У выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў новы раман Ільлі Сіна «Libido». Гэта першая кніга знакамітага парушальніка літаратурнага працэсу мінулых двух дзесяцігодзьдзяў, у якой ёсьць такія ўласьцівасьці прозы, як герой і сюжэт. А таксама першая, у якой няма знарочыстасьці і наўмыснай задзірыстасьці з традыцыйнымі эстэтычнымі густамі.
Ільля Сін
- аўтар пяці кніг трансгрэсіўнай прозы, зрухар мастацкага руху «БумБамЛіт» (1995–1999),
- лідэр групы экзыстэнцыйнай клаўнады «Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці» (1997–2010),
- арганізатар і/або ўдзельнік некалькіх соцень імпрэзаў у Беларусі і ў іншых краінах,
- стыпэндыят літаратурнай праграмы «Homines Urbani» (Кракаў, 2008) і Міжнароднага дома пісьменьніка і перакладчыка (Вэнтсьпілс, 2010),
- у 1999 годзе ўзнагароджаны Міхасём Баярыным альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй у галіне літаратуры і побытавага пʼянства.
Новая ягоная кніга наводзіць чытача на думку, што аўтар разьвітаўся з маладымі забавамі ды пачаў шукаць крохкія праявы быцьця-небыцьця. Шляхі ягоных герояў (ці мо й аўтара) пралягаюць праз спакусы і звабы наўкольнай рэальнасьці, намаляванай у бязрадасных колерах. Яны трывожныя, агрэсіўныя і безнадзейныя.
«Міжнародны цягнік, на які ён загадзя купіў квіток, акурат надоечы адмянілі, і таму давялося зрабіць перасадку ў бліжэйшым абласным цэнтры. Электрычка затрымалася на дзьве гадзіны: на вакзале ішла пагрузка бранятэхнікі.
Пасьля блёкпоста, які адкрываў шлях на спрэчную тэрыторыю, састаў рухаўся надзвычай павольна, нібы зь цяжкасьцю пераадольваючы марознае перадранішняе паветра. У вакно была відаць толькі сьнежная роўнядзь, што раз-пораз парушалася амаль цацачнай хацінкай. У адной зь іх нават гарэла сьвятло, і Іншы на якое імгненьне адчуў сябе трохі ўтульней».
Гэты нехта Іншы едзе да той, якую прымроіў ці вылічыў праз складаны шматхадовы інтэрнэтны пошукавік. І яна яго ўсё жыцьцё чакае.
Гісторыя галоўнай гераіні Марыі напісаная паўтонамі, ейныя амаль варʼяцкія відзежы далікатна ўплеценыя ў тонкую тканіну пачуцьця безвыходнасьці. Былая порнаакторка, машыністка цягніка ў дзіцячым парку, вырабляльніца плястмасавых кветак апынаецца на вайне, якую невядома хто распачаў і невядома з кім ваюе. Але ёй ужо ўсё адно.
«Пляснуўшы дзьвярыма кватэры ды пакінуўшы іх наросхрыст, Марыя спускаецца па запляванай лесьвіцы падʼезду. Шыбаў у вокнах амаль ужо не засталося. Пад нагамі хрумсьціць шкло, бы рассыпаны ў дзіцячым парку папкорн.
На пляцоўцы паверхам ніжэй прытаіўся снайпэр. Марыя прасьлізгвае міма, ледзь не задзеўшы сваім плячом ягоны бушлат, снайпэр праводзіць яе вінаватым поглядам ды зноў прыліпае да прыцэлу. Праз момант куля трапляе ў пашчэрбленую сьцяну, захрасаючы ў шматслойным пірагу тынкоўкі».
Марыя ідзе па вайне, як Хрыстос па вадзе. І кулі яе не кранаюць. У рамане шмат адсылак да біблійных сюжэтаў. Ён і сканчаецца малітвай Марыі, якую непрызнаны сьвятар абвяшчае блаславёнай. І ў гэтай яе малітве — ці ня ўся ідэя аўтара.
«Божа! у гэтай даліне нічога болей не пакідае ценю
сьвятло тут роўнае і бляклае пляскаты пляскаты сьвет
нібыта ў больніцы якая вядома ж ня сьмерць
дзе марна чакаць на збавенную цемру на сон
як не выпадае чакаць і на абуджэньне
...
Божа! усё рассыпаецца ад дотыку маіх пальцаў
рэчы пачуцьці і людзі
як рассыпаюцца ў парахню мёртвыя матылькі
шурпатых учэпістых пальцаў
прызвычаеных несупынна сьціскаць
паветра тут густое і вязкае нібы жэле
у ім не стаяць і ня падаць
не караскацца і не ляцець
адно канвульсіўныя павольныя рухі
мы як мухі заціснутыя між аконнымі рамамі
ня здатныя ані вызваліцца, ані памерці
...
Божа, будзь з тымі, хто шукае і не знаходзіць. Амін».