Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь — васал Расеі». У Кіеве пракамэнтавалі галасаваньне ў ААН


Сэсія Генэральнай асамблеі ААН, на якой ухвалілі «чарнаморскую» рэзалюцыю
Сэсія Генэральнай асамблеі ААН, на якой ухвалілі «чарнаморскую» рэзалюцыю

Адмова ўладаў Беларусі падтрымаць на Генэральнай асамблеі ААН праект рэзалюцыі наконт мілітарызацыі акупаванага Расеяй Крыму, Чорнага і Азоўскага мораў ёсьць вынікам залежнасьці дзяржавы ад Расеі, але ня можа стаць падставай для замарожваньня беларуска-ўкраінскіх стасункаў.

Аляксей Ганчарэнка
Аляксей Ганчарэнка

«Зразумела ўсё. Беларусь вядзе цяжкі бой за сваю незалежнасьць — гэта шчыра кажа Лукашэнка. Гэты бой іншы, чым ва Ўкраіне — няма прамога канфлікту пакуль што, і мы ня ведаем, што будзе далей. А мэта Расеі відавочная — інкарпараваць Беларусь у склад Расейскай Фэдэрацыі.

Беларусь сёньня знаходзіцца ў такім васальным стане, у якім Расея хацела бачыць і Ўкраіну шмат гадоў. Толькі Ўкраіна гэтага не захацела», — заявіў намесьнік кіраўніка Блёку Пятра Парашэнкі ў Вярхоўнай Радзе Аляксей Ганчарэнка сёньня журналістам у парлямэнце перад пачаткам сэсіі.

Паводле дэпутата, Украіна разумее сытуацыю, у якой апынуліся Беларусь і яе кіраўніцтва.

Мы можам усім паказаць, дзе камар козы пасе, але калі маем канфлікт з такім суседам, як Расея, то гэта ня самая лепшая ідэя — пасварыцца з усімі.

«Чаму мы зь імі кантактуем? Гэта наш вялікі сусед. Вядома, мы можам усім паказаць, дзе камар козы пасе, але калі маем канфлікт з такім суседам, як Расея, то гэта ня самая лепшая ідэя — пасварыцца з усімі. Мы ведаем пра Беларусь усё, ведаем, што ў замежнай палітыцы яна залежыць ад Расеі. Ну шкада нашых братоў беларусаў».

На ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы і ўраду пазыцыю Беларусі ў галасаваньні на Генасамблеі ААН не камэнтуюць. У заяве, якую распаўсюдзіла Міністэрства замежных спраў Украіны, акцэнт на тым, што вынікі разгляду ўкраінскай рэзалюцыі «пацьвердзілі выразную пазыцыю міжнароднай супольнасьці ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і асуджэньня агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі»:

«Нягледзячы на адчайныя намаганьні Расейскай Фэдэрацыі перашкодзіць ухваленьню дакумэнту, Генэральная Асамблея ААН чарговы раз асудзіла часовую акупацыю Крымскага паўвострава Расеяй і зрабіла выразны сыгнал аб непрызнаньні спробы яго анэксіі. Расейская Фэдэрацыя павінна забраць свае ўзброеныя сілы з Крыму і неадкладна спыніць незаконную акупацыю тэрыторыі Ўкраіны».

У МЗС таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што ў рэзалюцыі асуджаецца пабудова Расеяй Керчанскага моста і павелічэньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў акваторыі Чорнага і Азоўскага мораў.

У заяве адзначаецца, што «Ўкраіна ўдзячная кожнай дзяржаве, якая аддала свой голас за рэзалюцыю».

На сустрэчы ў Гомлі сёлета ў кастрычніку прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў Аляксандра Лукашэнку «вялікім сябрам украінскага народу».

Генэральная асамблея ААН 17 сьнежня ўхваліла ўкраінскі праект рэзалюцыі наконт мілітарызацыі акупаванага Расеяй Крыму, Чорнага і Азоўскага мораў. 72 краіны ўстрымаліся ад галасаваньня, 66 былі за, 19 — супраць.

Прынятая рэзалюцыя заклікае Расею вывесьці свае войскі з анэксаванага Крыму, асуджае рост яе вайсковай прысутнасьці ў Чорным і Азоўскім морах.

Рэзалюцыю падтрымалі ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Італія, Гішпанія, Ізраіль, Турэччына, Польшча, Японія, Літва, Латвія, Эстонія ды іншыя.

Супраць былі Армэнія, Балівія, Беларусь, Бурундзі, Вэнэсуэла, Зімбабвэ, Іран, Камбоджа, Куба, КНДР, Лаос, М’янма, Нікарагуа, Паўднёвы Судан, Расея, Судан, Сырыя, Сэрбія, Узбэкістан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG