Па выніках 10-дзённай праверкі вырашаць, ці заводзіць крымінальную справу. Тым часам абаронцы Курапат думаюць, што рабіць з мэмарыяльным знакам: рамантаваць, ставіць новы ці пакінуць разламаным?
4 лютага актывісту КХП БНФ, кіраўніку грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесю Чахольскаму ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі Менскага раёну паведамілі, што матэрыялы аб разбурэньні «лавы Клінтана» перададзеныя на праверку ў раённую ўправу Сьледчага камітэту.
«Сказалі, што сьледчы разам зь міліцыянтамі ўжо выяжджалі ў Курапаты, аглядалі кавалкі „лавы Клінтана“. Справа знаходзіцца на 10-дзённай праверцы, па выніках якой вырашаць, ці заводзіць крымінальную справу», — сказаў Свабодзе Алесь Чахольскі.
У Бараўлянскім аддзеле міліцыі карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць выпадак з «лавай Клінтана». Атрымаць камэнтар у Сьледчым камітэце таксама не ўдалося.
Адрамантаваць, зрабіць копію ці пакінуць так?
Пакуль чатыры кавалкі разьбітай «лавы Клінтана» ляжаць у Курапацкім лесе, абаронцы мэмарыялу вырашаюць, што далей рабіць з падарункам амэрыканскага народу: адрамантаваць, вырабіць і ўсталяваць новую лаву — копію разламанай, ці пакінуць кавалкі разламанай лавы на ранейшым месцы.
Да апошняга варыянту схіляецца Зьміцер Дашкевіч, які 1 лютага першым заўважыў і паведаміў у сацсетках пра разбурэньне «лавы Клінтана».
«Пакуль я за тое, каб скласьці гэтыя чатыры кавалкі на бэтонным пастамэнце і больш нічога зь імі не рабіць. Хай гэтыя расколіны таксама будуць помнікам нашаму часу, сьведчаньнем пра гэтыя 25 гадоў вандалізму. Нават не бэтанаваць», — сказаў Свабодзе Дашкевіч.
1 лютага пасьля 20 гадзіны Зьміцер Дашкевіч сыходзіў з вахты, якую абаронцы Курапат ужо дзявяты месяц трымаюць каля рэстарацыі «Поедем поедим». Актывіст пайшоў праз Курапацкі лес і ўбачыў, што лава разьбітая на чатыры кавалкі. Паводле Дашкевіча, ён адразу патэлефанаваў у Бараўлянскі аддзел міліцыі, дзе адказалі, што высылаюць на месца здарэньня нарад. Зьміцер Дашкевіч кажа, што ня верыць, што вандалаў, якія разбурылі помнік, знойдуць.
«Тут усё адбывалася пры абсалютнай абыякавасьці сілавых структур. Пакуль дзясяткі міліцыянтаў ахоўвалі „кабак на костках“ (рэстарацыя „Поедем поедим“. — РС), у гэты час зьдзяйсьняліся акты вандалізму ў Курапатах. Летам выламалі і папалілі крыжы, у сьнежні абмалявалі дзяржаўны помнік, ужо тады была спроба разбурыць „лаву Клінтана“, але вандала спалохалі. Але зноў — ніякай рэакцыі міліцыі, усё сышло з рук. Міліцыянты працягвалі рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і вось дачакаліся».
Хто мог разбурыць «лаву Клінтана»?
Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што патэнцыяльных хуліганаў можа быць шмат.
«Цягам абароны Курапатаў мы назіралі, як шмат людзей прасталінскіх поглядаў, прадстаўнікоў „русского мира“ ў інтэрнэце абражалі памяць Курапатаў, людзей, якія іх абараняюць. Наўпрост пагражалі і тым, хто там ставіў крыжы. Пагражалі і пікетоўцам рэстарацыі. Таму гэта мог зрабіць той чалавек, які ўжо прыходзіў 19 сьнежня ў Курапаты з кувалдай, але мог і нехта іншы. Галоўнае, што гэта вынік 25-гадовай прапаганды рэжыму, паводле якой Курапаты — ня вартае памяці месца, што нібыта невядома, хто каго там расстрэльваў», — мяркуе Зьміцер Дашкевіч.
На яго думку, «лава Клінтана» магла быць разбураная ў ноч на 1 лютага.
«Бо кавалкі лавы ўжо былі пад сьнегам, які якраз выпаў напярэдадні, ноччу», — кажа актывіст.
Лаву ўжо аднаўлялі
Алесь Чахольскі, кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу «Курапаты», сакратар КХП-БНФ, мяркуе, што «лаву Клінтана» трэба цалкам аднавіць.
«На мой погляд, „лаву Клінтана“ трэба і можна аднавіць, вырабіць цалкам новую, а кавалкі разбуранай лавы не пакідаць без нагляду, а захаваць для будучага музэю ў Курапатах. Гэты музэй з расповедам пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі і ягоных ахвяраў абавязкова будзе, і ў ім павінна быць асобная экспазыцыя пра абарону Курапатаў у нашы часы. Вось там кавалкі „лавы Клінтана“ стануць важным экспанатам таго, як улады пры Лукашэнку ставіліся да народнага мэмарыялу», — сказаў Свабодзе Алесь Чахольскі.
У 2007 годзе Алесь Чахольскі разам са скульптарам Алесем Шатэрнікам ды іншымі актывістамі ўжо займаўся аднаўленьнем разбуранай «лавы Клінтана». Паводле актывіста, патураньне вандалам з боку ўлады стала прычынай таго, што інцыдэнт з «лавай Клінтана» паўтарыўся.
«Тады яна была разламаная на два кавалкі. Як яе аднавілі? Гэтым займаўся Алесь Шатэрнік. Ён злучыў кавалкі, відаць, склеіў, умацаваў зьверху мэталічным вянком, а мы потым усталёўвалі лаву на бэтонную падстаўку. І вось жа прастаяла больш за 10 гадоў, але за апошнія 8 месяцаў сытуацыя зьмянілася. За гэты час дзясяткі міліцыянтаў ахоўвалі ад пікетоўцаў рэстарацыю, а да „лавы Клінтана“ падыходзілі, толькі калі там адбываліся акцыі, каб прасачыць за пікетоўцамі. Вандалы іх не цікавілі. Хоць бы там рэгулярна праходзіў невялікі нарад, ужо б гэта магло засьцерагчы. Але нічога не рабілі. Таму я намераны паскардзіцца яшчэ і ў пракуратуру на бязьдзеяньне органаў дзяржаўнай улады, бо не было рэакцыі на нашы сыгналы пра сыстэматычны вандалізм у Курапатах», — сказаў Алесь Чахольскі.
Ганна Шапуцька, кіраўніца ініцыятывы «Абаронім Курапаты», таксама выказалася за аднаўленьне «Лавы Клінтана» на ранейшым месцы.
«Калі магчыма, трэба аднавіць былую лаву, а калі тэхнічна гэта ня ўдасца зрабіць, дык трэба замовіць і вырабіць новую. Гэта вельмі важны помнік, ён абавязкова павінен быць у Курапатах, бо сымбалізуе салідарнасьць зь беларусамі ўсяго сьвету і найперш амэрыканскага народу», — мяркуе Ганна Шапуцька.
Сяргей Аганаў, адзін з аўтараў мэмарыялу, летась усталяванага у Курапатах на замову Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, мяркуе, што з вандалізмам трэба змагацца.
«Таму вельмі асуджаю тых, хто гэта зрабіў з „лавай Клінтана“. Па здымках, якія я бачыў у інтэрнэце, тэхнічна яе яшчэ можна аднавіць, адмыслоўцы такія працы робяць. Іншая рэч, што, можа, таньней будзе вырабіць і ўсталяваць новую. Тут трэба ўсё ўзважыць», — мяркуе скульптар Сяргей Аганаў.
Чаму не адрамантавалі «дзяржаўны» помнік у Курапатах?
У сьнежні 2018 году на мэмарыяльным знаку ягонага аўтарства невядомыя вандалы нанесьлі зоркі Давіда. Мінула больш за месяц, а зоркі Давіда дагэтуль не зафарбаваныя.
Паводле Сяргея Аганава, ня толькі моцныя маразы, якія стаялі ў студзені, сталі прычынай адтэрміноўкі рамонту.
«Наш Мастацкі камбінат зьвяртаўся ў Сьледчы камітэт, дзе вядзецца справа аб апаганьваньні помніка, па дазвол пачаць рамонт, але адтуль адказалі, што яшчэ нельга нам брацца за працу. Таму пакуль знак стаіць з гэтымі драпінамі, магчыма, яны спатрэбяцца для сьледчых дзеяньняў. Чакаем дазволу», — сказаў Свабодзе Сяргей Аганаў.