Авіякампанія «Белавія» і Беларуская чыгунка пакуль прадаюць квіткі для грамадзянаў Расеі на ранейшых умовах.
Украіна на час дзеяньня ваеннага становішча забараніла ўезд у краіну для мужчын – грамадзянаў Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
Грамадзяне Расеі часта выкарыстоўваюць авіярэйсы ва Ўкраіну празь Менск, бо авіязносінаў паміж Расеяй і Ўкраінай няма.
У «Белавіі» паведамілі, што пакуль не атрымлівалі афіцыйнага паведамленьня наконт забароны на ўезд ва Ўкраіну грамадзянам Расеі.
«Таму квіткі прадаюцца, тым больш што пра дакумэнты мы ніколі не кансультавалі і пасажыры нясуць асабістую адказнасьць за тое, ці могуць яны ляцець, — патлумачылі ў інфармацыйна-даведачнай службе «Белавія». — Нам для продажу квіткоў дастаткова дзейнага пашпарта, як і для любой транспартнай кампаніі. Вяртаньне ўжо набытых квіткоў таксама адбываецца на агульных падставах».
У «Белавіі» паведамілі, што рэйсы лятаюць паводле пляну, выпадкі няпропуску ці вяртаньня пасажыраў – грамадзянаў Расеі з тэрыторыі Ўкраіны сёньня невядомыя.
У даведачнай службе ў пытаньнях пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі сказалі, што білеты на цягнікі ва Ўкраіну для грамадзянаў Расеі пакуль прадаюцца, як і раней, без усялякіх абмежаваньняў.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі Свабодзе паведамілі, што на раніцу 30 лістапада пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы працавалі ў штатным рэжыме.
«Пакуль няясна, зь якога моманту будзе дзейнічаць гэтая забарона. Афіцыйнай інфармацыі беларускаму боку пакуль не паступала», — сказаў прэс-сакратар Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.
Расея вядзе супраць Украіны гібрыдную вайну, анэксавала паўвостраў Крым, падтрымлівае баевікоў на Данбасе. Пасьля захопу Расеяй трох украінскіх караблёў, Украіна ўвяла ваеннае становішча ў 10 рэгіёнах.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.