У Крамлі заявілі аб пасьпяховых выпрабаваньнях новага ракетнага комплексу «Авангард» з гіпэргукавым баявым блёкам. Паведамляецца, што загад пра выпрабаваньні аддаў асабіста Ўладзімір Пуцін, які сказаў, што гэты новы від стратэгічнай зброі ў Расеі выходзіць за рамкі «чыста нацыянальных інтарэсаў».
У прэс-службе Крамля сьцьвярджаюць, што ракета была запушчаная з Арэнбурскай вобласьці і паразіла ўмоўную мішэнь у Камчацкім краі.
На мінулым тыдні Пуцін, выступаючы на выніковай калегіі Міністэрства абароны, выказаў надзею, што новыя расейскія ядзерныя ракеты «прымусяць задумацца тых, хто прывык да мілітарысцкай і агрэсіўнай рыторыкі».
Тады таксама кіраўнік Расеі заявіў, што міжкантынэнтальная балістычная ракета «Сармат» прайшла пасьпяховыя выпрабаваньні, а новы гіпэргукавы ракетны комплекс «Авангард» ужо выпускаецца сэрыйна.
У кастрычніку на форуме ў Сочы Пуцін заявіў, што Расея не баіцца канфлікту зь іншымі краінамі, паколькі яе армія валодае найноўшай зброяй. Паводле яго слоў, Расея ня будзе першай наносіць ядзерны ўдар, але гатовая нанесьці яго ў адказ. «Мы, як пакутнікі, трапім у рай. А яны проста здохнуць. Яны проста пакаяцца не пасьпеюць», — дадаў Пуцін.