Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ВМС Украіны прапанаваў абмяняць сябе на затрыманых Расеяй маракоў


Артылерыйскія катэры "Нікапаль", "Бярдзянск" і рэйдавы буксір "Яны Капу" (зьлева направа), захопленыя расейскімі памежнікамі. Керч, 26 лістапада 2018 году.
Артылерыйскія катэры "Нікапаль", "Бярдзянск" і рэйдавы буксір "Яны Капу" (зьлева направа), захопленыя расейскімі памежнікамі. Керч, 26 лістапада 2018 году.

Ігар Варончанка заявіў, што гатовы сесьці ў расейскую турму, калі Ўладзімір Пуцін адпусьціць на свабоду затрыманых у Керчанскай пратоцы ўкраінскіх маракоў.

Камандуючы вайскова-марскімі сіламі Ўкраіны Ігар Варончанка прапанаваў Расеі сябе ў абмен на 24 затрыманых у Керчанскай пратоцы ўкраінскіх маракоў. Ігар Варончанка гатовы адправіцца ў расейскую турму замест іх.

«У мяне разрываецца сэрца, калі я бачу сваіх салдатаў, якіх супрацьзаконна ўтрымліваюць у Расеі», — заявіў кіраўнік ВМС Украіны ў інтэрвію газэце Bild. Вытрымкі з інтэрвію публікуе «Deutsche Welle».

Але адмірал, у адрозьненьні ад Пятра Парашэнкі, ня лічыць, што NATO магла б дапамагчы Ўкраіне ўрэгуляваць крызіс у Азоўскім моры.

«Існуе дамова ад 2003 году, паводле якой любому вайсковаму судну для заходу ў Азоўскае мора неабходны дазвол і ад Украіны, і ад Расеі. Гэта значыць, што, нават калі б Украіна хацела, Расея б гэтага не дазволіла», — падкрэсьліў Варончанка.

І заклікаў NATO павялічыць сваю прысутнасьць у Чорным моры.

25 лістапада расейскі спэцназ захапіў два ўкраінскія катэры з маракамі і буксір у Керчанскай пратоцы. Маракі арыштаваныя, расейскі бок вінаваціць іх у незаконным перасячэньні мяжы.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG