Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму шматтомную «Гісторыю беларускай дзяржаўнасьці» напісалі па-расейску


У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў першы том калектыўнай манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці».

Першы том ахоплівае гістарычны пэрыяд ад самай старажытнасьці да канца XVIII стагодзьдзя. Усяго мяркуецца за 2019–2020 гады выдаць 5 тамоў.

Праца падрыхтавана пад навуковай рэдакцыяй члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені з удзелам вядомых беларускіх гісторыкаў — прафэсараў Валянціна Голубева і Вольгі Ляўко, кандыдатаў гістарычных навук Вячаслава Даніловіча, Вадзіма Лакізы, дырэктара і намесьніка дырэктара Інстытуту гісторыі. Паводле аўтараў, гэтае дасьледаваньне ў беларускай гістарыяграфіі ўнікальнае.

Беларуская гісторыя зь беларускага пункту гледжаньня

Адзін з аўтараў манаграфіі — доктар гістарычных навук, прафэсар Валянцін Голубеў — сказаў Свабодзе, што ўсяго будзе выдадзена 5 тамоў.

Першы том ужо выйшаў, праўда, пакуль невялікім накладам — 500 асобнікаў. Падрыхтаваны да друку і другі том.

Валянцін Голубеў, архіўнае фота
Валянцін Голубеў, архіўнае фота

«Мы паспрабавалі выкарыстаць вопыт шматлікіх гісторыкаў, усіх адмыслоўцаў. Гэта тое, пра што заўсёды марылі і беларускія гісторыкі, і грамадзяне краіны — каб мы маглі ацаніць сваё мінулае, бачаньне сваёй дзяржаўнасьці. Бо не заўсёды ў нас была свая дзяржаўнасьць, мы знаходзіліся ў складзе іншых дзяржаў. Каб было бачаньне менавіта наша, з нашага боку. Як некалі Вацлаў Ластоўскі ўпершыню зь беларускага пункту гледжаньня напісаў гісторыю Беларусі, так зараз мы ўпершыню з пункту гледжаньня беларусаў — не палякаў, не расейцаў, не літоўцаў, не ўкраінцаў — робім агляд гісторыі нашай дзяржаўнасьці», — сказаў Валянцін Голубеў.

Як кажа навуковец, у кнізе ўпершыню прааналізаваныя працэсы засяленьня тэрыторыі Беларусі ад самой старажытнасьці, фармаваньня першых протадзяржаўных утварэньняў (племянных княжаньняў), першыя гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасьці (Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае) — аж да падзелаў Рэчы Паспалітай. На глыбокім крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку паказаныя асаблівасьці становішча беларускіх земляў ад старажытнасьці да канца XVIII стагодзьдзя.

Чаму па-расейску?

Манаграфія выходзіць на расейскай мове. І гэта сьвядомы выбар аўтараў.

«Сумневу ў наяўнасьці беларускай дзяржавы і беларускай дзяржаўнасьці ўнутры краіны ў нас няма,— кажа Голубеў.— Але дасьледаваньне мы сьвядома рабілі на расейскай мове, каб ніхто з прадстаўнікоў суседніх дзяржаў, якіх я ўжо згадаў, не казаў, што не разумее беларускай мовы. Праца выйдзе і па-беларуску — я спадзяюся, што ўжо ў гэтым годзе. Я спадзяюся, што і на іншых мовах яна будзе запатрабаваная. Яна будзе карысная і нашаму Міністэрству замежных спраў. Так што гэта быў сьвядомы крок, таму што яна накіраваная ня толькі, мякка кажучы, на ўнутраны рынак», — патлумачыў Валянцін Голубеў выбар мовы манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці».

Калектыўная манаграфія багата ілюстраваная, уключае шэраг арыгінальных, створаных адмыслова для гэтага выданьня гістарычных мапаў.

Праца разьлічаная на прафэсійных гісторыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, студэнтаў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй краіны. Набыць першы том можна ў «Акадэмкнізе» ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG