Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар Бабіч расказаў у інтэрвію RT пра мяккую беларусізацыю


Дыплямат патлумачыў, у чым розьніца паміж беларусізацыяй і дэрусыфікацыяй.

Цытаты амбасадара Бабіча з інтэрвію расейскаму тэлеканалу RT (вяшчае на замежную аўдыторыю — РС) апублікаваў партал TUT. BY.
Падчас размовы журналіст задаў Міхаілу Бабічу некалькі пытаньняў пра палітыку так званай «мяккай беларусізацыі», якую нібыта распачалі беларускія ўлады.

«Вельмі тонкая грань паміж мяккай беларусізацыяй і дэрусыфікацыяй, — адзначыў спадар Бабіч. — Патлумачу, у чым гэтая тонкасьць складаецца. На самой справе, вывучэньне роднай мовы, роднай гісторыі, роднай культуры, традыцый свайго народа — гэта нават не права, гэта абавязак любога народа, які не хоча страціць самаідэнтычнасьць. І было б дзіўна якім-небудзь чынам абмяжоўваць у незалежнай і сувэрэннай дзяржаве гэтыя магчымасьці».

У якасьці добрага прыклада Міхаіл Бабіч назваў савецкі пэрыяд гісторыі Беларусі. Паводле Бабіча, менавіта тады актыўна разьвівалася беларуская мова і нацыянальная культура. Пры гэтым амбасадар не бачыць ніякіх пагрозаў для расейскай мовы ў сучаснай Беларусі.

«Я ўжо шмат разоў казаў, наколькі беражлівыя адносіны ў Беларусі да рускай мовы, — адзначыў Бабіч. — На яе ніхто не замахваецца, наадварот ствараюцца ўмовы для яе разьвіцьця. Таму тут трэба ўважліва глядзець, што на самой справе адбываецца, а што нам спрабуюць навязаць як нейкія працэсы, якія нібыта адбываюцца».

Міхаіл Бабіч быў прызначаны амбасадарам Расеі ў Беларусі 24 жніўня. Чуткі аб яго прызначэньні хадзілі больш за месяц, да таго ад Бабіча ў якасьці расейскага амбасадара адмовілася Ўкраіна.


Ён на 29 гадоў маладзейшы за папярэдняга амбасадара. Былы амбасадар Аляксандар Сурыкаў займаў пасаду больш за 12 гадоў, быў зьняты зь яе ва ўзросьце 78 гадоў.
Міхаіл Бабіч нарадзіўся ў Разані. Жанаты, мае траіх дзяцей. Сябра партыі «Единая Россия».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG