Цяпер Ганна Норкус, як і да прысуду, кіруе Віцебскай бройлернай птушкафабрыкай (гадлёвая марка «Ганна»).
Тытул «Чалавек году Віцебшчыны — 2018» яна атрымала ў намінацыі «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяродзьдзя, лясная гаспадарка». На дадатак да тытулу ёй далі 2550 рублёў прэміі.
Усяго «Людзьмі году» Віцебскі аблвыканкам назваў 50 чалавек, паведамляюць vitvesti.by.
У 2014 годзе Ганну Норкус (тады яе прозьвішча было Шарэйка) пазбавілі статусу члена Савету Рэспублікі і арыштавалі. Паводле сьледчых, птушкафабрыка доўгі час набывала кармы за мяжой і па завышаных цэнах. Дырэктарку абвінавацілі ў прычыненьні шкоды ў буйным памеры.
За кратамі яна правяла амаль два гады, яшчэ 5 месяцаў доўжыўся працэс. Пасьля вынясеньня прысуду — 2,5 года калёніі — суд вызваліў яе па амністыі.
На волі Ганна Шарэйка заявіла, што не крыўдуе за арышт, падзякавала за добрае абыходжаньне за кратамі — і неўзабаве вярнулася ў дырэктарскае крэсла на «Ганьне».
Адметна, што арыштаваную дырэктарку актыўна падтрымлівалі работнікі птушкафабрыкі. Яны ня верылі ў яе віну, зьвярталіся да Лукашэнкі з просьбамі вызваліць яе, прыяжджалі на суд у Менск.
Ганна Норкус узначальвае Віцебскую птушкафабрыку з 1998 году. На сёньня гэта адно з самых пасьпяховых прадпрыемстваў Віцебшчыны.