Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Аркадзі Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў. Ён заяўляе, што Расея ўсур’ёз спрабуе стратэгічна зьмяніць тую мадэль адносін, якая існавала паміж ёю і Беларусьсю на працягу апошніх 25 гадоў, тлумачыць, ці засталіся ў Менску козыры на перамовах з Масквой (адказ — няшмат) і адказвае на пытаньне, ці патрэбная Крамлю інкарпарацыя Беларусі.
Быў створаны інструмэнтарый маскоўскага ўзьдзеяньня на Беларусь
— Перамовы Лукашэнкі і Пуціна завяршыліся тым, што бакі пагадзіліся сустрэцца яшчэ раз да Новага году і стварыць чарговую «працоўную групу». Якая на сёньня галоўная супярэчнасьць у пазыцыях Масквы і Менску, чаму ім не ўдаецца дамовіцца?
— Тое, што мы цяпер назіраем, сьведчыць, што рознагалосьсі досыць глыбокія, супярэчнасьці паміж бакамі дастаткова вялікія. Я думаю, што Расея ўсур’ёз спрабуе зьмяніць тую мадэль адносін, перш за ўсё ў эканамічнай сфэры, якая існавала паміж Расеяй і Беларусьсю на працягу апошніх 25 гадоў. У Расеі сёньня сапраўды менш грошай, Расея павялічвае досыць жорстка фіскальны прэс на ўласнае насельніцтва.
І Масква выразна дае зразумець Менску, што пэрыяд, калі субсыдыі былі больш-менш неабмежаванымі, — гэты пэрыяд прайшоў. Для беларускага кіраўніцтва гэта ў пэўнай ступені шок, гэта вельмі сур’ёзнае зьмяненьне абставінаў, таму проста так пагадзіцца на такое зьмяненьне мадэлі Менск ня можа.
Працэс гэты будзе ісьці доўга, але цалкам відавочна, што Масква дае Менску зразумець, што танных і бясконцых грошай і фінансавых уліваньняў больш ня будзе.
— Чаму Масква цяпер не гатовая пагаджацца з ранейшымі аргумэнтамі афіцыйнага Менску, якія раней нібыта працавалі? Пра тое, што разам «гнілі ў акопах», пра тое, што ад Брэста да Масквы толькі беларускае войска абараняе Расею, пра адзінага саюзьніка і гэтак далей?
— Ведаеце, мне падаецца, што і раней Масква ня вельмі пагаджалася з такімі аргумэнтамі — але грошы былі. Таму прасьцей было працягваць субсыдыяваць менскі рэжым, а не ўскладняць сваё замежнапалітычнае становішча.
Цяпер частка гэтых аргумэнтаў перастала дзейнічаць. Як тое, што вы сказалі — маўляў, ад Брэста да Масквы няма расейскіх дывізіяў. Цяпер яны ёсьць.
Быў створаны так ці іначай інструмэнтарый маскоўскага ўзьдзеяньня на Беларусь. Тут вам і актывізацыя «русского мира», і актывізацыя праваслаўнай царквы — структуры, якая ніякім чынам не падпарадкоўваецца беларускаму кіраўніцтву. Быў у нечым разьвянчаны той імідж Лукашэнкі. які доўгія гады існаваў у самой Расеі.
То бок у Масквы сёньня сілаў больш, яна ў меншай ступені баіцца пайсьці на скандал, на жорсткае сутыкненьне, яна ў большай ступені дамагаецца ад Менску салідарызацыі са сваімі замежнапалітычнымі пазыцыямі. Масква ня мае больш ілюзій адносна глыбіні вайскова-палітычных саюзьніцкіх адносін зь Менскам. Але, мне здаецца, усё адно ключавая прычына ў тым, што, на думку Крамля, субсыдыяваньне трэба спыняць у той ступені, у якой гэта было, — бо грошай стала прынцыпова менш.
Козыра, які дазваляў бы дэманстраваць патэнцыйную магчымасьць развароту на Захад, — няма
— Ці засталіся ў Менску нейкія козыры? Ці вернецца Лукашэнка зноў да «дыпляматыі скандалу» і ці будзе яна пасьпяховая? Нават калі ён зразумее, што гэта ўжо не працуе — ён жа не апусьціць рукі?
— Я думаю, што асаблівых козыраў у Менску не засталося. Я думаю, Лукашэнка зрабіў досыць вялікую памылку, спрабуючы апошнія 2–3 гады гуляць у рамках старой мадэлі. Спрабуючы паўтарыць тут гульню, якую ён дэманстраваў у 2008–10 гадах, дэманструючы пэрспэктыву збліжэньня з Захадам, каб у канчатковым выніку вярнуцца назад да Расеі і вытаргаваць сур’ёзныя саступкі.
10 гадоў таму гэта было магчыма — цяпер немагчыма, таму што Захад зусім іншы. Захад не вядзе сёньня палітыкі пашырэньня зоны свайго ўплыву на постсавецкай прасторы. Адкрываць новы фронт геапалітычнага сутыкненьня з Расеяй — гэтым разам у Беларусі — Захад відавочна не гатовы.
Я думаю, разьлік Менску тут быў няправільны. Захад з прыемнасьцю прыяжджае на канфэрэнцыі ў Менск, гаворыць пра супрацоўніцтва, але грошай і гарантыяў на будучыню не дае. Таму гэтага козыра, які дазваляў бы дэманстраваць патэнцыйную магчымасьць развароту на Захад — няма. У Менску думалі, што ён існуе — але яго не аказалася ўвогуле.
Я думаю, няма і прасторы для манэўру, які зьвязаны зь «мяккай беларусізацыяй». Бо цягам 25 гадоў Лукашэнка працаваў з прарасейскім электаратам у Беларусі, даводзячы ўсім, што ён галоўны і самы верны прыхільнік Расеі. І раптам высьвятляецца, што ёсьць іншы чалавек, які гатовы забясьпечыць гэтую мадэль — гэта Пуцін. І аказваецца, што людзі, якіх Лукашэнка лічыў сваім каранёвым электаратам, аглядаюцца па баках і пачынаюць глядзець на Маскву напрасткі.
Тэарэтычна добрым рэсурсам для Лукашэнкі і для краіны быў бы запуск рэформаў і падвышэньне таго, што называецца стрэсаўстойлівасьць (resilience). Гэта можна зрабіць, распачаўшы рэформы, пад што можна атрымаць хоць нейкія крэдытныя і інвэстыцыйныя рэсурсы з Захаду. Але мне падаецца, што Менск на гэта пайсьці не гатовы. Бо ўлады асьцерагаюцца, што лібэралізацыя эканамічная, а тым больш палітычная прывядзе да аслабленьня ўлады.
Ці будзе Лукашэнка падвышаць градус і ісьці на канчатковы разрыў з Расеяй? Думаю, не. Але я мяркую, што і Масква лічыць, што падвесьці рысу пад 25-гадовымі адносінамі, напэўна, таксама было б надта рызыкоўна. Бо тады ня вельмі зразумела, што ў будучыні, якія палітычныя сілы могуць актывізавацца і чаго яны запатрабуюць.
Таму я думаю, што ўрэшце будзе дасягнуты пэўны кампраміс. Субсыдыі будуць зьніжаныя, але ня спыненыя цалкам. Беларусь будзе яшчэ дэманстратыўней падкрэсьліваць свае саюзьніцкія абавязаньні. Магчыма, давядзецца дэманстратыўна стварыць не патрэбную Расеі базу, пайсьці на іншыя саступкі. Нейкая дамоўленасьць будзе дасягнутая, але мы, магчыма, не даведаемся пра яе зьмест. За проста так Масква грошай ня дасьць. Але наўрад ці яна будзе патрабаваць поўнай капітуляцыі. Прыстойнасьць будзе захаваная.
Прывесьці Беларусь у стан поўнай геапалітычнай пакорлівасьці можна і без інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі
— Цяпер пра магчымасьць далучэньня Беларусі да Расеі гавораць ужо ня толькі маргінальныя шавіністычныя сайты, але і некаторыя дэпутаты, праўладныя СМІ і гэтак далей. Ці гэта элемэнт псыхалягічнага ціску на Лукашэнку, ці сапраўды Масква гатовая разглядаць «на ўсялякі выпадак» варыянт, калі Беларусь дасьпее да аб’яднаньня?
— Мне падаецца, на сёньня гэта элемэнт перамоўнай тактыкі. Ствараецца ціск, які будзе спрыяць выніку перамоваў, які патрэбны Маскве. Мне цяжка ўявіць, што існуе дакладны плян інкарпарацыі Беларусі, пазбаўленьня яе атрыбутаў незалежнасьці і сувэрэнітэту, уключэньня яе ў Расею.
Гэта надта затратна. Гэта краіна зь ня самай лепшай эканомікай і вялікімі даўгамі. Гэта краіна, у выпадку інкарпарацыі якой давядзецца купляць ляяльнасьць чыноўнікаў. Давядзецца змагацца з, можа, ня вельмі масавым, але патэнцыйна вельмі актыўным апазыцыйным рухам. Крым навучыў Маскву таму, наколькі затратным можа быць далучэньне іншых тэрыторый.
Пытаньне таксама ў тым, дзеля чаго гэта рабіць. Калі для 2024 году, каб дазволіць Пуціну застацца ва ўладзе на наступны тэрмін, — мне падаецца, значна прасьцей памяняць расейскую Канстытуцыю. З палітычнага і юрыдычнага гледзішча выдаткі на зьмену Канстытуцыі не ідуць ні ў якае параўнаньне з такой апэрацыяй, як уключэньне ў склад краіны іншай дзяржавы.
З гледзішча прывядзеньня Беларусі ў стан поўнай геапалітычнай пакорлівасьці — гэта можна зрабіць без інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Да тае пары, пакуль у Менску існуе цяперашні рэжым, які выдатна разумее межы свайго замежнапалітычнага манэўру — гэта значна прасьцей зрабіць і без інкарпарацыі.
Таму я думаю, што пакуль размова ідзе толькі пра перамоўную тактыку. Гэта ня значыць. што гэта ня можа зьмяніцца. Але я ня думаю, што на сёньня такое рашэньне ўжо было прынятае.