Арыгінальны матэрыял быў апублікаваны 20 студзеня 2017 году. З таго часу даліся два факты: 11-ы і 12-ы.
1. ЗША прызналі незалежнасьць Беларусі 25 сьнежня 1991 году
Пасьля ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі амбасада ЗША ў Менску была афіцыйна адкрытая 31 студзеня 1992 году. Першым амэрыканскім амбасадарам быў Дэвід Суорц.
2. ЗША і Беларусь абмяняліся афіцыйнымі візытамі на вышэйшым узроўні
Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам Білам Клінтанам у ліпені 1993 году, а прэзыдэнт ЗША наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 году.
3. ЗША падтрымалі рашэньне Беларусі стаць бязьядзернай дзяржавай
У межах праграмы Нана-Лугара ЗША падпісалі дамовы зь Беларусьсю пра дэмантаж ядзернай зброі і прадастаўленьне дапамогі для абароннай канвэрсіі, экспартнага кантролю, жыльля для звольненага вайсковага пэрсаналу і аднаўленьня навакольнага асяродзьдзя. У адпаведнасьці з Праграмай сумесных работ дзеля зьмяншэньня ядзернай пагрозы Міністэрства абароны ЗША перадало Беларусі дапамогі больш як на 123 мільёны даляраў. Тагачасны старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч: «Трэба браць пад увагу фактычна нулявы ўзровень валютных рэзэрваў у краіне. Рэзэрвы трохі зьявіліся толькі ў 1994 годзе, і іх усяго было каля 200 мільёнаў даляраў. З улікам тагачаснай сытуацыі сума 123 мільёны даляраў была істотнай».
4. У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў ЗША
Гэта быў не афіцыйны візыт, а працоўны, ці азнаямляльны, візыт прэзыдэнта Беларусі ў ЗША.
5. 12 верасьня 1995 году на загад камандаваньня войскамі супрацьпаветранай абароны ля Бярозы быў зьбіты паветраны шар з амэрыканскім экіпажам
Загінулі спартоўцы-экстрэмалы Алан Фрэнчэль і Джон Сьцюарт, якія бралі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах на далёкасьць палётаў. Вайсковае камандаваньне патлумачыла, што «пераблытала» спартовы аб’ект з мэтэаралягічным зондам, якія часам залятаюць на тэрыторыю Беларусі. Міжнародная супольнасьць паставіла пад сумнеў прафэсійнасьць беларускіх войскаў супрацьпаветранай абароны.
6. У ліпені 1998 году адбыўся гэтак званы канфлікт у Драздах
Урад Беларусі загадаў дыпляматычнаму корпусу шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША, вызваліць дыпляматычныя рэзыдэнцыі.
7. У 2001 годзе амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак сумесна з МЗС Беларусі распрацавалі пакрокавую стратэгію нармалізацыі стасункаў
Прадугледжвалася вывядзеньне іх на сапраўды зьмястоўны ўзровень з разнастайным парадкам дня. Беларускі бок тады адмовіўся ад гэтай магчымасьці.
8. У 2004 годзе Кангрэс ЗША прыняў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» ў падтрымку намаганьняў, накіраваных на дэмакратычныя зьмены і ўмацаваньне правоў чалавека ў Беларусі
Яго неаднаразова працягвалі і дапаўнялі. «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» дзейнічае дагэтуль.
9. Найгоршы пэрыяд у дачыненьнях быў у 2008 годзе
Тады фактычна быў выдалены амбасадар ЗША ў Беларусі і істотна скарочаны штат дыпкорпусу амэрыканскай амбасады. Адпаведна, быў скарочаны склад і дыпмісіі Беларусі ў Вашынгтоне.
10. У кастрычніку 2004 году Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША аднагалосна пастанавіла ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і яе прэзыдэнта
Санкцыі былі ўведзеныя ў 2007 годзе і тычыліся ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. У кастрычніку 2015 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя.
11. 2018 год: Лукашэнка заявіў, што выканае ўсё паабяцанае ЗША «нават на шкоду сабе»
Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Уэсам Мітчэлам, які прыехаў у Менск. Лукашэнка тады адзначыў, што ў апошні час адбыліся сур’ёзныя зрухі ў двухбаковых адносінах, але іх нельга назваць кардынальнымі зьменамі. Мітчэл запэўніў, што ЗША бачаць вялікі патэнцыял у разьвіцьці як дыпляматычных, так і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю.
12. 2019 год: Макей паведаміў Вашынгтону аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць дыпляматаў ЗША ў Менску
Паводле зьвестак амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей праз тэлефон паведаміў 10 студзеня прадстаўнікам ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.