Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі шоўмэн Зяленскі раздаў аўтографы ў ЦВК і выказаўся пра Лукашэнку


Актор «Студыі Квартал-95» Уладзімір Зяленскі ў часе здымак навагодняга «Вечаровага кварталу», сьнежань 2018
Актор «Студыі Квартал-95» Уладзімір Зяленскі ў часе здымак навагодняга «Вечаровага кварталу», сьнежань 2018

Адзін з фаварытаў прэзыдэнцкай гонкі ва Ўкраіне, актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі, якому прагназуюць выхад у другі тур, перадаў у Цэнтральную выбарчую камісію пакет дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта.

— Сёньня ў мяне два дні нараджэньня — як у чалавека і як у палітыка, — заявіў Уладзімір Зяленскі. — Мне вельмі прыемна тут знаходзіцца. Я вельмі рады, што побач са мной мае сябры па „Кварталу“, па партыі „Слуга народу“, мая сям’я. Спадзяюся, што цяпер усе зразумеюць, што гэта (вылучэньне — РС) не было фэйкам ці рэклямай. Я вельмі сур’ёзна стаўлюся да нашай краіны, да кожнага чалавека.

Комік Зяленскі: Разумныя прэзыдэнты, у якіх ёсьць пачуцьце гумару

Наведваньне ЦВК каманда Ўладзіміра Зяленскага ператварыла ў шоў, ён з задавальненем дазваляў фатаграфавацца побач з сабой. Пры гэтым зусім неахвотна размаўляў з журналістамі, пазьбягаў адказаў на пытаньні і прапанаваў пазнаёміцца са сваёй выбарчай праграмай, якую раздалі прадстаўнікам СМІ.

— Ад сёньня мы будзем паказваць нашу перадвыбарную гонку — як пішам сваю праграму, хто працуе ў нашай камандзе, — паабяцаў ён. — Вы пабачыце, дзе мы будзем браць грошы на выбарчую кампанію. Там будуць усе адказы. Галоўнае, хочам паказаць на маім прыкладзе, што калі ты ідзеш у палітыку, можна застацца нармальным чалавекам. Я буду ствараць краіну-мару, без карупцыі і запрашаць эўрапейскіх інвэстараў.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, якім чынам ён плянуе выбудоўваць дачыненьні зь Беларусьсю і яе кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам пасьля таго, як высьмейваў яго ў сваёй творчасьці, Зяленскі сказаў:

— Высьмейваў? Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя.

Казачная Русь Зяленскага пра Лукашэнку

Супрацоўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі бралі аўтографы ў коміка. У прыватнасьці, адна з супрацоўніц ЦВК папрасіла Зяленскага падпісацца на амаль дзесяці яго фотаздымках, раздрукаваных загадзя.

Алігарх Тарута: Беларусы — браты, але не расейцы

Свае дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты перадалі ў Цэнтральную выбарчую камісію 38 прэтэндэнтаў, 19 зь іх ужо зарэгістраваныя і маюць законныя падставы для ажыцьцяўленьня агітацыйнай кампаніі. Экспэрты не выключаюць, што агулам у выбарчыя бюлетэні будуць уключаныя больш як 40 кандадытаў.

25 студзеня па афіцыйную рэгістрацыю ў ЦВК зьвярнуліся таксама ўкраінскі алігарх, дэпутат парлямэнту Сяргей Тарута, якога вылучыла партыя «Аснова», і самавылучэнец, колішні старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Ігар Сьмяшко.

Сяргей Тарута
Сяргей Тарута

У свой час Сяргей Тарута меў у Беларусі бізнэс па рэалізацыі мэталюргічнай прадукцыі, які, як ён сьцвярджае, быў вымушаны закрыць пасьля прызначэньня ў 2014 годзе на пасаду кіраўніка Данецкай дзяржаўнай абласной адміністрацыі. Да Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі ён ставіцца з удзячнасьцю:

— Беларускі народ — нашы браты. Галоўнае, што і прэзыдэнт, і ўрад шмат рабілі і робяць, каб дапамагаць Украіне. Сёньня ў Беларусі шмат перасяленцаў з Данбасу, якія атрымалі тыя ж правы, што маюць і беларусы. Я бачу, як у Лукашэнкі сэрца баліць, калі ён кажа пра Ўкраіну, пра сытуацыю на Данбасе і пра гэтую вайну. І я вельмі ўдзячны, што прэзыдэнт Беларусі гатовы далучацца і да публічнай, і да непублічнай дыпляматыі для разьвязаньня сытуацыі.​

Выведнік Сьмяшко: Лукашэнку трэба дапамагчы

Ігар Сьмяшко
Ігар Сьмяшко

У сваю чаргу Ігар Сьмяшко адзначае, што Беларусь — гэта эўрапейская нацыя, якая «гістарычна прагне нармальнага эўрапейскага жыцьця». А таму Ўкраіна мусіць дапамагаць свайму суседу:

Лукашэнку цяжка, ён своеасаблівая асоба. Але ж немагчыма зьмяніць і душу беларускага народу, гэта не Расея. Ні Беларусь, ні Ўкраіна ня могуць разьвівацца ва ўмовах аўтакратыі. Мы прыродна павінны жыць пры дэмакратыі. Толькі калі тры галіны ўлады разьдзеленыя, тады ёсьць верхавенства права. Спадзяюся, Беларусь будзе рухацца эвалюцыйна, без рэвалюцый. Зараз складаны час для Беларусі, Украіна мусіць дапамагчы. Але ня так, як прапануе «Правы сэктар» для карцінкі на расейскіх СМІ. Лукашэнку трэба дапамагчы быць у больш шчыльнай супрацы з заходнімі ўрадамі.

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне прызначаныя на 31 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG