«Лава Клінтана», як і само ўрочышча Курапаты, — шматзначны палітычны сымбаль. Каму не падабаюцца тыя каштоўнасьці, якія яны сымбалізуюць?
Сьцісла
- Гэты памятны знак адлюстроўвае шмат розных ідэалягічных вобразаў.
- Разбурэньне «лавы Клінтана» ня выгаднае ўладам.
- Вэрсія: гэта таемна робяць прадстаўнікі нейкай сілавой структуры.
- Другая вэрсія: гэта робяць экстрэмісты, зацятыя прыхільнікі сталінізму і «русского мира».
Храналёгія вандалізму
Спачатку кароткая храналёгія апошняга часу. 1 лютага невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва ўрочышчы Курапаты. 5 лютага амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. У той жа дзень стала вядома, што па гэтым факце Сьледчы камітэт Беларусі праводзіць праверку. І вось 7 лютага актывісты ўбачылі, што «лава Клінтана» зноў разбурана, прычым больш брутальна, чым раней.
Змаганьне з гэтым памятным знакам стала ў Беларусі нейкім барбарскім мэтадам палітычнага спаборніцтва, ідэалягічнай барацьбы. Ад 2001 году вандалы ня раз апаганьвалі «лаву Клінтана». Тлумачэньне гэтага вандалізму відавочнае.
Палітычны сымбаль
«Лава Клінтана», як і само ўрочышча Курапаты, — гэта палітычны сымбаль. Прычым шматзначны.
Па-першае, гэта напамін пра злачынствы савецкага рэжыму, зь якога вынікае адрынаньне савецкай спадчыны, той мадэлі грамадзкага разьвіцьця, за якую так моцна трымаюцца беларускія ўлады.
Па-другое, з самага пачатку ператварэньня Курапат у мэмарыял ён стаў сымбалем дэмакратычнай апазыцыі. Урочышча адкрыў Зянон Пазьняк. Курапаты сталі адной з ідэалягічных крыніц Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». 30 гадоў апазыцыя бароніць урочышча ад уладаў, бізнэсоўцаў, вандалаў.
Па-трэцяе, гэта памяць пра пачатак 1990-х гадоў, першую пару беларускай незалежнасьці, калі на афіцыйным дзяржаўным узроўні прызнавалі і Курапаты, і БНР. Менавіта на той час прыпаў візыт у Беларусь прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, які і падарыў гэты памятны знак беларускаму народу. Якраз той пэрыяд гісторыі цяперашнія ўлады імкнуцца зьняважыць, збэсьціць. Маўляў, гэта быў суцэльны правал, крах, хаос, а сапраўдная дзяржаўнасьць Беларусі пачынаецца з 1994 году, калі прэзыдэнтам быў выбраны Аляксандар Лукашэнка.
Па-чацьвёртае, «лава Клінтана» — гэта знак павагі да ЗША, супрацоўніцтва з Амэрыкай. Калі глядзець шырэй, то гэта сымбаль празаходняй арыентацыі Беларусі.
Ці вінаватыя ўлады?
Змаганьне з сымбалямі — звычайная зьява ў гісторыі і палітыцы ўсіх народаў. Каму не падабаюцца тыя каштоўнасьці, якія сымбалізуюць «лава Клінтана» і ўрочышча Курапаты? Першы адказ, які, здаецца, ляжыць на паверхні, — гэта беларускія ўлады. Адразу ўзгадваецца, як у 1995 годзе кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў парваў на шматкі бел-чырвона-белы сьцяг. На гэтую вэрсію працуе і той факт, што міліцыя так ні разу і не знайшла зламысьнікаў.
Аднак тое, што ляжыць на паверхні, не заўсёды сапраўднае. Ёсьць некалькі фактаў, якія супярэчаць гэтай павярхоўнай лёгіцы.
Самы няшчасны для «лавы Клінтана» быў 2009 год. Тады гэты знак некалькі разоў разьбівалі, перакульвалі, размалёўвалі. А чым быў найбольш знамянальны той год для беларускай палітыкі? Гэта быў час, калі адбывалася кульмінацыя першай спробы размарожваньня адносін Беларусі з Захадам, у тым ліку з ЗША, пэрыяд умоўнай лібэралізацыі, калі ў краіне фактычна не было палітвязьняў. З гледзішча ўлады апаганьваць «лаву Клінтана» не было сэнсу.
Цяпер таксама адбываецца нешта падобнае. Найперш, беларускія ўлады нарэшце афіцыйна прызналі Курапаты, у лістападзе 2018 году паставілі там мэмарыяльны знак. І, дарэчы, празь месяц пасьля гэтага невядомыя зламысьнікі надрапалі на ім зорку Давіда.
Якраз цяпер афіцыйны Менск імкнецца размарозіць адносіны з ЗША. 10 студзеня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей патэлефанаваў у Вашынгтон і праінфармаваў, што беларускі бок зьняў абмежаваньне на колькасьць дыпляматаў ЗША, якім дазволена працаваць у краіне.
31 студзеня намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі Алег Краўчанка езьдзіў у Вашынгтон, выступіў на панэльнай дыскусіі «Атлянтычнай рады», усяляк запэўніваў, што афіцыйны Менск мае намеры палепшыць адносіны з ЗША.
На гэтым тле для ўладаў ладзіць нейкія дробныя ўколы, якія б псавалі дачыненьні са Злучанымі Штатамі, было б нелягічным. Тады хто гэта ўсё робіць?
Дзьве асноўныя вэрсіі
Існуюць дзьве асноўныя вэрсіі.
Першая. Гэта таемна робяць прадстаўнікі нейкай сілавой структуры, незадаволеныя дзейнасьцю МЗС, накіраванай на нармалізацыю адносін з Захадам. Бо гэта вядзе да страты палітычнага ўплыву сілавікоў, умоўных «ястрабаў», падвышае ўнутрыўладную вагу ўмоўных «лібэралаў». Там ёсьць кіраўнікі зь нездаровай настальгіяй па часах НКВД. Мінулым годам міністар замежных спраў Уладзімер Макей выказаў публічнае незадавальненьне заявай Міністэрства ўнутраных спраў пра вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску. Таму і ня могуць знайсьці тых, хто ўчыняе гэты вандалізм.
Другая вэрсія. Гэта робяць экстрэмісты, зацятыя прыхільнікі сталінізму і «русского мира», незадаволеныя адмовай афіцыйнага Менску будаваць «саюзную дзяржаву» і імкненьнем паляпшаць стасункі з Захадам, прызнаньнем уладамі Курапатаў як мэмарыялу ахвярам сталінскіх злачынстваў. Праяваў іх дзейнасьці ў Беларусі даволі шмат. Паколькі сапраўднай публічнай палітыкі ў Беларусі няма, то іх змаганьне з ідэйнымі апанэнтамі прымае вось такія барбарскія формы. У такім выпадку менавіта ўлады найперш павінны быць зацікаўленыя злавіць злачынцаў, каб зьняць зь сябе ўсялякія падазрэньні.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае
«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.
Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.
Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».
1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.