO).

Раксалана Підласа
Раксалана Підласа

«Гэта будзе спрыяць прымяненьню правілаў ды прынцыпаў міжнароднага гандлю ў двухбаковых ўкраінска-беларускіх гандлёвых дачыненьнях», — сказала Раксалана Підласа.

У той жа час дарадніца міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны адмовілася ўдакладніць спрэчныя пытаньні, якія дагэтуль бакі ня могуць урэгуляваць у сфэры доступу тавараў і паслуг на рынкі.

«Зьмест двухбаковых перамоў канфідэнцыйны. Перамовы працягваюцца, таму дату падпісаньня пратаколу аб іх завяршэньні называць заўчасна», — падкрэсьліла Раксалана Підласа.

Паводле яе, украінская дэлегацыя возьме ўдзел у 11-м чарговым паседжаньні рабочай групы для разгляду заяўкі Беларусі на ўступ ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў Жэнэве, якое пачнецца 15 лютага.

Складанасьці ў мінулым?

Два гады таму тагачасная намесьніца міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Натальля Мікольская заўляла, што Ўкраіна можа заблякаваць уступленьне Беларусі ў выпадку, калі беларускі бок падтрымае прапанову Расеі аб увядзеньні абмежаваньняў для ўкраінскай прадукцыі на свой рынак.

У адказ на такія рызыкі Ўкраіна распрацавала альгарытм рэагаваньня на гандлёвыя абмежаваньні ня толькі з боку сяброў WTO, але і краінаў — партнэраў, якія вядуць перамовы аб сваім далучэньні да гэтай арганізацыі.

«У прыватнасьці, мы ня будзем дазваляць такім краінам уступаць у WTO да таго часу, пакуль у нас зь імі ўзьнікаюць гандлёвыя праблемы. Такім жа чынам мы павінны дзейнічаць цяпер, калі Беларусь хоча далучыцца да WTO», — заяўляла Натальля Мікольская. Летась у жніўні яна пайшла ў адстаўку з пасады намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю дзеля дасьледчай працы ў стыпэндыяльнай праграме Цэнтру дэмакратыі, разьвіцьця і вяршэнства права Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў ЗША.

Украіна абмяжоўвае беларускі дэмпінг

За апошнія некалькі гадоў ва Ўкраіне пад антыдэмпінгавыя абмежаваньні трапілі некалькі відаў беларускай прадукцыі — соль, электралямпачкі, запалкі, шыфэр, драўнянавалакністыя пліты, сталь, цэмэнт і хімічная прадукцыя.

1 лютага міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году). У той жа час антыдэмпінгавыя захады да драўнянавалакністых пліт маюць завершыць сваё дзеяньне сёлета ў ліпені.

Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі беларускага прадпрыемства «Мазырсоль» — кампанія ня будзе сплачваць антыдэмпінгавы збор, але будзе прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.

З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце».

Летась у сьнежні ўкраінская мытня заблякавала ўвоз беларускіх угнаеньняў, падазраючы, што пад сэртыфікатамі Беларусі ўвозіцца расейская прадукцыя, на якую ва Ўкраіне ўведзеныя антыдэмпінгавыя мыты. На мяжы 80 вагонаў зь беларускай прадукцыі прастаялі больш за два тыдні, пакуль мытнікі не атрымалі пацьвярджэньня экспэртызы аб беларускім паходжаньні ўгнаеньняў.

У ліпені 2018 году пачалі антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні ў сувязі зь «нядобрасумленнымі» пастаўкамі зь Беларусі цэмэнту ды пруткоў з вугляродзістай і легаванай сталі. Згодна з заканадаўствам Украіны, вынікі вывучэньня рынку гэтай прадукцыі міжведамасная камісія мусіць абвясьціць сёлета ў красавіку-траўні.

Перамовы ў Жэнэве

15 лютага ў Жэнэве пройдзе пасяджэньне рабочай групы Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) аб далучэньні Беларусі. Перамовы беларускай дэлегацыі з асобнымі краінамі пачаліся яшчэ 11 лютага. Беларускую дэлегацыю ачольвае першы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

За сталом зьбяруцца 6 партнэраў Беларусі, у якіх высокі аўтарытэт у WTO: ЗША, Эўразьвяз, Украіна, Канада, Аўстралія і Бразылія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG