Брытанскае выданьне Independent склала сьпіс найлепшых эўрапейскіх гарадоў для наведваньня ў 2019 годзе. У сьпіс патрапіла і беларуская сталіца.
Чаму варта прыехаць у Менск?
Выданьне аргумэнтавала свой выбар ІІ Эўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць у Менску 21-30 чэрвеня. Для гэтага параілі скарыстацца 30-дзённым бязьвізавым рэжымам.
«Заходнія турысты будуць уражаныя чысьцінёй, бясьпекай і добразычлівасьцю Менску, аднак не спадзявайцеся што ўсе размаўляюць па-ангельску», – адзначае Independent.
Куды яшчэ параілі зьезьдзіць?
- Ратэрдам у Нідэрляндах;
- Сітджэс у Гішпаніі;
- Сараева ў Босьніі;
- Рым у Італіі;
- Парыскі Дыснэйлэнд у Францыі;
- Белград у Сэрбіі;
- Вэнэцыю ў Італіі;
- Арль у Францыі;
- Брыстал у Англіі.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.