Арганізатары чэмпіянату Эўропы ў фігурным катаньні, які ў апошнюю дэкаду сьнежня пройдзе ў Беларусі, абвясьцілі склад удзельнікаў. Спаборніцтвы такога ўзроўню ў гэтым відзе спорту Менск прыме ўпершыню.
У мужчынскім фігурным катаньні галоўнай зоркай стане гішпанец Хавіер Фэрнандэс — чэмпіён сьвету 2015 і 2016 гадоў, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў-2018 і дзейны чэмпіён Эўропы. Ён шэсьць разоў запар выйграваў кантынэнтальнае першынство і мае шанец зноў палепшыць асабістую статыстыку.
У жаночым адзіночным катаньні асоба №1 — расейская фігурыстка, алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхану Аліна Загітава, якая нядаўна стала срэбнай прызэркай фіналу Гран-пры 2018/2019 у Канадзе.
У парных спаборніцтвах выступяць французы Марган Сыпрэ і Ванэса Джэймс, якія выйгралі золата фіналу Гран-пры 2018/2019.
Таксама ўвага аматараў будзе прыцягнутая да выступаў у танцах на лёдзе францускага дуэту Гіёма Сізэрона і Габрыэлі Пападакіс — чэмпіёнаў сьвету 2015, 2016 і 2018 гадоў, срэбных прызэраў Алімпійскіх гульняў-2018.
Беларусь на спаборніцтвах будзе прадстаўляць Якаў Зянько (мужчынскае адзіночнае катаньне), Ганна Кублікава і Юры Гуліцкі (танцы на лёдзе).
Чэмпіянат Эўропы пройдзе ў Менску з 21 па 27 студзеня. Цырымонія адкрыцьця заплянаваная на 23-га. 21 і 22 студзеня гледачы змогуць наведаць афіцыйныя трэніроўкі. Закрыцьцё з удзелам прызэраў адбудзецца 27 студзеня.
Абанэмэнт на ўсе выступы каштуе ад 100 да 250 рублёў. На асобныя дні, у тым ліку на трэніроўкі, ад 5 да 50 рублёў.