Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч 14 лютага прыбыў у Беласток, дзе сустрэўся з падляскім ваяводам Богданам Пашкоўскім і маршалкам Падляскага ваяводзтва Артурам Касіцкім. Ён таксама пабываў у Мэдычным унівэрсытэце.
У другой палове дня Міхаіл Мясьніковіч наведаў вёску Залешаны, дзе ўсклаў кветкі да помніка этнічным беларусам, забітым удзельнікамі польскага антыкамуністычнага падпольля (гэтак званымі «выклятымі жаўнерамі»).
«Я прыехаў укленчыць перад ахвярамі», — прагучалі словы Міхаіла Мясьніковіча ў рэпартажы тэлеканалу «Белсат».
1 лютага 1946 году аддзел пад камандай Рамуальда Райса (мянушка «Буры») спаліў дзьве этнічна беларускія вёскі на Падляшшы — Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах () ягоныя жаўнеры забілі 15 чалавек, пераважна жанчын і дзяцей.
Радыё Рацыя паведаміла, што вечарам адбываецца сустрэча Міхаіла Мясьніковіча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Беластоку. Сьпіс запрошаных складае каля 200 чалавек.
Міхаіл Мясьніковіч прыехаў на запрашэньне маршалка Сэнату Польшчы Станіслава Карчэўскага 11 лютага. На гэтым тыдні Мясьніковіч сустрэўся ня толькі з Карчэўскім, але быў прыняты таксама прэм’ер-міністрам Матэушам Маравецкім і прэзыдэнтам Анджэем Дудам.
Мясьніковіч зьбіраўся наведаць Польшчу яшчэ 24 кастрычніка 2018 году. Візыт быў прымеркаваны да польска-беларускага эканамічнага бізнэс-форуму, які ў той дзень стартаваў у Варшаве. Але тады сустрэчу скасавалі ў апошні момант без удакладненьня прычынаў. Ад некаторых палітыкаў у прыватных размовах можна было пачуць, што ён не паехаў таму, што польскія ўлады нібыта былі супраць таго, каб Мясьніковіч ускладаў кветкі да магілаў беларусаў, якія сталі ахвярамі Рамуальда Райса «Бурага».