Па факце разбурэньня ў Курапатах «лавы Клінтана» Сьледчы камітэт Беларусі праводзіць праверку.
«Менскім раённым аддзелам Сьледчага камітэту робяцца праверачныя захады, па выніках якіх будуць прынятыя працэсуальныя рашэньні», — паведаміла Свабодзе афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менскай вобласьці Тацяна Беланог.
Пра разбурэньне «лавы Клінтана», усталяванай 25 гадоў таму ў Курапатах, стала вядома 1 лютага. Абаронца Курапатаў Зьміцер Дашкевіч зьмясьціў гэтую інфармацыю ў інтэрнэце і праінфармаваў міліцыянтаў Бараўлянскага аддзяленьня міліцыі Менскага раёну.
Паводле зьвестак, якія атрымаў у міліцыі актывіст Алесь Чахольскі, на праверку па факце разбурэньня «лавы Клінтана» адведзена 10 дзён.
«Мы настойваем на абавязковым завядзеньні крымінальнай справы. Гэта вельмі сур’ёзны інцыдэнт зь міжнародным гучаньнем, бо „лава Клінтана“ — падарунак амэрыканскага народу беларускаму. Пляма кладзецца на ўсіх нас», — сказаў кіраўнік дырэкцыі народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі.
У сьнежні 2018 году невядомыя надрапалі зоркі Давіда на дзяржаўным мэмарыяльным знаку, які ў лістападзе паставілі ў Курапатах на замову ФПБ.
Паводле афіцыйнай прадстаўніцы СК Менскай вобласьці Тацяны Беланог, па гэтым факце заведзеная крымінальная справа.
«Крымінальную справу завёў Менскі раённы аддзел Сьледчага камітэту паводле артыкулу 344 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер праводзяцца сьледчыя дзеяньні, орган дазнаньня атрымаў даручэньне высьветліць асобу ці асоб, які ўчынілі гэтае супрацьпраўнае дзеяньне», — паведаміла Тацяна Беланог.
Артыкул 344 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў або матэрыяльных аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці» караецца грамадзкімі працамі, або штрафам, або арыштам, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.