Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не ўзмацняла мяжы пасьля канфлікту Ўкраіны з Расеяй у Азоўскім моры


Беларуска-ўкраінскі памежны пераход «Новая Гута»
Беларуска-ўкраінскі памежны пераход «Новая Гута»

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі вядзе службу ў ахове мяжы ў звычайным, штатным рэжыме. Ніякага ўзмацненьня беларуска-ўкраінскай мяжы, зьвязанага з абвастрэньнем украінска-расейскага канфлікту, пакуль няма, паведамілі Свабодзе ў ведамстве.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі на пытаньне Свабоды, ці будзе ўзмацняцца рэжым аховы дзяржаўнай мяжы ў выпадку, калі Ўкраіна ўвядзе ваеннае становішча, адказаў, што пакуль камэнтары рабіць заўчасна.

«Ваеннае становішча можа быць на частцы дзяржавы, далёкай ад Беларусі. Пакуль мы вядзём службу ў ахове дзяржаўнай мяжы ў звычайным рэжыме. Ніякіх узмацненьняў, зьвязаных з канфліктам у Керчынскай пратоцы, няма. Служба вядзецца ў штатным, звычайным рэжыме», — расказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Ён пацьвердзіў, што тыдзень таму былі праблемы зь перасячэньнем беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце пропуску Новая Гута. На ўкраінскім баку ў пункце пропуску Новыя Ярылавічы ўкраінскія аўтамабілісты заблякавалі трасу Е35, пратэст быў зьвязаны са сплатай мыта на аўтамабілі, увезеныя з Эўразьвязу.

«У нядзелю, 25 лістапада, таксама ўскладнілася сытуацыя ў пункце пропуску Макраны. Але па стане на 10 гадзін 26 лістапада сытуацыя нармалізавалася», — кажа Антон Бычкоўскі.

У памежных зь Беларусьсю краінах ваеннае становішча ўводзілася толькі ў Польшчы — з 13 сьнежня 1981-га да 22 ліпеня 1983 году.

Канфлікт у Азоўскім моры

25 лістапада памежная служба ФСБ Расеі абстраляла і затрымала тры ўкраінскія вайсковыя караблі ў раёне Керчанскай пратокі. У выніку, паводле дадзеных Кіева, пацярпелі шэсць украінскіх маракоў. Затрыманыя судны з 23 маракамі былі адбуксіраваныя ў Керч.

Праз інцыдэнт у Керчанскай пратоцы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прапанаваў увесці ў краіне ваеннае становішча тэрмінам на 60 сутак. Украінская армія прыведзеная ў поўную баявую гатоўнасьць.

У апошні час расейцы ўсё больш актыўна блякуюць Азоўскае мора пагранічнымі караблямі, раней яны перагарадзілі Керчанскую пратоку мостам. У выніку грузапаток украінскіх партоў падае і рэгіёну пагражаюць эканамічныя праблемы.

25 кастрычніка 2018 году Эўрапарлямэнт заклікаў Эўразьвяз узмацніць санкцыі супраць РФ у выпадку абвастрэньня сытуацыі ў Азоўскім моры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG