Нацыянальны банк Беларусі абвясьціў пра выпуск 28 сьнежня новай сэрыі памятных манэтаў — «Архітэктурная спадчына Беларусі».
Звычайна, калі Нацбанк выдае памятныя манэты, то яны істотна адрозьніваюцца ад звычайных «плацёжных» дызайнам і памерамі, выдаюцца накладам у пару тысячаў асобнікаў.
Цяперашні выпуск — па 25 тысячаў кожнай з шасьці манэтаў. Самі манэты вельмі падобныя да «стандартных» 2-рублёвых, маюць той самы рэвэрс зь дзяржаўным гербам, але на авэрсе замест звычайнага надпісу «2 рублі» маюць выявы архітэктурных помнікаў. На выявах:
- Мірскі замак;
- Нясьвіскі палац Радзівілаў;
- Гомельскі палац Румянцавых і Паскевічаў;
- Камянецкая вежа;
- Мікольская царква ў Магілёве;
- Сафійскі сабор у Полацку.
Такія манэты можна купляць у якасьці сувэніраў, дарыць і прадаваць калекцыянэрам — а можна і проста расплаціцца імі ў краме, яны абавязковыя да прыёму без абмежаваньняў. Ранейшы дызайн з надпісам «2 рублі» на авэрсе і дзяржаўным гербам на рэвэрсе ня зьнікне.
Цягам 2019–2020 гадоў будуць выпушчаныя і новыя папяровыя рублі – ня памятныя, а звычайныя зь некаторымі праўкамі. Грошы, уведзеныя ў абарот у 2016 годзе, былі надрукаваныя значна раней — з разьліку на тое, што дэнамінацыю правядуць у 2009-м. За час, пакуль рублі ляжалі на складах, пасьпелі зьмяніцца правапіс, старшыня Нацбанку і некаторыя будынкі, намаляваныя на купюрах.