У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў 22–24 лістапада праходзіць XVI Менскі форум «Беларусь і Эўразьвяз — будучыня партнэрства: дыялёг, разьвіцьцё, дыгіталізацыя».
Адзін зь яго ўдзельнікаў, намесьнік дырэктара Цэнтру польска-расейскага дыялёгу і паразуменьня Лукаш Адамскі адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.
— Ці стала зразумела ў выніку форуму, куды будзе рухаецца Беларусь?
— Ужо сам Менскі форум ёсьць станоўчым сыгналам. Сыгналам умеркаванага адкрыцьця Беларусі ў бок краін Эўразьвязу. Але ж не паводле самога форуму трэба ацэньваць палітыку Беларусі. Гэта вельмі асьцярожны сыгнал адкрыцьця Беларусі — тое, што такі форум адбываецца штогод, і што мяне запрасілі і далі магчымасьць на ім выступіць. Я гэта ацэньваю памяркоўна пазытыўна.
— Што з таго, што адбываецца ў Беларусі, выклікае заклапочанасьць у Польшчы?
— Самая вялікая заклапочанасьць — гэта шчыльнае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў сфэрах, зьвязаных зь бясьпекай. Я маю на ўвазе вайсковыя вучэньні «Захад». Усе задаюць сабе пытаньне: ці ня будуць Беларусь і Расея пры самым горшым разьвіцьці міжнародных падзей яшчэ больш зьвязаныя, ці Ўладзімір Пуцін не працягне свае паўнамоцтвы ў якасьці старшыні нейкай беларуска-расейскай структуры? Тое, чаго асьцерагаецца Польшча, я асабіста, і, мне здаецца, бальшыня краін Эўропы, — гэта ўсё мацнейшая залежнасьць Беларусі ад Расеі. Саму залежнасьць Беларусі ад Расеі як зьяву можна ацэньваць палітычна нэўтральна. Але на гэты момант, калі Расея выкарыстоўвае сілу, каб урэгуляваць спрэчныя пытаньні з суседзямі, вайсковае супрацоўнітва Беларусі і Расеі клапоціць мацней за ўсё.
Але ўзьнікае супярэчнасьць што да таго, як варта ацэньваць стан дэмакратыі, вяршэнства закону. То бо ўнутраная сытуацыя ў Беларусі адышла на далейшы плян. Гэта значыць, пытаньне каштоўнасьцяў заўсёды важнае. Але цяпер ЭЗ мае справу зь Беларусьсю, са спакойным суседам. Магчыма, ва ўнутранай сытуацыі ня ўсё падабаецца, але гэты сусед не стварае пагрозы для нацыянальнай бясьпекі іншых краін. Чаго нельга сказаць пра Расею. То бо Расея зьяўляецца такой пагрозай. І таму я пажадаў бы Беларусі, улічваючы такія абставіны, захоўваць нэўтралітэт і дапамагчы разьвеяць усе засьцярогі, зьвязаныя з гэтым цесным вайсковым супрацоўніцтвам з Расеяй.
— На форуме прагучала заява прадстаўніка МЗС Беларусі, што краіна ня будзе імкнуцца ў Эўразьвяз.
— Гэтыя заявы ня новыя. Для мяне гэта не было нечаканым.
Сёлетні Менскі форум быў падрыхтаваны Нямецка-беларускім таварыствам (dbg) у партнэрстве з Фондам імя Конрада Адэнаўэра (KAS), Фондам імя Фрыдрыха Эбэрта (FES), Фондам нямецка-польскага супрацоўніцтва, Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Яганэса Раў (IBB) і Офісам эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі. Ён праводзіўся пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Нямеччыны і нямецкай амбасады ў Беларусі.