Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня заявіў, што Беларусь «застаецца пасьлядоўнай прыхільніцай інтэграцыі», піша БелТА.
Ён пацьвердзіў, што Расея «застаецца стратэгічным партнэрам і саюзьнікам Беларусі», а таксама нагадаў, што «мы разам зь іншымі ініцыявалі стварэньне саюзаў, якія існуюць у савецкай прасторы».
«Я разумею намёкі. Вы падумалі пра наступствы?»
На думку Аляксандра Лукашэнкі, як піша «Інтэрфакс», пад «глыбокай інтэграцыяй» Масква мае на ўвазе далучэньне Беларусі ў склад Расеі:
«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі, — казаў Лукашэнка. — Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне, і міжнародная супольнасьць? Ня кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
«Для нас, запомніце, сьвятое — гэта сувэрэнітэт, я ўжо пра гэта казаў, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Гэта адносная незалежнасьць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаваў няма. І вы таксама не настолькі незалежныя, але сувэрэнныя. Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею — гэтага ня будзе ніколі. і калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расеі думае — гэта на шкоду самой Расеі».
«Шантажаваць Беларусь, нахіліць, стаць каленам на грудзі — марна»
Паводле Лукашэнкі, беларускі бок гатовы і далей разьвіваць інтэграцыю, але пры ўмове «жалезабэтоннага выкананьня дасягнутых дамоўленасьцяў».
«Трэба выконваць дамову і ісьці крок за крокам па выкананьні гэтых пагадненьняў", — цытуе Лукашэнку БелТА. Паводле выданьня, ён перакананы, што «перш чым капаць углыб, трэба зьняць пытаньні, якія ляжаць на паверхні, а іх куча і іх можна зьняць за дзень».
Ён прапанаваў працягваць інтэграцыю ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу — маўляў, гэта важна на тле зьнешняга ціску, «шчасьце сваё шукаць тут».
Як перадае «Інтэрфакс», Лукашэнка заклікаў Маскву разьвіваць стасункі «без шантажу»: казаў, «шантажаваць Беларусь, нахіліць, стаць каленам на грудзі — марна».
На будучай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным (плянуецца, што яна пройдзе да канца году), абяцае Лукашэнка, галоўным будзе пытаньне расейскага падатковага манэўру, «каб не было, што кіраўнік здаў Беларусь за бочку нафты». Але дадаў, што сустрэча з Пуціным «можа і не адбыцца».
Паводле ТАСС, Лукашэнка заявіў, што саюз Беларусі і Расеі — гэта «найвялікшы здабытак», «гэтыя стасункі ніякія нафтавыя праблемы не разарвуць» і «ніколі [ў Беларусі] ня будзе так, як ва Ўкраіне». Між краінамі, казаў ён, «існуе духоўная сувязь», і «ў гэтыя духоўныя сьвятыні» сьвядома ўклалі «вялізныя сродкі».
На тэлеканале «Беларусь-1» паказалі кадры, на якіх Лукашэнка заявіў, што за час беларуска-расейскіх стасункаў прынамсі двойчы «быў такі пэрыяд, калі мы стаялі на мяжы разрыву» — канфлікт быў між цэнтральнымі ўладамі, але саюз «уратавалі рэгіёны», казаў ён. «Інтэрфакс» паведамляў, што Лукашэнка заявіў: гэта «Расея парушае інтэграцыйныя прынцыпы». Пазьней навіна была выдаленая.
«Калі б Расея дала 100 мільярдаў даляраў, беларусы падавіліся б ад такой колькасьці купюраў»
Таксама Лукашэнка згадаў прэтэнзіі наконт шматмільярднай падтрымкі беларускай эканомікі з боку Расеі: маўляў, калі і адбываецца пэўная крэдытная падтрымка, то, па-першае, гэта робіцца па значна большай адсоткавай стаўцы, чым крэдыты МВФ, а па-другое, Расея крэдытуе канчатковага спажыўца, які вырабляе тавар, у тым ліку з расейскіх камплектных частак.
«Вельмі часта я чытаю ў СМІ, нават ад прыхільнікаў нашага саюзу, я іх называю аблуднымі людзьмі, такія фразы, што „чаго мы кормім беларусаў“, а некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасьці нам аж 100 мільярдаў даляраў адвалілі. Я думаю, калі б 100 мільярдаў, то беларусы падавіліся б ад такой колькасьці купюраў», — перадае ТАСС словы Лукашэнкі. Ён дадаў, што гэта «поўная брахня» і «так разважаць — гэта глупства».
Выбары новага генэральнага сакратара АДКБ зацягнуліся не празь Беларусь, дадаў Лукашэнка, і «гэта ганьба», што новы генэральны сакратар дагэтуль ня выбраны. Беларускі бок хацеў бачыць беларуса на пасадзе ў постсавецкім вайсковым аб’яднаньні.
Што прадугледжвала Дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы
Дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы 1999 году прадугледжвала, сярод іншага, наступнае:
- агульную грашовую адзінку (валюту) выдае адзіны эмісійны цэнтар;
- забараняецца ўвядзеньне і эмісія іншай валюты ў Саюзнай дзяржаве;
- нацыянальныя валюты выкарыстоўваюцца да ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі.
Паводле пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю ад 30 лістапада 2000 году агульная валюта і адзіны эмісійны цэнтар Саюзнай дзяржавы павінны былі зьявіцца ад 1 студзеня 2005 году. Ролю адзінай валюты меўся выконваць расейскі рубель.
Намесьнік Мядзьведзева Дзьмітры Козак 11 сьнежня не захацеў абмяркоўваць нафтагазавыя пытаньні зь беларускай дэлегацыяй, якая ўжо прыбыла ў Маскву. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Козак не палічыў магчымым абмяркоўваць эканамічныя пытаньні да «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы».
Аглядальнік Дракахруст: Для Беларусі наступае момант ісьціны
Беларускі бок пастаўлены перад дылемай — альбо больш глыбокая
інтэграцыя — і тады пажаданьні Менску па газу і нафце будуць задаволеныя, альбо інтэграцыя застаецца на цяперашнім узроўні — і тады на саступкі з расейскага боку Беларусі разьлічваць ня надта даводзіцца, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
Тэзісна:
- Па структуры цяперашняя прапанова Мядзьведзева падобная да прапановы Ўладзіміра Пуціна ад 2002 году, да так званага «аддзяленьня мух ад катлет». Ці Беларусь банальна ўступае ў склад Расейскай Фэдэрацыі, ці менш адказнае збліжэньне, «кшталту як у Эўразьвязе».
- На парадку дня ў двухбаковых адносінах — цана на газ, зьніжэньня якой дамагаецца Беларусь, і падатковы манэўр, кампэнсацыі за які хоча Менск.
- У сьвятле заявы Мядзьведзева робяцца больш зразумелымі і публічная спрэчка Лукашэнкі з Пуціным на нядаўнім саміце ЭАЭС, і дзіўная сустрэча кіраўніка дзяржавы з паслом Нямеччыны.
- Наўрад ці прапанова пра адзіную валюту, мытню і суд была нечаканай для Лукашэнкі. Гледзячы па ўсім, ён пра падрыхтоўку да гэтага «інтэграцыйнага наступу» ведаў і здагадваўся даўно. І таму разважаў над тым, як яго адбіць.
- Палітычна Захад, безумоўна, падтрымае Лукашэнку, калі той будзе пярэчыць прапанове Крамля. Прынамсі, пакуль сытуацыя не патрабуе фізычнай, збройнай абароны сувэрэнітэту Беларусі. Але мог бы дапамагчы і фінансава.
- Прапанова Крамля — ударам па яго ўласным дзецішчы: Эўразійскім эканамічным саюзе.
- Для Беларусі, для грамадзтва наступае момант ісьціны. Набываюць рэальныя рысы абстрактныя спрэчкі пра нацыянальную ідэнтычнасьць. Пакуль ніякіх «зялёных чалавечкаў» няма, але ёсьць выбар паміж платай сувэрэнітэтам ці грашыма, якіх стане менш у кішэнях беларусаў.
Палітоляг Карбалевіч: Стрэльба, якая амаль 19 гадоў вісела на сьцяне, раптам стрэліла
Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч прааналізаваў апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях.
Тэзісна:
- Так званая «Саюзная дзяржава» (1999 г.) меркавалася як пераходная форма на шляху да поўнага абʼяднаньня дзьвюх краін. На тле старога і хворага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, які амаль цалкам страціў давер расейскага грамадзтва, малады і энэргічны, папулярны ў Расеі Аляксандар Лукашэнка марыў пра крамлёўскі пасад і ўсяляк прышпорваў працэс інтэграцыі. Тая эпоха даўно скончылася, а помнік застаўся. І вось цяпер Расея вырашыла яго ажывіць.
- Намёкі на тое, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў беларуска-расейскіх стасунках нешта адбываецца, былі. Але іх заўважалі толькі вельмі ўважлівыя назіральнікі.
- Тым ня менш ультыматум, выстаўлены Мядзьведзевым у Берасьці, стаў для Менску ў пэўным сэнсе нечаканым.
- Здаецца, што каталізатарам працэсу стала вострая дыскусія Лукашэнкі і Пуціна на саміце ЭАЭС у Санкт-Пецярбургу, якая пачалася ў прысутнасьці мэдыя, а завяршылася на закрытым паседжаньні.
- Беларусь уступае ў пэрыяд перамен. Калі Масква чарговым разам не памяняе сваёй пазыцыі (Лукашэнка зьбіраецца ляцець да Пуціна яшчэ да Новага году), то краіне давядзецца далей жыць бяз нафтавага гранту. Цалкам магчыма, што за гэтым наступіць і павелічэньне кошту газу. Інакш кажучы, давядзецца жыць без расейскай «халявы».