Кангрэс ЗША разглядае каля дзесяці заканадаўчых ініцыятываў, накіраваных супраць энэргетычнага сэктару Расеі і яе экспартных магчымасьцяў, каб скараціць залежнасьць Эўропы ад расейскай нафты і газу.
«Думаю, ёсьць каля дзесяці законапраектаў, ключавым кампанэнтам якіх зьяўляецца расейская энэргетыка», — заявіў журналістам памочнік дзяржсакратара па энэргарэсурсах Фрэнк Фэнан.
Першай на разглядзе заканадаўцаў знаходзіцца рэкамэндацыйная рэзалюцыя, у якой Кангрэс выказвае непрыманьне будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток-2», прызначанага для дастаўкі расейскага газу ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора.
Паводле Голасу Амэрыкі, рашэньне па гэтай рэзалюцыі можа быць прынятае ўжо на гэтым тыдні.
«Мы чакаем, што Кангрэс прыме рашэньне па гэтым пытаньні і ціск на расейскі энэргетычны сэктар у выніку будзе толькі ўзрастаць», — сказаў Фэнан.
«Паўночны паток-2» падвоіць аб’ёмы прыроднага газу, які Расея зможа пастаўляць наўпрост у Нямеччыну пад Балтыйскім морам, у абыход Украіны.
Агульны кошт будаўніцтва «Паўночнага патоку-2» складае 9,5 мільярда эўраў. «Газпром» нясе палову гэтых выдаткаў. Заходнімі партнэрамі «Газпрому» зьяўляюцца нямецкія кампаніі Uniper і Wintershall, англа-галяндзкая група Royal Dutch Shell, француская Engie і аўстрыйская OMV.
Фэнан заклікаў партнэраў «Газпрому» выйсьці з гэтага праекту.
«Пазыцыя ЗША досыць ясная. Мы выступаем супраць „Паўночнага патоку-2“ і заклікаем ўсе бакі выйсьці з праекту», — сказаў ён.
Фэнан падкрэсьліў, што «дывэрсыфікацыя» энэргетыкі зьяўляецца ключом да захаваньня энэргетычнай незалежнасьці Эўропы.
Ён згадаў некалькі праектаў, накіраваных на дасягненьне гэтай мэты, у прыватнасьці будаўніцтва трубаправоду (інтэрканэктара) паміж Грэцыяй і Баўгарыяй, сынхранізацыю электрасетак краінаў Балтыі з кантынэнтальнай Эўропай і будаўніцтва тэрмінала для прыёму звадкаванага прыроднага газу на востраве Крк у Харватыі.
«Гэты тэрмінал мог бы атрымліваць звадкаваны газ ад шырокага кола пастаўшчыкоў. Гэта дазволіць павялічыць дывэрсыфікацыю і адысьці ад расейскіх крыніц, што будзе мець асаблівае значэньне для Вугоршчыны», — сказаў Фэнан.