Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр амаль 2,18 рубля — новы рэкорд з часоў дэнамінацыі. Што адбываецца?

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле вынікаў таргоў на беларускай валютнай біржы за адзін даляр ЗША просяць 2,1788 беларускага рубля. Гэта найбольш з моманту дэнамінацыі лета 2016 году.

Да дэнамінацыі даляр каштаваў і болей. Рэкорд 11 лютага 2016 году яшчэ не пабіты — тады было 22 069 рубля за даляр (эквівалент пасьля дэнамінацыі — 2,2069 рубля).

Цяперашні рост даляра да беларускага рубля цягнецца ад 22 сьнежня 2018 году. Тады даляр каштаваў 2,1228 рубля — значыць, менш як за два тыдні падаражэў на 5 з паловай капеек. А 1 студзеня 2018 году за даляр прасілі толькі 1,9727 рубля.

Тым часам дзьве іншыя валюты з валютнага кошыка Беларусі ня б’юць рэкордаў.

За эўра просяць 2,4791 рубля (рэкорд — 2,558 рубля 12 красавіка 2018 году), што на 8 капеек больш, чым было ў сярэдзіне сьнежня, калі пачалося падаражаньне.

За 100 расейскіх рублёў просяць 3,15 беларускага (рэкорд — 3,5423 рубля 11 студзеня 2018 году), курс нязначна мяняецца пасьля падзеньня расейскага рубля ў другой палове сьнежня (да падзеньня было каля 3,2 беларускага за 100 расейскіх рублёў).

Што адбываецца? Тлумачыць эканаміст

Зьміцер Крук, архіўнае фота
Зьміцер Крук, архіўнае фота

Эканаміст Зьміцер Крук мяркуе, што падзеньне беларускага рубля перадусім зьвязанае з падзеньнем расейскага — а той слабне праз падзеньне цэнаў на нафту на траціну за апошнія тры месяцы.

«Тое, што мы назіраем цяпер, гэта паступовае выраўніваньне траекторыі да расейскага рубля, — кажа Крук Свабодзе. — Расейскі рубель даволі значна абясцэніўся ў сьнежні, а мы толькі цяпер да яго падцягваемся, бо наш Нацыянальны банк імкнецца такія ваганьні неяк зглажваць».

Расейска-беларуская спрэчка вакол кампэнсацыі за «падатковы манэўр» можа стаць яшчэ адным фактарам, які паўплывае на курс беларускага рубля. Але, мяркуе Крук, гэта адбудзецца ўжо пасьля таго, як будзе вядомае канчатковае рашэньне па спрэчцы, а тое будзе не раней за люты. Уплыў цэнаў на нафту ж адчуваецца ўжо цяпер — і па ўсім сьвеце.

«Калі прынамсі тая цана, што ёсьць сёньня на нафту, а гэта каля 55 даляраў за барэль, стабілізуецца, то мо беларускі рубель нават узмацніцца, — разважае Крук. — Але на дадзены момант у сілу ўнутраных прычынаў мы даволі блізкія да раўнавагі ў курсе, уплыў аказваюць пераважна зьнешнія прычыны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG