Беларусь і Расея знаходзяцца напярэдадні поўнамаштабнай інфармацыйнай вайны.
- Слабая спроба Менску аспрэчыць расейскія закіды выклікала рэзкі адлуп з расейскага боку.
- У расейскім палітычным парадку дня беларуская тэма паднялася наверх.
- Залп расейскіх тэлеканалаў сьведчыць пра тое, што ў Крамлі Беларусьсю вырашылі заняцца сур’ёзна.
- Тактыка афіцыйнага Менску, якая добра працавала раней, цяпер не спрацоўвае.
Ну вось і дачакаліся. Цэлы мінулы год атаку на Беларусь з фэйкамі і алярмісцкімі прагнозамі ладзілі толькі маргінальныя расійскія мэдыйныя рэсурсы. Цяпер стрэлілі фэдэральныя тэлеканалы.
Гэта пры тым, што беларускія ўлады пакуль не давалі дзеля гэтага вялікай падставы. Былі толькі намёкі Лукашэнкі пра тое, што Беларусь у бліжэйшыя гады будуць «спрабаваць на зуб», што «пад бізуном мы больш ніколі хадзіць ня будзем», што Расея можа страціць саюзьніка. Гэта даволі нявінныя рэплікі ў параўнаньні з тымі рэзкімі ацэнкамі пазыцыі Масквы, якія гучалі мінулымі часамі і не выклікалі тады ніякай рэакцыі Крамля.
А цяпер нават слабая спроба неяк аспрэчыць расейскія закіды выклікала адразу рэзкі адлуп.
11 студзеня афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава аспрэчыла заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт страты саюзьніка. 14 студзеня прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў адзначыў, што аб’ём падтрымкі Беларусі за апошнія гады ацэньваецца ў мільярды даляраў і што Менск мусіць гэта паважаць. Кіраўнік расейскага ўраду намякнуў, што Расея дае Беларусі крэдыты і не патрабуе іх вяртаць.
Адначасова ў кампанію ўключыліся расейскія фэдэральныя каналы. У нядзелю 13 студзеня ў перадачы «Вести недели» на тэлеканале «Россия 1» вядучы Дзьмітры Кісялёў зрабіў рэзкі выпад на адрас Менску. Потым 14 студзеня тэлеканал НТВ паказаў сюжэт пра рост нацыяналізму ў Беларусі.
Прычым калі НТВ абураўся беларускімі нацыяналістамі, то Кісялёў абрынуўся менавіта на Лукашэнку. Але абодва каналы разглядаюць цяперашні беларуска-расейскі канфлікт скрозь прызму канфрантацыі Расеі з Украінай і Захадам.
Варта заўважыць, што іншыя расейскія рэсурсы крытыкуюць лінію Масквы адносна Беларусі. «Новая газета», вядомыя публіцысты кшталту Мікалая Сванідзэ, Леаніда Парфёнава вельмі скептычна ацэньваюць спробы Крамля прымусіць Менск да інтэграцыі.
То бок у расейскім палітычным парадку дня беларуская тэма паднялася наверх, становіцца значна больш актуальнай і важнай, чым зусім яшчэ нядаўна.
Другая выснова палягае ў тым, што ў Крамлі Беларусьсю вырашылі заняцца сур’ёзна. Калі адразу два фэдэральныя каналы два дні запар залпам б’юць па Беларусі, то відавочна, што была адмашка зьверху. І спадзяваньні Лукашэнкі на тое, што дзесьці там у кулюарах, у перамовах сумеснай працоўнай групы можна забалбатаць расейцаў, узяць іх на змор, наўрад ці спраўдзяцца.
Цяпер перад кіраўніком Беларусі паўстаюць як мінімум два варыянты. Першы палягае ў тым, каб абаперціся на грамадзтва, грамадзянскую супольнасьць, на апазыцыйных нацыяналістаў, на Захад, каб супрацьстаяць ціску з боку Масквы. Другі варыянт — гэта спроба даказаць Расеі сваю прарасейскасьць, якраз змагаючыся зь беларускімі нацыяналістамі, пужаючы імі Маскву. Падаецца, што Лукашэнка выбера другі варыянт.
Мой калега Юры Дракахруст пісаў, што беларускі лідэр узяў на ўзбраеньне тактыку — схавацца ад расейскай анэксіі ў моцных абдымках з той жа Расеяй. Дык вось выглядае, што гэтая тактыка, якая добра працавала раней, цяпер не спрацоўвае. Перамір’е скончылася. Выпады расейскіх фэдэральных тэлеканалаў сьведчаць пра тое, што ў ход пайшла цяжкая артылерыя. Будзем чакаць наступу.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.