Па садках і школах аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці разаслалі з аддзелу адукацыі «Квоты на падпіску на першы квартал 2019 году». Выхавацелі і настаўнікі павінны забясьпечыць падпіску на 905 асобнікаў дзяржаўных «СБ. Беларусь сегодня», «Гомельскай праўды», мясцовай раёнкі і «Спортивной панорамы».
На вясковую школу — па 25 асобнікаў «Гомельскай праўды», па 45 — раёнкі
Пад «Квотамі» стаіць подпіс кіраўніка аддзелу адукацыі райвыканкаму. Дадзеныя аб «выкананьні пляну» трэба падаць да 20 сьнежня.
Супрацоўнікі адной са школ райцэнтру атрымалі квоты на 22 падпіскі на «СБ. Беларусь сегодня», 25 асобнікаў «Гомельскай праўды», 45 — мясцовай раёнкі. Таксама за імі «замацаваны» абавязак падпісацца на тры «Спортивные панорамы» (газэта Міністэрства спорту і турызму).
У невялікай вёсцы раёну калектыў школы (каля 24 чалавек) абавязаны падпісацца на 15 асобнікаў «СБ. Беларусь сегодня», столькі ж — «Гомельскай праўды» і 26 раёнак.
На дзіцячыя садкі ў раённым цэнтры аддзел адукацыі «раскінуў» па 8–10 асобнікаў «СБ. Беларусь сегодня», 7–10 — «Гомельскай праўды» і 16–21 — раёнкі.
Таксама ў справаздачы настаўнікі павінны адзначыць, колькі выпісалі «Настаўніцкіх газэт» і «Юных спасателей».
...І 24 асобнікі «Спортивной панорамы»
Падлікі паказалі, што толькі ўстановы адукацыі невялікага раёну Гомельскай вобласьці забясьпечаць падпіску на 234 экзэмпляры «СБ. Беларусь сегодня», 238 — «Гомельскай праўды», 409 — мясцовай раёнкі. Знойдзе сваіх чытачоў і «Спортивная панорама». Ва ўстановах адукацыі раёну на яе падпішуць 24 чалавек. Агулам выйшла 905 асобнікаў. Гэта толькі адзін раён Гомельскай вобласьці — з 21. Толькі адзін аддзел адукацыі.
На школьных тэхнічак і вартаўнікоў зь мізэрнымі заробкамі падпіска таксама распаўсюджваецца
Неафіцыйна вядома, што, апроч устаноў адукацыі, на дзяржаўныя выданьні падпісваюцца як мінімум сельскія саветы, дый усе дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі.
«На школьных тэхнічак і вартаўнікоў зь мізэрнымі заробкамі падпіска таксама распаўсюджваецца, але тут вырашае дырэктар. Калі ён больш-менш чалавечны, то можа і не прымусіць, заплаціць за падпіску з уласных грошай. Інакш будуць і тэхнічкі падпісвацца», — кажа крыніца Свабоды, якая даслала дакумэнт з квотамі на падпіску.
Згодна з дадзенымі на сайтах выданьняў, наклад «СБ. Беларусь сегодня» — 400 тысяч, «Гомельскай праўды» — 50 тысяч, раёнак — каля 2 тысяч.
На першы квартал падпіска на «СБ», паводле каталёгу пошты, каштуе 26 рублёў і 70 капеек, на «Гомельскую праўду» — 25 рублёў і 5 капеек. Мясцовае выданьне таньнейшае — каля 15 рублёў на тры месяцы.
У школьнікаў пытаюцца: «Якія газэты чытаюць у вас дома?»
Адкрыта згадваюць падпіску на дзяржаўныя выданьні і адміністрацыі некаторых школ Гомельскай вобласьці — на сваіх сайтах у разьдзелах «Ідэалягічная праца».
Напрыклад, на сайце Камунараўскай сярэдняй школы (Буда-Кашалёўскі раён) у пляне ідэалягічнай працы на год ёсьць такі пункт: «Арганізацыя індывідуальнай падпіскі на пэрыядычныя выданьні». Гэта тычыцца «членаў калектыву». Яшчэ ёсьць «школьная падпіска на пэрыядычныя выданьні» — за гэта адказвае бібліятэкар. Пераймаецца падпіскай на дзяржаўныя выданьні і Васілевіцкая сярэдняя школа для дзяцей з праблемамі зроку (Рэчыцкі раён). У разьдзеле «Ідэалягічная праца» прапісаная «арганізацыя падпісной кампаніі на пэрыядычны друк сярод членаў пэдагагічнага калектыву». Адказваюць за гэта завуч і бібліятэкар.
Ручаёўская школа (Лоеўскі раён) у пляне ідэалягічнай працы пазначыла «Супрацоўніцтва з рэдакцыяй газэты „Лоеўскі край“ і „Настаўніцкая газэта“», а таксама абавязалася на працягу году «рэгулярна праводзіць падпісную кампанію сярод работнікаў».
У Бывалькаўскай школе (Лоеўскі раён) у пляне выхаваўчай працы пазначана правядзеньне ў лістападзе інфармацыйнай гадзіны «Якія газэты чытаюць дома». Адказваюць за гэта клясныя кіраўнікі.
Падпісаліся на працы? Дапамажыце з падпіскай і школе!
У адной са школ Сьветлагорску дарослыя «добраахвотна» падпісваюцца на дзяржаўныя выданьні ня толькі на працы, але і за сваіх дзяцей.
Чытачы Свабоды даслалі перапіску бацькоўскай групы адной са школ Сьветлагорску ў Viber-чаце. Прадстаўнікі бацькоўскага камітэту нагадваюць, што трэба здаць макулятуру.
«— Яшчэ на клясу трэба выпісаць газэты.
— Я выпішу. Але макулятуры ў нас няма, чэсна. Мы газэты не выпісваем.
— Галоўнае — чэкі. Можа, у каго бабулі выпісваюць».
«Ужо з гэтай школы цягнуць што толькі можна. То на працы прымушалі выпісваць газэты, зараз да дзяцей дабраліся», — абурыўся нехта з бацькоў.
«Людзям, нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу»
Галоўны рэдактар «СБ — Беларусь Сегодня» Дзьмітры Жук ня лічыць абавязковую падпіску заганнай. Прынамсі, так ён выказваўся ў лютым 2018 году на перадачы «Клюб рэдактараў».
«Як журналіст, чалавек і грамадзянін катэгарычна перакананы, што людзям, нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу. Тым больш настаўнікам», — заявіў Жук.
Гомельскі аблвыканкам: «Гэта хлусьня»
Намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Жана Ждановіч зьняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што па школах рассылаюцца «Квоты на падпіску на першы квартал 2019 году».
«Гэта хлусьня. Калі вы ведаеце канкрэтныя школы ці раёны, то скажыце мне і мы будзем разьбірацца. Калі нехта зь кіраўнікоў школ займаецца самадзейнасьцю, то скажыце нам і мы паправім», — сказала Свабодзе Ждановіч.