Выданьне рамана «Панядзелак» у перакладзе Сяргея Шупы (Прага, выдавецтва «Вясна»), па сутнасьці, адкрывае для беларусаў новы тон літаратуры 1920-х, абсалютна ўнікальны голас і адмысловую мэтоду пісьма, у якой сплецена столькі ўсяго, што не адразу й разблытаеш гэты вузел, і хочацца расьсячы яго нейкім прымітыўным азначэньнем, кшталту «лірычная проза». Аднак гэта нічога табе ня дасьць.
«Панядзелак» — шмат у чым знаёмы раман. Уявім сабе твор, дзе апавядаецца пра горад, засьпеты рэвалюцыяй і які неўзабаве зазнае некалькі зьменаў уладаў. Уявілі? Думаю, што кожны (ці кожная) назаве некалькі назваў, выцягне з гіпатэтычнай кніжнай паліцы свайго інтэлекту тое ці сёе, тонкае ці тоўстае. Гэткіх кніжак да вайны было дастаткова — можна нават напісаць кампаратывісцкую дысэртацыю (напэўна, даўно напісалі, і не адну).
Для Беларусі, канечне, асноўнай алюзіяй будуць «Тутэйшыя», аднак засяроджвацца на адной гэтай п’есе несэнсоўна, для таго самага Купалы сытуацыя зьменаў улады сталася скразным матывам — нават у публіцыстыцы 1930-х (у тым ліку вершаванай) ён пастаянна стараўся паказаць пэўную храналёгію (хто ведае, можа, каб намякнуць, што «й гэты час і гэты лад не назаўсёды»?). Міхась Чарот правёў гэты купалаўскі сюжэт у «Босыя на вогнішчы», паэму, якая шмат у чым капіруе і адштурхоўвае купалаўскі падыход — перш за ўсё, вульгарызуючы яго, зьніжаючы патас.
Аднак гэта толькі два выпадкі, якія могуць завесьці нас вельмі далёка ад Кульбака. Ён — іншы. «Панядзелак» бярэ гэтую канву і прысвойвае для ўласных мэтаў. Для Кульбака сытуацыя зьмены цікавая сама па сабе, незалежна ад таго, якія ўлады прыходзяць. Увесь гэты вось дастаслаўны вецер зь песьні «Scorpions» дазваляе Кульбаку скрыжаваць некалькі важных для яго ліній: ніцшэанства, даоскі прынцып ня-дзеяньня «У-вэй» і юдаісцкія рэлігійныя тэксты. Рэвалюцыя становіцца кропкай, куды сыходзяцца ўсе вэктары руху, накірункі дзейнасьці і мысьленчыя практыкі.
Шматслойнасьць менскага быцьця ўмоўнага 1918 году цікавіць Кульбака значна больш за тое, хто ў прынцыпе пераможа. Возьмем гіпатэтычна гэты 1918 год і лякацыю Менску, хоць сам аўтар ніякіх прывязак да хранатопу адмыслова не дае. Але, ведаючы, што гэты год Кульбак правёў у Менску, можна прынамсі гаварыць, што гэты час і гэты горад былі крыніцай натхненьня для раману.
Урэшце, самая лічба мне патрэбная таксама выключна для таго, каб працытаваць думкі пра БНР, пададзеныя ў «Адвечным шляхам» Ігната Канчэўскага: «Дамаганьню незалежнасьці, як падставе грамадзкай творчасьці, гэтай творчасьці і не хапала. Трэба прызнацца, што справа незалежнасьці толькі ў першыя часы свае неазначанасьці мела свой праўдзівы, шчыры характар».
Калі падкрэсьліць у цытаце слова «неазначанасьць», то становіцца ясна, што самы дух часу віленца пачатку 1920-х Канчэўскага і віленца пачатку 1920-х Кульбака мае шмат супольнага. Заглыбленасьць ва ўсходнія практыкі, патрэба дайсьці да першапачатку і ў той самы час асягнуць нейкія падставовыя заканамернасьці быцьця характэрныя і для Канчэўскага, і для Кульбака.
Неазначанасьць ёсьць прынцыпам раману, у пэўным сэнсе рэвалюцыя становіцца для жыхароў горада «момантам абнуленьня»: скідаюцца ўсе наладкі, кожны можа пайсьці новым шляхам, назваць рэчы, даць імёны, можа дзейнічаць так, як захоча. Быцьцё робіцца плыткім, глеістым і няпэўным — Кульбак перадае гэта й чыста стылістычна, мэдытатыўнай лірычнай прозай, амаль вэрлібрам, урывістымі эліптычнымі сказамі, якія нагадваюць, з аднаго боку, абразкі Зьмітрака Бядулі, з другога — пэўныя мясьціны «Конарміі» Бабеля, з трэцяга — старазапаветныя кнігі, адна зь якіх (кніга Іёва) займае немалое месца ў жыцьці галоўнага героя раману Мордхэ Маркуса.
З увагі на тое, што «Панядзелак» — раман ідэалягічны, то бок такі, дзе змадэляваная рэчаіснасьць не адыгрывае асноўнае ролі, саступаючы яе філязофскаму фундамэнту, героі прапісаныя досыць пункцірна. Ствараецца ўражаньне, што аўтару трэба было зрабіць як мага больш абсалютна розных штрыхоў для агульнае карціны.
Тут ёсьць скалечаны салдат сусьветнай вайны без аднаго вуха й паловы сьвядомасьці.
Ёсьць сям’я доктара, якая няспынна грае на фартэпіяна «Пэр Гюнт» Эдварда Грыга, а менавіта «Сьмерць Озэ», нібыта ўвесь час разьвітваючыся са старым сьветам, паступова ўпадаючы ў экстаз і здранцьвеньне дэкадансу.
Ёсьць камісар, які ў прынцыпе ня бачыць нічога, акрамя таго, як дзейнічаць, браць уладу і кіраваць Масай.
Ёсьць Маса, якая кіруецца то ў гэты, то ў іншы бок, пастаянна саступаючы ўсім і ў той самы час думаючы, што яна ўсё робіць сама.
Ёсьць габрэйскія жабракі й жабрачкі, якія прагнуць есьці.
Ёсьць габрэйскія мудрацы, якія чакаюць свайго Мэсію і праводзяць мэтафізычныя дыскусіі.
Ёсьць Мордхэ Маркус, які хвалямі прымае на сябе ўсе пласты гэтай стракатай навакольнай рэчаіснасьці і выбудоўвае па каліўцу, ад падзеі да падзеі, ад празарэньня да празарэньня, сваю філязофію «ня-дзеяньня», што ўрэшце не ратуе яго ад пакутніцкай сьмерці.
Я ня ведаю, што яшчэ сказаць, каб не ўвайсьці ў спакусу расказваньня рамана сваімі словамі, гэтага легалізаванага крытычнага злачынства перад чытачом. Дастаткова ведаць, што на сотні з гакам маленькіх старонак гэтай гжэчна выдадзенай кніжкі лёгка зьмяшчаецца ўвесь Марк Шагал і ўвесь Марцін Бубэр, Бэргсон і Лао-Цзы, і ніхто ня першы тут, і ніхто не апошні. «Нічога Няма», кажа Мордхэ Маркус, і гэта больш мілагучна ягонаму вуху, чым «Бог памёр». Адсутнае не існуе — усё становіцца часткай быцьця, якое працягвае рухацца ў прышласьць незалежна ад твайго жаданьня ці нейкіх палітычных прагнозаў. Кульбак падымае ідэалягічную надбудову рамана крыху вышэй, чым гэта звычайна рабілі соцрэалісты. І рэалісты ўвогуле.
І ці так сапраўды важна, вядзецца тут пра Менск 1918 году альбо не? Гэта карціна са збору найлепшых шэдэўраў мастацтва ХХ стагодзьдзя. Яна выклікае эмоцыі. Ня так важна, што на ёй намалявана.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.