Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь такая савецкая


Будынак ЦК кампартыі Беларусі (цяпер - адміністрацыі прэзыдэнта), Менск
Будынак ЦК кампартыі Беларусі (цяпер - адміністрацыі прэзыдэнта), Менск

Чым была для сучаснай Беларусі БССР, створаная 100 гадоў таму? Чаму і зараз краіна такая савецкая? Чаму ўлада не сьвяткуе юбілей БССР?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць гісторыкі Аляксандар Краўцэвіч і Павал Церашковіч.

Чым ёсьць БССР для сучаснай Беларусі?

Дракахруст: 1 студзеня споўнілася 100 гадоў зь дня стварэньня БССР. Паказальна, што прэзыдэнт Лукашэнка ў сваёй сёлетняй навагодняй прамове прыгадаў, што надыходзячы год – 25-я гадавіна прыняцьця Канстытуцыі, 75-я гадавіна вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі, і неяк не прыгадаў круглы юбілей БССР. А можа і сапраўды – ня варты той юбілей адзначэньня і нават узгадкі. Што адзначаць – гадавіну пачатку масавага тэрору, Гулагу, Курапатаў?

Аляксандар, вы напісалі блог на гэтую тэму на нашым сайце, што БССР и БНР – «ня родныя сёстры і нават не сваячкі». Як я зразумеў, проста БССР – правал, чорная дзіра, кшталту нацысцкага 12-годзьдзя нямецкай гісторыі для немцаў. Так?

Аляксандар Краўцэвіч
Аляксандар Краўцэвіч

Краўцэвіч: Не, гэта ня так. У гісторыі не бывае простых шляхоў і зьявы, якія ацэньваюцца адназначна. Ёсьць рэчы станоўчыя і ёсьць адмоўныя. Можна ацэньваць БССР у шэрагу беларускай гісторыі, беларускай дзяржаўнасьці, беларускага народу, а можна – з пункту гледжаньня таго, што ў БССР было добрага, а што дрэннага.

Дракахруст: Некаторыя пералічваюць этапы разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці – Полацкае княства, ВКЛ, БНР, БССР. А вы выключаеце БССР з гэтага шэрагу?

Краўцэвіч: Вы няправільна расслаўляеце акцэнты. Гэта таксама беларуская гісторыя. Але крытэр тут – рацыя стану беларускага народу. БНР – гэта беларускі праект. БССР – гэта небеларускі праект. У БССР беларускі народ не разьвіваўся паўнавартасна, а зазнаваў дэнацыяналізацыю і асыміляцыю. Таму гэта нашая гісторыя, але гэта ня тая гісторыя, якой мы павінныя ганарыцца.

Дракахруст: Павал, вы ў інтэрвію Свабодзе нагадалі галоўную тэзу сусьветнай навукі адносна нацыегенэзу: нацыі – гэта супольнасьці часу мадэрну. Вы раней пісалі пра тое, што напачатку ХХ стагодзьдзя сярод беларусаў пісьменнымі былі каля 15%. Напэўна, мадэрн беларусаў мог паўстаць і інакш. Але ён паўстаў праз БССР. Пісьменныя амаль усе пагалоўна, беларусы – гарадзкая нацыя (хіба ня самая ўрбанізаваная нацыя ў рэгіёне), паводле перапісаў – за 80% уважаюць сябе беларусамі (ніякіх тутэйшых, «рускай веры» ці «польскай веры»). Дзякуй варта сказаць БССР ці гэта «небеларускі праект», як сказаў Аляксандар, і тады няма за што дзякаваць?

Церашковіч: СССР трэба разглядаць як лягічны працяг Расейскай імпэрыі. Зараз у Расеі гэта так і ўспрымаецца. Калі мы параўнаем становішча беларусаў у Расейскай імпэрыі і ў Савецкім Саюзе, яно было адрозным. БССР не была паўнавартаснай дзяржавай, але гэта была тэрытарыяльная аўтаномія. І ня варта фарбаваць БССР адным колерам. Былі розныя пэрыяды і па-рознаму да іх трэба ставіцца.

У другой палове 20-х гадоў, у пэрыяд «карэнізацыі» альбо «беларусізацыі» гэтая аўтаномія набывала рысы сапраўднай дзяржавы. Тады ўзьніклі такія статусныя інстытуты, як нацыянальны ўрад, які ўзначальвалі беларусы, нацыянальны парлямэнт, акадэмія навук, унівэрсытэт, архіў, бібліятэка. Пачалося будаўніцтва статусных будынкаў, якія і па сёньняшні дзень – сымбалі сувэрэнітэту нашай краіны.

Так што калі параўноўваць з Расейскай імпэрыяй, то БССР была крокам наперад. І гэта той крок, безь якога, напэўна, існаваньне сёньняшняй дзяржавы было б папросту немагчымае.

Дракахруст: Аляксандар, нават самыя вашыя зацятыя апанэнты не называюць этапам беларускай дзяржаўнасьці час знаходжаньня Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі. Хаця гістарычна Паўночна-Заходні край папярэднічаў БНР. А БССР – называюць. Чаму?

Краўцэвіч: Я згодны з Паўлам, што ня варта фарбаваць у адзін колер. БССР сапраўды была ўсё ж крокам далей у кірунку, які прывёў да стварэньня Рэспублікі Беларусь. Але ня трэба забываць, што гэты крок стаў магчымым тады, калі нацыянальнае пытаньне стала адным з галоўных пытаньняў у Эўропе і сьвеце. Гэты крок з боку бальшавікоў быў вымушаны стварэньнем БНР, дзейнасьцю беларускага нацыянальнага руху.

Што тычыцца таго, што ў БССР адбылася мадэрнізацыя – гэта таксама праўда. Але ў 70-я гады, калі я быў студэнтам, было прынята параўноўваць з 1913 годам – рост эканомікі, пісьменнасьці і г.д. Але не параўноўвалі са станам разьвітых краінаў. Сапраўды, беларусы сталі пісьменнымі, многія атрымалі вышэйшую адукацыю. Але ніводзін беларускі ўнівэрсытэт не ўваходзіць нават у 500 лепшых ВНУ сьвету.

Была мадэрнізацыя, але яна адставала ад разьвітых краінаў. І калі б не было БССР, мадэрнізацыя ўсё роўна адбылася б. Я гэтыя мэханізмы дэнацыяналізацыі зьведаў на сябе падчас БССР. Зь мяне рабілі савецкага чалавека, адбіралі мову, магчымасьць атрымліваць вышэйшую адукацыю на роднай мове. Я гэта памятаю.

У мяне асабісты вопыт крыху іншы, чым у вас, вы – гарадзкія хлопцы. А я вырас у вёсцы, у сям'і вясковай настаўніцы. І ў мяне гэта – асабістая крыўда на БССР.

Чаму сучасная Беларусь такая савецкая?

Дракахруст: Суседзі – Літва, Латвія, Польшча, Украіна – адрынаюць сваю камуністычную мінуўшчыну. Адрынаюць яе і значна больш аўтарытарныя, чым Беларусь, Азэрбайджан, Казахстан, Туркмэністан. Нават у Расеі ня ўсё адназначна. Пуцін аплачвае перазахаваньне Дзянікіна, адкрывае помнік Салжаніцану, бэсьціць Леніна за развал спрадвечнай Расеі. Ну а ў Беларусі, як сказаў Лукашэнка на адкрыцьці нацыянальнай бібліятэкі ў 2006 годзе, «Ленін і Сталін – сымбалі нашага народу». Чаму? Гэта Лукашэнка такі ці мы такія?

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Церашковіч: Я б ня стаў параўноўваць з Каўказам і Цэнтральнай Азіяй, лепш параўноўваць з нашымі суседзямі. На мой погляд, гэта зьвязана зь вельмі трывалымі мадэлямі сацыяльных паводзінаў, якія фармаваліся ў Беларусі задоўга да эпохі мадэрну. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя сярод беларусаў пісьменных было 13.5%. А ў Эстоніі, для параўнаньня – 80%.

Беларусь была самым адсталым рэгіёнам заходняй часткі Расейскай імпэрыі. Калі падлічыць на той час тое, што называецца ВУП на душу насельніцтва, у Беларусі ён напрыканцы ХІХ стагодзьдзя складаў 25 рублёў, ва Ўкраіне -70, у Малдове – 35, у Літве -39, у Эстоніі – больш за 100, а ў Латвіі – больш за 200 рублёў.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя большую частку насельніцтва Беларусі складалі прыгонныя сяляне. Іх было 62% насельніцтва. Ізноў жа параўнаньне: ва Ўкраіне – 44%, у Літве – 36%, а ў цэлым па эўрапейскай частцы імпэрыі прыгонных было 37%.

Прыгон – гэта ня толькі ХІХ стагодзьдзе, гэта і некалькі стагодзьдзяў папярэдніх, якія сфармавалі ўстойлівыя мадэлі паводзінаў селяніна. У ХХ стагодзьдзі да пачатку 60-х Беларусь захоўвала сваю адсталасьць. Бальшыня жыла ў вёсцы. Умовы жыцьця ў сталінскіх калгасах мала чым адрозьніваліся ад прыгону ХІХ стагодзьдзя.

А 60-80-я гады – пэрыяд надзвычай хуткай мадэрнізацыі Беларусі. Лідэрам Беларусі – Мазураву і Машэраву – удалося выцягнуць з саюзнага цэнтру неверагодныя інвэстыцыі. І літаральна за 30 гадоў Беларусь стала мадэрнізаванай краінай з добрай, па савецкіх мерках, індустрыяй. З гэты час траціна насельніцтва перасялілася ў гарады. І для гэтых людзей гэта быў сапраўдны эканамічны цуд.

І ва ўмовах гэтай мадэрнізацыі ўсё, што было зьвязана зь вёскай ( а зь вёскай была зьвязаная беларуская мова), лічылася маркерам адсталасьці. І першае, што хацеў мігрант зрабіць – гэта адмовіцца ад усяго вясковага і перайсьці на расейскую.

Дракахруст: Аляксандар, а ваш адказ на пытаньне, чаму Беларусь такая савецкая, чаму Лукашэнка такі савецкі? Ён, дарэчы, падкрэсьлівае сваё сялянскае паходжаньне, дастаткова прыгадаць хаця б 4 мяхі бульбы, якія ён нядаўна падараваў Пуціну.

Краўцэвіч: З Паўлам можна і паспрачацца – наконт такой ужо беспрэцэдэнтнай адсталасьці Беларусі. Беларуская вёска не была бяднейшая за расейскую вёску цэнтральнай паласы ў 60-70-я гады, што я памятаю.

Але з тых прычынаў, якія выклаў Павал, беларускі нацыянальны рух спазьніўся ў параўнаньні зь іншымі і пасьпеў сфармаваць шматлюдную нацыянальную эліту.

А тая эліта, якая пачала расьці ў 20-я гады, была ўся вынішчаная фізычна. І яе месца заняла эліта прыежджая альбо эліта моцна зрусыфікаваная. Таго самага Аляксандра Лукашэнку вучыў не беларускі патрыёт, не беларус, які сам скончыў беларускую школу і беларускі ўнівэрсытэт, а Якаў Трашчанок. А каб на месцы Трашчанка быў настаўнік, які быў расстраляны, можа быць мы мелі б не Сашу Лукашэнку, а Алеся Лукашэнку.

Чаму Рэспубліка Беларусь не сьвяткуе юбілей БССР?

Дракахруст: Чаму сучасная беларуская дзяржава вельмі млява адзначае стагодзьдзе БССР? Незалежнае грамадзтва стагодзьдзе БНР адзначала зь вялікім імпэтам. А ўладзе чаму альтэрнатыва ў выглядзе БССР сэрца ня надта грэе? Некаторыя кажуць, што, маўляў, Лукашэнка – нашчадак савецкіх правадыроў. Але пры Сталіне сьвяткавалі 7 лістапада, гадавіну рэвалюцыі, а не гадавіну яго ўвацарэньня ў Крамлі.

Караўцэвіч: Мне здаецца, што тут справа выключна ў псыхалёгіі Аляксандра Лукашэнкі. Калі зараз акцэнтаваць увагу на БССР, калі праслаўляць яе, то ўзьнікае невыгоднае для Рэспублікі Беларусь параўнаньне. Атрымліваецца, што Лукашэнка ня змог працягнуць ідэалы БССР, ня змог дасягнуць хаця б таго дабрабыту, пра які з настальгіяй прыгадваюць многія ў Беларусі.

Лукашэнка вельмі раўніва ставіцца да савецкіх дзеячоў. Ён пасадзіў у турму ўсіх кіраўнікоў калгасаў, якія дасягнулі лепшыя за яго вынікі, таго самага Старавойтава, нягледзячы на яго паважаны ўзрост. Ён штучна стрымлівае культ Машэрава, не дае яму разгарнуцца. Адзін правадыр, адзін палітык, адзін нязьменны лідэр. Гэта лёгіка аўтарытарнага рэжыму.

Церашковіч: Сапраўды, тое, што адбываецца зараз у Беларусі – гэта не сьвяткаваньне юбілею БССР. Мне ёсьць з чым параўноўваць. Я калі быў студэнтам, удзельнічаў у сьвяткаваньні 60-годзьдзя БССР. Гэта быў зусім іншы маштаб, іншая ўвага да гэтай даты.

Менш чым праз год пасьля таго сьвяткаваньня ня стала Машэрава. Ці зьвязана адно зь іншым – цяжка сказаць. Што тычыцца сёлетняга, вельмі ўмоўнага і сьціплага ў параўнаньні нават зь юбілеям камсамолу, была група гісторыкаў, грамадзкіх дзеячоў, якія хацелі, прапаноўвалі адзначыць стагодзьдзе БССР больш «гучна». Але іх магчымасьці ўплываць на фармаваньне ідэалягічнага парадку дня вельмі абмежаваныя.
Дзяржава магла значна больш і лепш выкарыстаць патэнцыял гэтага сьвята.

Як беларусізаваць Беларусь?

Дракахруст: У 1959 годзе савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў, выступаючы ў Менску, сказаў: «Чым хутчэй мы ўсе будзем гаварыць па-руску, тым хутчэй збудуем камунізм». Ну з камунізмам усё праблематычна, але вось дадзеныя перапісу 2009 году ў Беларусі: дома гавораць па-беларуску 23% насельніцтва, зь іх амаль дзьве траціны – сяляне. Ці ёсьць сацыяльны мэханізм, які можа зьмяніць гэтую сытуацыю?

У прыгаданым інтэрвію Свабодзе вы, Павал, выклалі мэханізм нацыянальнай эмансыпацыі ў часы імпэрскага панаваньня: «І вось спачатку ўтвараецца кагорта настаўнікаў, іх дзеці, звычайна, таксама атрымліваюць адукацыю, пераяжджаюць у гарады, становяцца прафэсарамі, журналістамі, літаратарамі, мастакамі, прыватнымі юрыстамі. І тут аказваецца, што ў гэтай адукацыйнай, акадэмічнай і культурнай прасторы імпэрыі яны са сваімі сялянскімі, па сутнасьці, каранямі ня могуць добра ўладкавацца. Гэтая прастора іх усё роўна адштурхоўвае. Таму ўзьнікае думка, што яны павінны служыць свайму народу, яны павінны гэты народ зрабіць таксама мадэрным, сучасным, а дзеля гэтага патрэбныя дэмакратычныя пераўтварэньні. Каб іх дасягнуць, патрэбная кансалідацыя людзей, якія размаўляюць на адной мове».

Пра тое ж пісаў і Бэнэдыкт Андэрсан ва «Уяўленых супольнасьцях», распавядаючы, як паўставалі крэольскія дзяржавы Лацінскай Амэрыкі.

Але які мэханізм можа дзейнічаць у сучаснай Беларусі? Бачыў дадзеныя дасьледаваньня па складзе кіраўніцтва ўрадавага апарату Беларусі зараз – 70% міністраў, намесьнікаў міністраў, кіраўнікоў упраўленьняў міністэрстваў – этнічныя беларусы. Каго і што зараз адштурхоўвае, хто ня можа ўладкавацца? Імпэрыі ўжо няма як 28 гадоў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Церашковіч: Наконт сапраўднасьці лічбаў апошняга перапісу ў мяне ёсьць вялікія сумневы. Ня думаю, што 23% беларусаў рэальна ў хатнім побыце размаўляюць па-беларуску. Паводле сацыялягічных апытаньняў і(хаця і яны ня вельмі дакладныя) каля 5-6% насельніцтва карыстаюцца беларускай мовай.
Гэтыя 23% дэманструюць, што беларуская мова зьяўляецца сымбалем – не рэальным сродкам камунікацыі, а менавіта сымбалем, які злучае беларусаў з роднай зямлёй і паміж сабой.

Што рабіць? Вы прыгадалі Андэрсана, я прыгадаю Міраслава Гроха. Ён пісаў пра тры ступені разьвіцьця нацыянальнага руху. Першая ступень – дзейнасьць навукоўцаў, другая – зьяўленьне палітычных актывістаў, якія ня маюць падтрымкі народу, трэцяя – калі ёсьць масавая падтрымка і ідзе стварэньне нацыянальнай дзяржавы.

Грох пісаў у 90-я, што беларусы і ўкраінцы спыніліся на другой ступені. Але той жа Грох казаў, што калі нацыянальны рух зьявіўся, то што б зь ім не адбывалася, як бы фізычна не зьнішчалі гэтых людзей, нацыянальны рух нікуды не падзенецца, ён будзе адраджацца і ісьці да сваёй мэты. А мэта кожнага нацыянальнага руху – зрабіць сувэрэнную дзяржаву, у якой нацыянальная мова, нацыянальная культура будзе займаць дамінуючае становішча.

Краўцэвіч: Я маю практычны вопыт у стварэньні мэханізмаў беларусізацыі. Больш за год у Гарадзенскім унівэрсытэце я, як першы прарэктар, займаўся выкананьнем закону аб мовах, пераводзіў на беларускую мову выкладаньне ў ВНУ. Мы здолелі за паўгоду перавесьці на беларускую 60% пэдагагічных плыняў.

Найбольш эфэктыўныя сацыяльныя мэханізмы ў нашых умовах ствараюцца дзяржавай. Дастаткова было прыняць закон аб мовах, дастаткова было загадаў міністра. Кожны квартал міністар прысылаў загад – паскорыць пераход на беларускую мову. Я яго рассылаў па катэдрах і людзі пераходзілі, хадзілі на курсы беларускай мовы.

Дракахруст: А калі дзяржава мяняе палітыку, то мяняецца і яе выкананьне.

Краўцэвіч: Той самы намесьнік міністра адукацыі Стражаў, які кантраляваў, як я пераходжу на беларускую, потым выдаў загад пра пераход на расейскую мову (пад выглядам свабоды мовы навучаньня).

І зараз, калі дзяржава вядзе процілеглую палітыку, нашае грамадзтва паскораным тэмпам русыфікуецца, застаецца супраціў эліты. І да эліты – падвышаныя патрабаваньні. Адсюль і пэўная мая рэзкасьць у выказваньнях па нацыянальным пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG