Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў два дзейныя законы, якія вызначаюць працэдуру пераходу мясцовых рэлігійных грамад у падпарадкаваньне іншай рэлігійнай арганізацыі.
І хаця ў законе не ўдакладняецца канфэсійная прыналежнасьць рэлігійных грамад, гэтыя заканадаўчыя зьмены маюць аблегчыць працэс пераходу грамадаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў падпарадкаваньне новастворанай Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
Заканадаўчыя зьмены падтрымалі 229 парлямэнтароў.
Катэгарычна не ўспрынялі новыя правілы вызначэньня падпарадкаваньня рэлігійных грамад і іхнай юрыдычнай рэгістрацыі дэпутаты фракцыі «Апазыцыйны блёк». У часе галасаваньня па законапраекце яе лідэр Вадзім Навінскі падбег да сьпікера Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія з патрабаваньнем зьняць яго з разгляду. У адказ кіраўнік парлямэнту выгукнуў: «Адыдзі ад мяне, нечысьць».
Закон набудзе сілу пасьля таго, як яго падпіша прэзыдэнт Пятро Парашэнка.
Дакумэнт прадугледжвае, што кожная рэлігійная грамада можа ўхваляць пытаньне аб сваім падпарадкаваньні «на прынцыпах свабоднага волевыяўленьня». Адпаведнае рашэньне павінны падтрымаць ня менш як дзьве трэці ад колькасьці сябраў рэлігійнай грамады на агульным сходзе. Потым адпаведныя зьмены павінны быць унесеныя ў статут, які падлягае абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі ў органах юстыцыі. Вернікі, нязгодныя з рашэньнем сходу, маюць права стварыць іншую рэлігійную суполку і заключыць дамову аб карыстаньні культавым будынкам.
У законе падкрэсьліваецца, што «дзяржава прызнае права рэлігійнай грамады на яе падпарадкаванасьць у кананічных і арганізацыйных пытаньнях любым рэлігійным цэнтрам, якія дзейнічаюць ва Ўкраіне і па-за яе межамі».
У той жа час закон забараняе «зьдзяйсьняць любыя дзеяньні па адчужэньні маёмасьці рэлігійнай арганізацыі, у прыватнасьці яе продаж, абмен, заклад, іпатэку, бясплатную перадачу ва ўласнасьць і кіраваньне іншым асобам да завяршэньня працэдуры зьмены падпарадкаванасьцi».
Пасьля атрыманьня ад Канстантынопальскага патрыярхату томаса на стварэньне Праваслаўнай царквы Ўкраіны была створана інтэрактыўная мапа прыходаў, якія перайшлі з Маскоўскага патрыярхату ў новаствораную памесную царкву.
Згодна з апошняй інфармацыяй, у Праваслаўную царкву Ўкраіны, якую ўзначаліў мітрапаліт Эпіфаній, перайшлі больш як 80 прыходаў з Кіева, Чарнігаўскай, Віньніцкай, Хмяльніцкай, Львоўскай, Адэскай, Мікалаеўскай, Цярнопальскай, Івана-Франкоўскай, Закарпацкай, Кіеўскай, Ровенскай і Чаркаскай абласьцей. У адным зь мястэчак Валынскай вобласьці мясцовая рэлігійная грамада перайшла ў ПЦУ без свайго сьвятара, які застаўся ў Маскоўскім патрыярхаце.