Загінулі 4 чалавекі. Выбух адбыўся ў горадзе Магнітагорск, Чалябінскай вобласьці.
З-пад завалаў вызвалілі 3 жывых чалавек і 4 загінулых. Усе загінулыя дарослыя, раней паведамлялася пра трох загінулых. Лёс дзесяткаў чалавек невядомы, — паведамляюць расейскія СМІ. Паводле афіцыйных дадзеных, у кватэрах у разбураным пад'ездзе зарэгістраваныя 110 чалавек.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін вылецеў у Магнітагорск з Сочы, - паведамляе рэсурс 74.ru. На 15.00 маскоўскага часу невядомым застаецца лёс каля 70 чалавек. Працягваюцца выратавальныя працы. Мяркуецца, што ў горадзе абвесьцяць траўр.
Абрушваньне дома адбылося 31 сьнежня каля шостай гадзіны ранку. Асноўнай прычынай лічыцца выбух бытавога газу. Відавочцы распавядаюць, што паміж выбухам і разбурэньнем прайшлі некалькі хвілін. За гэты час людзі пасьпелі пакінуць жытло, некаторыя выскоквалі з вакон. Эвакуяваныя пацярпелыя разьмешчаныя ў будынках бліжэйшых школ.
Апэратыўныя паведамленьні зьяўляюцца ў тэлеграм-канале губэрнатара Чалябінскай вобласьці Барыса Дуброўскага.
Выданьне Чалябінск.онлайн сьцвярджае, што разьмясьціла відэазапіс выбуху, які зафіксавала камэра відэаназіраньня ў офісным памяшканьні разбуранага пад'езда.