Лаву Клінтана за 25 гадоў апаганьвалі больш за 15 разоў. За гэта нікога не затрымалі. За «абразу» менскага гарадавога пакаралі мінімум 8 чалавек.
Лаву Клінтана «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» адкрылі ва ўрочышчы Курапаты ў студзені 1994 году пры ўдзеле прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.
За 25 гадоў яе апаганьвалі 15 разоў: бурылі кувалдай, аблівалі фарбай, выкрадалі яе кавалкі. Першы раз лаву раскалолі ў 2001 годзе. Тады яе склеілі, а на месцы расколу прымацавалі вянок. Пазьней яго скралі.
7 лютага лаву разбурылі 15-ты раз — пабілі на 14 кавалкаў. Гэта быў другі акт вандалізму за месяц. Вінаватых ніколі не знаходзілі.
Менскі гарадавы, які зьявіўся каля будынку МУС два гады таму, стаў самым абароненым помнікам. Каля яго стаяць камэры відэаназіраньня, а да мінакоў, якія дакранаюцца да яго, адразу выходзіць міліцыя.
За поўху гарадавому, здымкі зь ім, удаўку, накінутую на помнік, накінуты шалік дый проста пацалунак ня раз затрымлівалі людзей, правяралі ў іх дакумэнты і нават судзілі. За «абразу» помніка пакаралі мінімум 8 чалавек. Агулам актывісты заплацілі каля 800 даляраў штрафаў.
За вандалізм у адносінах да лавы Клінтана пакуль не пакаралі нікога.