Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў 7 гадоў 6 месяцаў турмы для акадэміка Бялецкага, у якога знайшлі паўмільёна даляраў

абноўлена

Аляксандар Бялецкі
Аляксандар Бялецкі

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў 7 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці для акадэміка Аляксандра Бялецкага, перадае карэспандэнт Свабоды.

Прысуд будзе вынесены 15 лютага.

Аляксандра Бялецкага, былога дырэктара РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, абвінавачваюць у хабарніцтве ў асабліва вялікіх памерах (арт. 430 ч.3 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае зьняволеньне ад 5 да 15 гадоў).

Дзяржаўны абвінаваўца сказаў, што ўлічыў зьмякчальныя абставіны: шчырае раскаяньне Бялецкага і добраахвотную сплату ім у сьнежні даходу, атрыманага злачынным шляхам — 4 тысяч эўра і 3 тысяч даляраў.

У сваім апошнім слове Бялецкі сказаў, што прызнае сваю віну. Але браў грошы, лічачы іх падарункамі, і «праявіў слабасьць, не вярнуўшы іх». Бялецкі сказаў, што пры гэтым не даваў ніякіх абяцаньняў і не лабіраваў нечыя інтарэсы. Таксама Бялецкі сказаў, што 5 ліпеня было для яго шокам, «калі ён усё ўсьвядоміў».

Ён паскардзіўся на здароўе, сказаў, што ў першыя тры дні ў яго сарваўся рытм сэрца і яго забралі ў лякарню. На 30% за паўгода ўпаў слых.

Ён прасіў улічыць, што ў краіне 2-3 чалавекі могуць рабіць складаныя апэрацыі, якія робіць ён, і не пазбаўляць яго працы. Бо тут ён прынясе значна больш карысьці, чым калі будзе гэты час праводзіць на нарах.

Ён сказаў, што яму сорамна за тое, што зрабіў.

Паводле Бялецкага, на апошнім допыце яму сказалі, што есьць магчымасьць зьмяніць меру стрыманьня на хатні арышт. «Я за гэта што хочаце мог тады сказаць, прабыўшы ў СІЗА КДБ паўгода, калі ў мяне зьявілася магчымасьць выйсьці да сваякоў, дзяцей і ўнукаў».

Цэнтрам траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі кіраваў з 2007 году, цяпер ён пэнсіянэр. Бялецкі быў затрыманы 5 ліпеня 2018 году і выйшаў з-за кратаў 3 студзеня пад падпіску аб нявыезьдзе.

Улетку 2018 году старшыня КДБ Валер Вакульчык заявіў пасьля затрыманьня Бялецкага:

«Аляксандар Бялецкі затрыманы і заключаны пад варту за арганізацыю правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту мэдычнага абсталяваньня з боку камэрцыйных структураў і своечасовую аплату за аказаныя паслугі. Пры правядзеньні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена каля 500 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце».

У судзе, аднак, хабар памерам 500 тысяч даляраў у эквіваленце не фігураваў.

Паводле абвінавачаньня, злачынныя эпізоды з удзелам абвінавачанага ў хабары Аляксандра Бялецкага адбываліся ў 2016–2018 гадах. У прыватнасьці, у справе фігуруе фірма «Медысфера», якая праводзіла рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне мэдычнага абсталяваньня РНПЦ.

Бялецкі прызнаў віну цалкам. Паводле пракурора, ягоная віна пацьвярджаецца сьведкамі (было названа каля 10 чалавек), дакумэнтамі і пратаколамі вочных ставак.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG